Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыбыў намесьнік дырэктара эўрапейскага дэпартамэнту Міжнароднага валютнага фонду Юха Кяхкёнэн, які возьме ўдзел у перамовах зь беларускім бокам адносна стабілізацыйнага крэдыту ў 2 мільярды даляраў.


Нагадаем, такую суму афіцыйны Менск просіць у МВФ для стварэньня “падушкі бясьпекі” ва ўмовах фінансавага крызысу.

Лёс крэдыту МВФ для Беларусі будзе вядомы на наступным тыдні. Пакуль ў сталым Прадстаўніцтве МВФ у Менску не падаюць ацэнак місіі Міжнароднага валютнага фонду адносна эканамічнай сытуацыі ў краіне.Перад пачаткам перамоваў па крэдыту, а місія пачала працу ў Менску 27 кастрычніка, у кіраўніцтве МВФ заявілі, што ўсясьветны крызыс адмоўна паўплываў на эканоміку Беларусі, на доступ да зьнешняга фінансаваньня. У той жа час зьмена каньюнктуры ў міжнародным гандлі нэгатыўна паўплывала на плацёжны балянс краіны.

Паводле былога старшыні Нацбанку Беларусі Станіслава Багданкевіча, у Беларусі няма фінансавага, а ёсьць эканамічны крызыс.Таксама спадар Багданкевіч называе прычыну магчымай дэвальвацыі беларускага рубля: гэта дэфіцыт гандлёвага балянсу.

Станіслаў Багданкевіч
“У нас ужо імпарт з Расеі перавышае экспарт на 9 мільярдаў даляраў. Таму калі б краіна разьвівалася па нармальных рынкавых законах, то трэба было б дэвальваваць нацыянальную валюту. Але гэта пакуль што ня робіцца, бо мы бярэм крэдыты ў валюце. Такім шляхам можна адтэрмінаваць паніжэньне кошту нацыянальнай валюты”.

Пакуль што на рахунках Міністэрства фінансаў застаецца 1,5 мільярдны расейскі крэдыт, які ператварылі ў нацыянальную валюту. З дапамогай новага расейскага крэдыту ў 2 мільярды даляраў афіцыйны Менск плянуе не дапусьціць абвалу беларускага рубля. Яшчэ адзін крэдыт ад МВФ таксама можа дапамагчы адсунуць крызыс. Аднак рызыка, паводле Станіслава Багданкевіча, застаецца.

“Да новага году ў нас ня будзе дэвальвацыі рубля і ніякіх вялікіх праблемаў. У наступным годзе яны пачнуцца, асабліва, калі Расея падніме цэны на газ. Бо стратных прадпрыемстваў будзе ўжо палова. Ніякімі зьнешнімі крэдытамі гэта не перакрыеш”.

Тым часам у саюзнай Расеі ўлады рыхтуюцца да сацыяльнай напружанасьці і патэнцыйнага разгулу злачыннасьці, выкліканага фінансавым крызысам. Расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што насельніцтва яшчэ адчуе наступствы глябальнага фінансавага крызысу, якія будуць дастаткова працяглымі. Працадаўцы аб’яўляюць пра зьніжэньне заробкаў і скарачэньне пэрсаналу. Фінансавы крызыс пакіне беспрацоўнымі ня толькі расейцаў, але і дзесяткі тысяч гастарбайтараў, у тым ліку зь Беларусі.

Былы прэм’ер-міністар Беларусі Вячаслаў Кебіч не выключае ўплыву нэгатыўных тэндэнцый у Расеі на эканоміку Беларусі:
“Калі мы гандлюем з Расеяй, то гэта адно другога абавязкова будзе тычыцца.

Вячаслаў Кебіч
У любым выпадку гэты крызыс цягам аднаго месяца ня пройдзе. Гэты працэс доўгатэрміновы. Ён назапашваўся даўно і цяпер выліўся. І каб яго патушыць, патрэбны час”.

Вячаслаў Кебіч мяркуе, што наступствы ўсясьветнага фінансавага крызысу закрануць і Беларусь. Аднак “пакуль зьнешне гэта не адчуваецца”:

“Гэта можа тычыцца толькі банкаўскай сыстэмы. А што тычыцца ўзьдзеяньня яго на цэны, на жыцьцё людзей, то пакуль не”.
Тым часам ужо трэці месяц запар у Беларусі працягваецца скарачэньне золатавалютных рэзэрваў. Паводле стандартаў МВФ, за кастрычнік міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі паменшыліся на 68,1 мільёна даляраў. На 1-е лістапада яны склалі 4 мільярды 51,8 мільёна даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG