Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад — за вяртаньне “шэрых схемаў”?


У Беларусі можа вярнуцца практыка бартэрных дачыненьняў паміж суб’ектамі гаспадараньня. Пра гэта заяўлена на ўзроўні кіраўніцтва ўраду.

Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў, што ва ўмовах фінансавага крызісу аднаўленьне бартэрнай практыкі 1990-х — прымальны спосаб для таго, каб не дапусьціць назапашваньня на складах гатовай прадукцыі.

Як лічыць эканаміст Сяргей Балыкін, ва ўмовах рынкавай эканомікі няма асаблівай розьніцы, якім чынам гандляваць сваім таварам. Аднак ён нагадвае, што рынкавая эканоміка ў Беларусі так і не сфармавалася, таму і змаганьне з бартэрам мела адрасную скіраванасьць:

“Барацьба, якая вялася супраць бартэру, была абумоўленая фіскальнымі мэтамі. Такім чынам прадпрыемствы маглі хаваць свой прыбытак і не плаціць падаткі. Калі разьлічвацца грашыма, то схаваць грошы нашмат цяжэй, таму і спрабавалі змагацца з бартэрам. Іншая прычына — прадпрыемствы атрымлівалі тавар, але ня мелі “жывых грошай”. Дый кошты тавараў пры бартэрным абмене былі досыць высокія. Але калі казаць з пазыцыі рынку, то няма ніякай розьніцы, у чым атрымаць плату за тавар. Галоўнае, каб гэта на карысьць ішло прадпрыемству”.

Карэспандэнт: “Бартэр прадугледжвае скарачэньне грашовага абароту. Ці адаб’ецца гэта на заробках? Ці не атрымаецца, што зноў людзі будуць атрымліваць ня грошы, а прадукцыю свайго прадпрыемства?”

Балыкін: “Так, і гэта ёсьць выдаткі такой формы працы. Але калі прадукцыю не бяруць інакш, як толькі такім чынам, то што рабіць? Калі попыт скарачаецца, нічога не застаецца, як зьмяншаць свае патрэбы… Працоўны кодэкс кажа, што натуральная аплата працы дапускаецца толькі са згоды супрацоўніка. Калі працаўнік хоча атрымаць заробак, прыкладам, роварамі, ну дык чаму не? А калі не — то яго нельга і прымусіць. Але ж нашага чалавека можна прымусіць да ўсяго”.
Натуральная аплата працы дапускаецца толькі са згоды супрацоўніка.


У сваю чаргу, ускосна да пераходу на бартэрныя адносіны штурхае нядаўняе прадпісаньне Нацыянальнага банку, які зьмяніў правілы рэалізацыі замежнай валюты. Цяпер вытворцы пры набыцьці валюты за тры працоўныя дні павінны прадставіць у банк абслугоўваньня запыт аб суме замежнай валюты, а таксама пазначыць мэтавае прызначэньне меркаванага плацяжу з указаньнем найменьняў тавару. Некаторыя экспэрты бачаць у гэтым пагрозу таго, што Нацбанк фактычна ўводзіць забарону на набыцьцё валюты на ўнутраным рынку паводле кантрактаў, якія прадугледжваюць перадаплату. Іншымі словамі, будуць задавольвацца толькі заяўкі на валюту ў разьліках за ўжо пастаўлены ў Беларусь тавар.

Старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Фэлікс Чарняўскі лічыць, што ва ўмовах эканамічнага крызісу падобныя захады апраўданыя. Ужо цяпер назіраецца вымываньне зь Беларусі валюты — некаторыя расейскія ды ўкраінскія суб’екты гаспадараньня перайшлі на разьлікі ў беларускіх рублях, дзеля таго каб потым набыць у Беларусі “танную валюту”. Грыўна і расейскі рубель імкліва страчваюць вартасьць, тады як курс беларускага рубля да даляра застаецца адносна стабільным:

“Фінансавы крызіс у сьвеце, а Беларусь жа не аддзеленая ад сьвету, яна такі ж удзельнік сусьветных эканамічных сувязяў і адносінаў, як і ўсе астатнія краіны. Прычым, як малая краіна, яна яшчэ ў большай ступені зьяўляцца адкрытай эканомікай, чым вялікая эканоміка. Таму, канечне, крызіс закранае вытворцаў, закранае магчымасьці рэалізацыі нашай прадукцыі за мяжой. І, натуральна, зьніжае магчымасьці атрыманьня валюты звонку. Адпаведна, даводзіцца вырашаць пытаньні імпарту больш узважана. Таму я бачу менавіта ў гэтым асноўную прычыну. Пакупніцкая здольнасьць за мяжой пачала падаць. Так, МВФ прагназуе па разьвітых краінах нават спад прамысловай вытворчасьці ў будучым годзе. А па краінах з эканомікай, якая разьвіваецца, — запавольваньне тэмпаў эканамічнага разьвіцьця”.

Учора кіраўніцтва расейскага Цэнтрабанку прызнала, што дэвальвацыя расейскага рубля — непазьбежнасьць. Прадстаўнікі банку толькі паабяцалі, што яна ня будзе надта рэзкай. За два папярэднія месяцы афіцыйны курс даляра ў Расеі ўжо вырас на 15%. Беларускія экспэрты перакананыя: сьледам за прагназаванымі працэсамі ў Расеі істотна патаньнее і беларускі рубель — у Беларусі нацыянальная валюта таксама прывязаная да амэрыканскага даляра.

Дарэчы, сёньня таргі па даляры на Беларускай валютна-фондавай біржы не праводзіліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG