Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочацца грошай і павагі


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 7 лістапада.


Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў выступіў са сваім першым пасланьнем. Пра якія тэндэнцыі ў расейскай палітыцы можна меркаваць з гэтага выступу? Як паўплывае на ваенна-стратэгічнае становішча Беларусі намер Крамля разьмясьціць ракеты “Іскандэр” у Калінінградзкай вобласьці? Чаго можна чакаць ад паседжаньня вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы?

Удзельнікі: дацэнт Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў з Масквы і шэф-рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько зь Менску.


Тэндэнцыі ў расейскай палітыцы

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Цяперашняе пасланьне прэзыдэнта Расеі чакалася з асаблівай цікавасьцю таму, што, па-першае, гэта быў першы ў такім жанры выступ новага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева. Па-другое, Каўкаская вайна вызначыла новы геапалітычны расклад у сьвеце, новае пазыцыянаваньне Расеі. Па-трэцяе, адбыліся новыя важныя падзеі ў міжнародных працэсах: ідзе сусьветны фінансавы крызіс, неўзабаве мае зьмяніцца прэзыдэнт ЗША. Пра якія тэндэнцыі ў палітыцы Расеі можна меркаваць, зыходзячы з пасланьня Мядзьведзева?”

Андрэй Суздальцаў
Андрэй Суздальцаў: “Замежнапалітычная канцэпцыя Расеі, сфармаваная пры Пуціну, не зьмянілася пры новым прэзыдэнту. Памяняліся толькі акцэнты.

У прыватнасьці, упершыню Масква ўвязала праблему бясьпекі, зьвязаную з вайной на Каўказе, з глябальным фінансавым крызісам і абвясьціла галоўным вінаватым у абедзьвюх праблемах амэрыканскую адміністрацыю Буша.

Само пасланьне, асабліва замежнапалітычная частка, было напорыстым, жорстка былі пастаўленыя пытаньні пра абарону інтарэсаў Расеі. Яно насіла характар выкліку новаму амэрыканскаму прэзыдэнту. Але Расея тут не адзінокая. З падобнымі пасланьнямі выступаюць цяпер і іншыя палітычныя лідэры сьвету”.

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько: “З пасланьня застаецца незразумелым расклад сілаў у расейскай вярхоўцы. Скажам, праект канстытуцыйнай рэформы,
Беларусь застаецца полем змаганьня, а ня полем супрацоўніцтва паміж Захадам і Расеяй.
які быў нечакана агучаны, ён пад каго: пад Мядзьведзева ці пад Пуціна?

У цэлым пасланьне засьведчыла, што захоўваецца ранейшы курс на аўтарытарнае кіраваньне. Новыя прапановы пра канстытуцыйныя зьмены ідуць уразрэз з эўрапейскімі ўяўленьнямі пра дэмакратыю.

Расея па-ранейшаму разглядае сябе як канкурэнта, а можа і непрыяцеля Захаду. У такім выпадку Беларусь застаецца полем змаганьня, а ня полем супрацоўніцтва паміж Захадам і Расеяй”.


Ваенна-стратэгічныя аспэкты

Карбалевіч: “Зьвернем увагу на ваенна-палітычныя аспэкты пасланьня, якія наўпрост датычаць Беларусі. Мядзьведзеў казаў пра намер разьмясьціць ракеты “Іскандэр” у Калінінградскай вобласьці. І тут узьнікае некалькі пытаньняў. Пасьля выбраньня прэзыдэнтам ЗША Абамы пытаньне пра разьмяшчэньне элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі завісла. У такім выпадку ракеты “Іскандэр” — гэта прадмет торгу з ЗША ці яны будуць разьмешчаны там у любым выпадку?

Ці азначае гэта, што тэрыторыя Беларусі больш не разглядаецца ў пляне расейскага адказу на амэрыканскія вайсковыя праекты? Дарэчы, у пасланьні ня згадвалася пагадненьне аб стварэньні адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) Беларусі і Расеі. Як вы маглі б пракамэнтаваць гэтыя ваенна-стратэгічныя аспэкты?”

Суздальцаў: “Ужо колькі гадоў таму і беларуская ўлада, і апазыцыя ўпарта кажа пра тое, што Расея плянуе выкарыстаць тэрыторыю Беларусі як пляцдарм для асымэтрычнага адказу на элемэнты супрацьракетнай абароны (СРА) ЗША ў Эўропе. Але так пытаньне не стаяла ніколі”.

Карбалевіч: “На гэта намякаў амбасадар Расеі ў Беларусі Сурыкаў, ужо ня кажучы пра расейскіх ваенных экспэртаў”.

Суздальцаў: “Не, Сурыкаў казаў, што пытаньне стаіць пра ядзерную зброю. Але гэтае пытаньне закрытае міжнароднымі пагадненьнямі. Таму размовы пра гэта — фікцыя”.

Што тычыцца СПА, то, па-першае, гэтая сыстэма часткова працуе. Існуе абмен інфармацыяй, беларускія вайскоўцы трэніруюцца на палігонах Астраханскай вобласьці.

Па-другое, адзіная сыстэма СПА ня ёсьць адказам на амэрыканскую СРА. Комплексы С-300, якія знаходзяцца на ўзбраеньні Беларусі, у лепшым выпадку могуць зьбіваць ракеты “Скад”, якіх няма ў Эўропе. Дамова аб стварэньні адзінай сыстэмы СПА была
Заява Мядзьведзева пра намер разьмясьціць ракеты “Іскандэр” у Калінінградзкай вобласьці выклікала ў Беларусі ўздых палёгкі.
падрыхтавана яшчэ 10 гадоў таму. І не было сэнсу згадваць пра гэта ў пасланьні”.

Дынько: “Заява Мядзьведзева пра намер разьмясьціць ракеты “Іскандэр” у Калінінградзкай вобласьці выклікала ў Беларусі, у адрозьненьне ад Польшчы ці Літвы, уздых палёгкі. Бо многія баяліся, што Расея будзе навязваць разьмяшчэньне іх у Беларусі. У такім выпадку наша краіна была б уцягнутая ў непатрэбнае ёй супрацьстаяньне.

Нават беларускія ўлады даволі стрымана зрэагавалі на пляны ЗША разьмясьціць элемэнты сваёй СРА ў Польшчы і Чэхіі. Бо яны Беларусі не пагражаюць.

Але ці дойдзе справа да рэалізацыі рашэньня разьмясьціць ракеты “Іскандэр” у Калінінградзкай вобласьці? Бо фінансавы крызіс разьвіваецца, і ці хопіць у Расеі грошай на гэтую апэрацыю? Таксама — ці хопіць грошай у ЗША пабудаваць свае аб’екты ў Польшчы і Чэхіі?”


Пытаньні паседжаньня вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы

Карбалевіч: “У чацьвер Аляксандар Лукашэнка прыняў дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна, абмяркоўваліся пытаньні парадку дня плянаванага паседжаньня вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы. На мінулым тыдні падчас нарады Лукашэнка казаў, што на гэтым паседжаньні ў Маскве трэба абмяркоўваць важныя, галоўныя пытаньні беларуска-расейскіх дачыненьняў. А калі на парадак дня выносіцца драбяза, то ня варта і зьбірацца.

Прыкладна гэтую ж думку Лукашэнка паўтарыў і падчас сустрэчы з Барадзіным. Гэта, мусіць, азначае, што расейскі бок не жадае абмяркоўваць прынцыповыя пытаньні, з прычыны тупіковасьці, беспэрспэктыўнасьці іх вырашэньня, а Беларусь настойвае”.

Суздальцаў: “Беларускі бок у дачыненьнях з Масквою выкарыстоўвае звыклую абойму аргумэнтаў. У
Трэба прызнаць, што Беларусь уступіла ў пэрыяд крызісу, прыняць канкрэтную антыкрызісную праграму, а ня проста разважаць пра лібэралізацыю эканомікі.
адной сытуацыі выкарыстоўвае адзін аргумэнт, у іншай — другі. Дарэчы, я згодзен са сп. Дынько, што невядома, ці будзе стварацца СРА ЗША ў Эўропе, ці будуць разьмешчаны ракеты “Іскандэр” у Калінінградзкай вобласьці.

У Менску ўпэўненыя, што ёсьць пытаньні (напрыклад, Канстытуцыйны акт), якія могуць Маскву заахвоціць, стаць прынадай. А пад іх можна вырашыць тыя праблемы, у якіх зацікаўлены Менск. Цяпер Беларусі патрэбныя грошы. Каб іх атрымаць і адначасова праскочыць міма саюзьніцкіх абавязкаў (прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі), Менск выцягвае Канстытуцыйны акт, махае ім перад Масквою і імкнецца атрымаць грошы.

Таго 1 мільярду даляраў крэдыту, які Расея абяцала даць да канца году, вельмі мала. Ёсьць праблемы з атрыманьнем грошай ад МВФ. Бо трэба прызнаць, што Беларусь уступіла ў пэрыяд крызісу, прыняць канкрэтную антыкрызісную праграму, а ня проста разважаць пра лібэралізацыю эканомікі”.

Дынько: “За гэтымі заявамі Лукашэнкі стаіць прага грошай і прага павагі. Яны ўпісваюцца ў дэмагагічны стыль беларускага кіраўніцтва — гаварыць шмат гучных словаў. Але нічога новага ў беларуска-расейскай інтэграцыі не адчуваецца. Між тым беларускае кіраўніцтва дасягнула немалых посьпехаў у кірунку дурэньня галавы Захаду. Адначасова Менск імкнецца шантажаваць Маскву, каб атрымаць танныя кошты газу наступным годам”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG