Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі прэзыдэнт Д.Мядзьведзеў прапанаваў павялічыць тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў у гэтай краіне з чатырох гадоў да шасьці.


Пра гэта ён заявіў у штогадовым пасланьні фэдэральнаму сходу.

Дзьмітрый Мядзьведзеў адзначыў, што “гаворка ідзе не пра канстытуцыйную рэформу, а менавіта пра карэкціроўку Канстытуцыі”. Нагадаем, апошні раз у Беларусі Канстытуцыю падпраўлялі ў 2004 годзе, калі была выдалена фармулёўка пра тое, што адзін і той жа чалавек можа займаць пасаду прэзыдэнта ня больш за два разы. У расейскай канстытуцыі гэтае абмежаваньне засталося. Затое цяпер прапануецца павялічыць тэрмін прэзыдэнцтва на два гады. Дык ці можа афіцыйны Менск у рамках “саюзнай краіны” пераняць гэтую расейскую ініцыятыву? Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік сказаў:

Для мяне гэта пытаньне, якое непасрэдна ня тычыцца народу і заканадаўства Рэспублікі
Беларусь
“Рэспубліка Беларусь — гэта сувэрэнная дзяржава. І пакуль у нас яшчэ няма настолькі ўніфікаванага заканадаўства, якое абавязвала б усе крокі адной дзяржавы паўтараць другой. Таму гэта пытаньне толькі заканадаўцаў і беларускага народу, які можа зьмяняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Калі гэтага захоча беларускі народ, тады гэта можна расцэньваць як ідэю, якая вартая абмеркаваньня. Пакуль такой ідэі ў беларускага народу не было. Гэта ініцыятыва расейскага боку, яна тычыцца расейцаў. І таму няхай яны на гэта неяк і рэагуюць. Для мяне гэта пытаньне, якое непасрэдна ня тычыцца народу і заканадаўства Рэспублікі Беларусь”.

А ці можа, да прыкладу, аб’яднаньне “Белая Русь” выйсьці з такой ініцыятывай? Адзін зь лідэраў аб’яднаньня “Белая Русь”, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Шацько адзначыў:

“Белая Русь” з такой ініцыятывай наўрад ці выйдзе, каб павялічыць прэзыдэнцкі тэрмін. Бо ёсьць іншы пасыл, мы тэрмін не абмяжоўвалі: рэфэрэндумам вызначана колькасьць тэрмінаў. Таму павялічваць гэтыя тэрміны сэнсу, відаць, няма. Для Беларусі гэта тэма ніякая. Для Расеі, магчыма, так. Мы вось зьбярэмся з расейскімі парлямэнтарамі і будзем абмяркоўваць і гэтую тэму таксама”.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч нагадаў, што ў 1996 годзе Аляксандар Лукашэнка фактычна працягнуў свае паўнамоцтвы на два гады, і ягоны першы прэзыдэнцкі тэрмін цягнуўся 7 гадоў. Але зноў мяняць канстытуцыю, каб падоўжыць тэрмін прэзыдэнцтва, цяпер для Аляксандра Лукашэнкі ня мае сэнсу:

У нашых умовах гэта азначае, што ён можа быць прэзыдэнтам рэальна столькі, колькі ён захоча
“Ён можа балятавацца па канстытуцыі цяпер неабмежаваную колькасьць разоў у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. У нашых умовах гэта азначае, што ён можа быць прэзыдэнтам рэальна столькі, колькі ён захоча. У нас як бы вечнасьць — нічым нішто не абмежавана. А калі вечнасьць, дык нашто там пускацца ў такія драбніцы? Ён ужо больш, чым Леанід Ільіч, кіруе. Лукашэнка ўносіў зьмены ў Канстытуцыю: была цалкам перакроена Канстытуцыя ў пляне падзелу галінаў улады. І мэханізмы ўзаемнага кантролю над галінамі ўлады былі цалкам зьнішчаны”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў нагадаў, што ў ЗША прэзыдэнт абіраецца на чатыры гады, і калі ён працуе пасьпяхова, то грамадзяне яго пераабіраюць. Што да ініцыятывы Мядзьведзева, ён адзначыў, што Расея ўжо ня першы раз пераймае беларускі вопыт, і далёка ня самы лепшы.

“Гэта проста бізантыйская сыстэма — як мага болей павялічыць тэрмін знаходжаньня чалавека ва ўладзе. У дадзеным выпадку я не выключаю, што пачынаецца нейкае супрацьстаяньне паміж Мядзьведзевым і Пуціным”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG