Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск хочуць “прывязаць” да Масквы праз расейскі рубель



У сваім першым пасланьні Фэдэральнаму сходу прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заклікаў зрабіць нацыянальны рубель моцнай рэгіянальнай валютай. Расейскі кіраўнік хоча перайсьці ў разьліках з многімі краінамі, найперш СНД, з амэрыканскага даляру на расейскі рубель. Ці пагражае гэта ініцыятыва фінансавай сыстэме Беларусі?

Афіцыйная статыстыка сьведчыць: сёлета толькі за першыя 9 месяцаў дэфіцыт Беларусі ў гандлі з Расейскай Фэдэрацыяй склаў 8 мільярдаў даляраў. Аднак прафэсар Станіслаў Багданкевіч, які ўважліва сочыць за фінансавай сытуацыяй, цьвердзіць: на сёньняшні дзень лічба павялічылася ўжо да 9 мільярдаў даляраў.

Станіслаў Багданкевіч
Былы старшыня Нацыянальнага банку гаворыць: найперш, трэба ведаць, якую валюту хочуць атрымліваць у Маскве за гандлёвы дэфіцыт:

“Патрэбна ж нечым плаціць! Расейскіх рублёў у нас столькі ня будзе. І калі яны хочуць прымусіць нас даляры і эўра, якія Беларусь зарабляе на Захадзе, спачатку канвэртаваць у расейскія рублі, а пасьля разьлічвацца, дык нам гэта невыгодна. Таму што на абменных апэрацыях мы будзем несьці вялікія страты”.

Прыкладам, сёньня, каб канвэртаваць даляры ў рублі, патрэбна заплаціць ад 3 да 5% ад сумы. І калі ўзяць тыя ж 9 мільярдаў даляраў, дык страты выліваюцца ў сотні мільёнаў даляраў.

Аляксандар Сурыкаў
Падобна, што ініцыятыва расейскага прэзыдэнта рыхтавалася загадзя. Так, амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў казаў, што беларусам неабходна мець запас расейскіх рублёў, на сваёй прэсавай канфэрэнцыі яшчэ ў жніўні:

“Структура плацёжнага балянсу Беларусі наводзіць на размовы аб адзіным плацёжным сродку, то бок, аб адзінай валюце. Да гэтага прымушае адмоўны балянс з Расеяй у памеры 6 мільярдаў даляраў толькі за першае паўгодзьдзе — можна зразумець, якім ён будзе напрыканцы году.

Палітычна, шчыра кажучы, на мой погляд, нам нічога не перашкаджае пачынаць такую размову. Таму што Эўразьвяз існуе без Канстытуцыі, але ў эўразоне”.

Андрэй Фёдараў
Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць: новая ініцыятыва Крамля скіраваная на тое, каб яшчэ больш прывязаць да Расеі іншыя краіны СНД, найперш Беларусь:

“Наўпрост у палітыцы не атрымліваецца. Таму выкарыстоўваюцца ўсе іншыя магчымасьці. Расея хоча прывязаць нас да сябе, уцягнуць у зону свайго эканамічнага ўплыву. Магчыма, гэта цяпер самае галоўнае. Трэба толькі пачаць, а потым яно ўжо само пойдзе.

Фармальнага далучэньня Беларусі да Расеі, можа, і ня будзе. Але тое, што Беларусь у палітычным сэнсе будзе цалкам залежаць ад Расеі — гэта не выключана. Менавіта гэта, хутчэй за ўсё, на дадзены момант і зьяўляецца галоўнай мэтай Масквы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG