Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С. Багданкевіч: “Пераход на расейскую валюту супярэчыць канстытуцыі”


Іна Студзінская, Менск Старшыня Дзяржаўнай думы Расеі Барыс Грызлоў у панядзелак у Менску, на паседжаньні сумеснай двухбаковай камісіі ў пытаньнях падрыхтоўкі праекту канстытуцыйнага акту так званай саюзнай дзяржавы заклікаў актывізаваць працу. Паводле Грызлова, “сёньня мы знаходзімся ў такім стане, калі дзьве дзяржавы – Расея і Беларусь – аб’ядноўваюцца ў адну”. Што думаюць беларускія палітыкі пра "адзіную валюту" і "саюзную дзяржаву"?

Ужо празь месяц пройдзе наступнае паседжаньне двухбаковай камісіі, якая вынесе праект канстытуцыйнага акту на разгляд Найвышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы. Нагадаем, што канстытуцыйны акт пачалі рыхтаваць яшчэ пры канцы 1999 году. Абодвума бакамі прапаноўвалася некалькі варыянтаў праекту, але ніводзін не прайшоў, кансэнсус так і застаўся марай. Учора за аснову быў узяты праект, выпрацаваны яшчэ ў 2003 годзе. Такім чынам, чыноўнікі чарговым разам вырашылі паскорыць млявы і марудны працэс аб’яднаньня дзьвюх краінаў.

Ці не азначае аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў адзіную дзяржаву страты сувэрэнітэту?

Меркаваньне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Касьцяна:

(Касьцян: ) “Ніякіх парушэньняў канстытуцыі альбо ліквідацыі нашага сувэрэнітэту не прадугледжваецца”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж калі будзе прыняты канстытуцыйны акт, то трэба будзе ўносіць зьмены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь?”

(Касьцян: ) “Вядома, нейкія зьмены будуць унесеныя, але толькі пасьля таго, як будзе прыняты канстытуцыйны акт на рэфэрэндуме і ў Расеі, і ў Беларусі. Згодна з тым першапачатковым дакумэнтам – я маю на ўвазе канстытуцыйны акт – не прадугледжваецца ліквідацыя сувэрэнітэту. Беларусь застанецца сувэрэннай дзяржавай, але нейкія дзяржаўныя функцыі будуць перададзеныя саюзнаму ўраду”.

Усе экспэрты прызнаюць, што многія дзяржаўныя функцыі могуць быць перададзеныя магчымаму саюзнаму ўраду. Няўжо гэта ня страта сувэрэнітэту?

На гэтае пытаньне я папрасіла адказаць былога судзьдзю Канстытуцыйнага суду кандыдата юрыдычных навук Валер’я Фадзеева.

(Фадзееў: ) “Тут яшчэ трэба ведаць, што ж спадар Грызлоў мае на ўвазе пад гэтым – аб’яднаньне ў адну дзяржаву. Мы ўжо гэта праходзілі: саюзная дзяржава, саюз дзяржаваў... Калі аб’яднаньне ў адну дзяржаву, і маюць на ўвазе агульную дзяржаву, то тут ёсьць праблемы. Калі мы гаварылі: саюзная дзяржава, – там адно мелі на ўвазе. Але калі фэдэрацыя, канфэдэрацыя, то частка сувэрэнітэту павінна перадавацца гэтаму аб’яднаньню. І, такім чынам, адбудзецца нейкая страта. Сапраўды, калі мы частку нечага аддаем камусьці, мы страчваем самі”.

Як пра важную ўмову аб’яднаньня дзяржаваў увесь час гавораць пра ўвядзеньне адзінай валюты. Называлі ўжо некалькі тэрмінаў – 1 студзеня 2005 году, потым адклалі на 2006-ы год, затым абвясьцілі, што пераносіцца на больш позьні тэрмін праз тэхнічныя прычыны. Цяпер Барыс Грызлоў ізноў падкрэсьліў: менавіта ўвядзеньне адзінай валюты дазволіць зрабіць “вельмі важны крок у будаўніцтве саюзнай дзяржавы”.

Экс-старшыня Нацыянальнага банку Беларусі прафэсар Станіслаў Багданкевіч магчымы пераход на адзіную валюту ацэньвае адназначна:

(Багданкевіч: ) “Пераход на расейскую валюту, на валюту суседняй дзяржавы азначае, безумоўна, страту часткі эканамічнага сувэрэнітэту. Хаця гэта яшчэ ня страта сувэрэнітэту цалкам. Гэта супярэчыць дзейнай канстытуцыі. Проста, падкрэсьліваю, гэта супярэчыць канстытуцыі. І калі спадар Грызлоў лічыць, што Беларусь павінна парушыць канстытуцыю нават бязь зьмены яе і перайсьці на расейскі рубель, я б расцаніў гэта як умяшаньне ў нашыя ўнутраныя справы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG