Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На каго нацэляць ”Іскандэры” ў Калінінградзе?


Заява расейскага прэзыдэнта Дзмітрыя Мядзьведзева аб разьмяшчэньні ў Калінінградзкай вобласьці сыстэмы ракет бліжняга радыюсу дзеяньня ”Іскандэр” выклікала непрыхільную рэакцыю з боку НАТА.

Выступаючы з пасланьнем Фэдэральнаму сходу 5 лістапада, прэзыдэнт Мядзьведзеў заявіў, што ў адказ на разьмяшчэньне элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі Расея разьмесьціць ракетны комплекс “Іскандэр” у Калінінградзкім анклаве:

“Для нэўтралізацыі, пры неабходнасьці, сыстэмы супрацьракетнай абароны, у Калінінградзкай вобласьці будзе разгорнуты ракетны комплекс „Іскандэр”.

Робэрт Пшчэль, прэсавы прадстаўнік НАТА, заявіў у той самы дзень, што расейскі крок парушыць ”важныя для эўрапейскай бясьпекі дамоўленасьці аб абмежаваньні ўзбраеньняў”. Пшчэль не ўдакладніў, якія канкрэтна дамоўленасьці маюцца на ўвазе.

Пасьля заканчэньня ”халоднай вайны” сетка дамоўленасьцяў аб узаемным абмежаваньні ўзбраеньняў значна парадзела. У 2002 годзе ЗША выйшлі з дамовы аб абмежаваньні сыстэмаў супрацьракетнай абароны. Расея адказала на гэты крок выхадам з дамовы аб абмежаваньні статэгічных узбраеньняў (START II); тэрмін дзеяньня папярэдніка гэтай дамовы – START I – закончыцца ў сьнежні 2009.

У 2007 годзе Расея прыпыніла свой ўдзел у дамове аб абмежаваньні звычайных узбраеньняў у Эўропе, якая накладала пэўныя рамкі на звычайныя ўзбраеньні і сілы паміж Атлянтыкай і Ўралам. У тым самым годзе расейскія генэралы публічна паставілі пад сумнеў сэнс дамовы аб ліквідацыі ядзерных сродкаў сярэдняга радыюсу дзеяньня.

Расейскую ініцыятыву паставіць ”Іскандэры” ў Калінінградзкай вобласьці прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус назваў незразумелай, а прэм’ер-міністар Латвіі Марыс Рыекстыньш заявіў, што Расея робіць крок назад, у часы „халоднай вайны”.

Данкан Ленакс, экспэрт у справах узбраеньня і выдавец „Jane’s Strategic Weapons Systems”, сказаў нашаму радыё, што ў расейцаў два тыпы ”Іскандэраў” — адзін зь іх мае радыюс дзеяньня 280 кіламэтраў, другі 400 кілямэтраў. Яны здольныя пераносіць боегалоўкі 480-700 кіляграмаў і пападаць у мішэнь з дакладнасьцю да 30 мэтраў.

Ленакс кажа, што ”Іскандэры” з Калінінграду тэарэтычна могуць даляцець да плянаванай амэрыканскай базы супрацьракетнай абароны ў Польшчы, але наўрад ці наробяць шмат шкоды:

„Бо калі амэрыканцы і вырашаць паставіць ракеты ў Польшчы, дык яны будуць у шахтах, і фугасная боегалоўка наўрад ці наробіць шмат шкоды. Толькі неверагодна дакладны і вельмі ўдалы пуск мог бы стварыць нейкія праблемы”.

Ленакс сумняецца, што ”Іскандэры” здольныя даляцець да радару ў Чэхіі — другога асноўнага элемэнту амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Эўропе.

З гэтых прычынаў Ленакс мяркуе, што заява прэзыдэнта Мядзьведзева мае на мэце хутчэй выказаць гнеў Масквы адносна амэрыканскіх плянаў наконт сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе, чым ”нэўтралізаваць” гэтую сыстэму.

XS
SM
MD
LG