Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўзятараў “Зэніту” “кідаюць” з кватэрамі і квіткамі


Фанаты “Зэніта” радуюцца перамозе сваёй каманды ў фінале Кубку УЭФА

Фанаты “Зэніта” радуюцца перамозе сваёй каманды ў фінале Кубку УЭФА

5 лістапада на менскім стадыёне “Дынама” адбудзецца матч групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў паміж футбольнымі камандамі БАТЭ з Барысава і “Зэніт” з Санкт-Пецярбургу. А ўжо сёньня ў Менску зьявіліся першыя піцерскія заўзятары, якія прыехалі падтрымаць свой тытуляваны клюб — мінулагодняга ўладальніка Кубку УЭФА, сёлетняга пераможцу Супэркубку УЭФА, экс-чэмпіёна Расеі.

У раёне Парку Чалюскінцаў прыцягнула ўвагу нятанная “Міцубісі”, літаральна паабтыканая сьцягамі піцерскага “Зэніту”. Побач з машынай стаялі тры маладыя хлопцы, ухутаныя шалікамі ў бела-блакітныя колеры піцерскай каманды:

“Мы езьдзім пастаянна за камандай — ня толькі па Расеі, але і за мяжу. Каманду сваю на выездах амаль заўсёды падтрымліваем, вельмі часта. Калі блізка, то едзем на машыне, калі далёка — то самалётам”.

Карэспандэнт: “А ў Менску вы раней былі, у Беларусі ўвогуле?”

“Не, упершыню. Вось літаральна толькі прыехалі, з дарогі. Хацелася вашу рэспубліку пабачыць”.

Аднак па выглядзе было адчувальна, што фанаты чымсьці разгубленыя. У працэсе размовы аказалася, што знаёмства з Беларусьсю пачалося з непрыемнасьцяў:

“Кватэру хацелі зьняць, але пакуль не атрымліваецца. Замовілі, забраніравалі, а цяпер нам кажуць, што яна ўжо занятая. Вось вырашаем пытаньні жыльлёвыя, трэба неяк знайсьці, дзе пераначаваць. То бок, людзі паабяцалі, кватэру за намі нібыта пакінулі, а толькі што затэлефанавалі і сказалі, што кватэра занятая. Бачыце, ужо з такім сутыкнуліся, вельмі непрыемна”.

Пачынала цямнець і, ня маючы ніякай магчымасьці паспрыяць уладкаваньню фанатаў, я параіў ім зьвярнуцца ў былы гатэль “Дружба”, які цяпер належыць Камітэту дзяржбясьпекі і каля якога яны прыпаркаваліся. Згадка пра
Лічыцца, што фанацкая групоўка Санкт-Пецярбургу, вядомая пад назвай “Неўскі фронт”, — самая задзірыстая ў Расеі.
КДБ увагнала хлопцаў у сапраўдны ступар — маладыя людзі не маглі паверыць, што ў Беларусі жывыя традыцыі, запачаткаваныя “жалезным Фэліксам”. Зрэшты, потым прызналіся, што Менск нагадаў ім некаторыя губэрнскія цэнтры Расеі, у якіх ад савецкага часу засталіся ўсе тагачасныя атрыбуты — ад помнікаў Леніну да адсутнасьці прыкметаў капіталізацыі.

Не спрыялі добраму настрою піцерскіх заўзятараў і шанцы “Зэніту” на пасьпяховы вынік у супрацьстаяньні з БАТЭ — два тыдні таму ў Санкт-Пецярбурзе “Зэніту” толькі цудам удалося пазьбегнуць паразы ад беларусаў:

“Настроеныя рашуча, бо заўсёды трэба верыць у лепшае і спадзяёмся, што пераможам. Сёлета мы ўжо дасягнулі сваёй мэты — Супэркубак узялі. І ў выпадку чаго ня так ужо моцна пакрыўдзімся. Калі зоймем трэцяе месца ў чэмпіянаце Расеі, то будзем задаволеныя. З групы Лігі чэмпіёнаў выйдзем — дык выйдзем. Чакалі, што будзе пэўны спад у каманды. Бо ў такім напружаным графіку вельмі складана гуляць, як гуляў “Зэніт” гэтым летам. Хацелася б, натуральна, каб выйшлі і з групавога этапу, але мы рэальна глядзім на рэчы”.

Беларускія праваахоўныя органы заявілі, што рыхтуюцца да сустрэчы 4 тысячаў расейскіх фанатаў. Мае суразмоўцы лічаць, што гэта ўлічаныя толькі тыя асобы, якія зьбіраюцца ехаць цягнікамі ды аўтобусамі. Але шмат хто, як і яны, прыедуць на прыватных аўтамабілях:

“Павінна быць больш. А каб мы перамаглі БАТЭ ў сябе дома, было б вельмі шмат нашых заўзятараў. Паколькі згулялі ўнічыю, то многія адмовіліся ад паездкі. Да таго ж, гэта будзёны дзень будзе, не ва ўсіх з працай атрымліваецца. Апроч таго, праблема з квіткамі — вельмі мала выдзелілі нам квіткоў. Таму даводзіцца прыяжджаць сюды, шукаць тут квіткі. У Санкт-Пецярбургу зусім мала прадавалася, а ахвотных вельмі шмат. Хоць кошты высокія. Прыкладам, на “Рэал” самыя танныя квіткі былі 5 тысячаў расейскіх рублёў — 200 даляраў”.

Увогуле лічыцца, што фанацкая групоўка Санкт-Пецярбургу, вядомая пад назвай “Неўскі фронт”, — самая задзірыстая ў Расеі. Ці адпавядае гэта рэчаіснасьці?

“Ды не, не. Скажам так, мы ўваходзім у тройку — “Спартак”, ЦСКА і мы. Вось так можна выбудаваць “лідэраў” у гэтым сэнсе ў Расеі. Але ўсё будзе нармалёва. Думаю, ніякіх эксцэсаў быць не павінна. Прынамсі, з боку заўзятараў “Зэніта”. Ня ведаю, як будзе з боку вашых заўзятараў, бо мы асабліва ня ведаем пра іх здольнасьці. Але паглядзім”.

Дарэчы, піцерскія заўзятары не на жарт напужаныя размовамі пра пільнасьць беларускіх міліцыянтаў, якія ў тры кардоны робяць татальны ператрус, не даюць праносіць на стадыён ня тое што алькаголь, але нават “недазволеную сымболіку”, калі гэта не падвезеныя ад імя БРСМ дзяржаўныя сьцягі. Апроч таго, на сваім стадыёне “Пятроўскі” фанаты актыўна карыстаюцца пэтардамі, шашкамі, фаерамі ды іншай дыма-вогненай прадукцыяй, якая катэгарычна забароненая на беларускіх арэнах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG