Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская трыбуна ў Піцеры <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Футбалісты барысаўскага БАТЭ ў Санкт-Пецярбурзе ў групавым турніры Лігі чэмпіёнаў згулялі ўнічыю 1:1 з расейскім “Зэнітам”. На гульню прыехалі каля 800 беларускіх заўзятараў. Некаторыя – зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.


Каманда Віктара Ганчарэнкі захоўвае ў сваёй групе трэцюю пазыцыю з двума ачкамі. Наступную гульню з "Зэнітам" БАТЭ згуляе ў Менску 5 лістапада.



Па гарачых сьлядох сустрэчы групавога раўнду Лігі чэмпіёнаў у Санкт-Пецярбурзе вынік у студыі “Начной Свабоды” абмяркоўвалі Юрась Бушлякоў і Ігар Карней (эфір 21 кастрычніка).

Бушлякоў: Ігар, ці былі надзеі на такі зыход матчу? Бо трэба быць аб’ектыўнымі: для БАТЭ гэта надзвычай добры вынік…

Карней: Надзеі былі, але збольшага прывідныя. Пра гэта напярэдадні гульні казалі шмат якія спэцыялісты, у тым ліку і патрыятычна настроеныя беларускія. Але ад таго, што прагнозы не супалі з рэальнасьцю, мяркую, ніхто не пакрыўдаваў. Такім чынам БАТЭ чарговым разам адкарэктаваў прагнозы каляфутбольных аналітыкаў, якія прадказвалі барысаўцам “абаранак” – нуль ачкоў у шасьці матчах групавога турніру.

Такім чынам БАТЭ чарговым разам адкарэктаваў прагнозы футбольных аналітыкаў, якія прадказвалі барысаўцам нуль ачкоў у шасьці матчах групавога турніру
Нагадаю, першае ачко ў актыве БАТЭ зьявілася пасьля хатняга паядынку з італьянскім “Ювэнтусам” 30 верасьня, і вось – першы выязны бал у матчы з “Зэнітам”.

Па праўдзе кажучы, узыходжаньне БАТЭ вельмі сымптаматычнае. Параза на выезьдзе ад “Рэалу” (досыць чаканая), нічыя на сваім полі з турынцамі (параўнальная з сэнсацыяй), нічыя ў Санкт-Пецярбурзе (зусім не гарантаваная). Паводле лёгікі, цяпер у гэтым ланцугу можна замахвацца на перамогу – наступны матч адбудзецца ў Менску 5 лістапада супраць таго ж “Зэніту”.

Бушлякоў: Аднак пачтак санкт-пецярбурскай сустрэчы не даваў асаблівых спадзяваньняў, хутчэй – наадварот.

Карней: Крыху нагадаю храналёгію матчу. Гульня выдалася вельмі дынамічнай, з узаемнымі вострымі атакамі. Ужо да 20-й хвіліны супернікі двойчы абмяняліся ўдарамі ў штангі, абаронцы БАТЭ некалькі разоў выносілі мяч зь лініі варотаў. У папярочку магутна “стрэліў” партугальскі форвард “Зэніту” Дані. Але самыя цікавыя падзеі, перадусім для беларускіх заўзятараў, пачаліся ў другой палове матчу. Галоўны трэнэр Віктар Ганчарэнка яўна ўгадаў з заменай, і “сьвежы” Павел Няхайчык прыгожа, у падзеньні, замкнуў перадачу партнэраў.

Было зразумела, што такі паварот падзеяў ашаламіў піцерцаў, на якіх з трыбунаў гэтак жа ашаломлена пазіралі губэрнартар “паўночнай сталіцы” Валянціна Мацьвіенка і галоўны спонсар – кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер.

Галоўным складнікам – агульнакамандная воля да перамогі
“Зэніт” усім складам кінуўся ў атаку. Рэальна мог забіць Аршавін, але па дарозе ў пустыя вароты мяч трапіў у нагу гульца сваёй каманды. Празь некалькі хвілінаў пасьля выхаду на поле ледзьве не адзначыўся Паграбняк. Тым ня меней, нягледзячы на такі прэсінг, цягам паўгадзіны беларусы былі наперадзе. Хоць гол, што называецца, насьпяваў.

На 80-й хвіліне рэалізаваў галявы момант турэцкі форвард “Зэніту” Фатых Тэке. Пасьля чаго перад БАТЭ была адна задача – не прапусьціць на апошніх хвілінах, чым часта грашаць і беларускія клюбы, і зборная. Да гонару барысаўцаў – вытрымалі. І пакінулі за сабой трэцяе месца ў групе “Н”. “Зэніт” на радок ніжэйшы. За лідэрства ў групе крыху пазьней змагаліся “Рэал” і “Ювэнтус”; турынцы нечакана нават для спэцыялістаў перамаглі 2:1 і адкінулі мадрыдцаў на другую пазыцыю.

Бушлякоў:
Ігар, вы казалі, што ў пэўным сэнсе БАТЭ пашчасьціла, што не забіваў супернік. А што зрабілі беларусы, каб урэшце нэўтралізаваць “Зэніт”?

Дэбютанту Лігі чэмпіёнаў, падаецца, гэта пакуль што ўдаецца на ўсе сто
Карней:
Несумненна, у некалькіх момантах барысаўцам сапраўды падфарціла. Але галоўным складнікам, на маю думку, – агульнакамандная воля да перамогі. Амбіцыі Віктара Ганчарэнкі, якіх ён і не хавае, падаецца, перакінуліся і на гульцоў. Да таго ж вельмі ўдала ў Піцеры згуляла лінія абароны – Юрэвіч, Сасноўскі, Хагуш неаднойчы выратоўвалі, здавалася, у безвыходных сытуацыях. Але галоўны фактар, паўтаруся, гэта тое, што адзначаюць многія спэцыялісты: Ганчарэнка стварыў калектыў аднадумцаў, які арыентаваны толькі на максымальныя задачы. Дэбютанту Лігі чэмпіёнаў, падаецца, гэта пакуль што ўдаецца на ўсе сто.

Бушлякоў: Нельга не адзначыць, што “Зэніт” усё ж дэманстраваў вельмі якасную гульню…

Карней: Так, “Зэніт” гуляў вельмі клясна. Па шчырасьці, каб піцерам больш пашчасьціла, то вынік гульні мог быць вырашаны ўжо на пачатку першага тайму. Аршавін і Дані ўдвох каштавалі цэлай каманды, а непрабівальны капітан “Зэніту” Цімашчук традыцыйна “цэмэнтаваў” абарону. Але тое, што фартуна дзесьці адвярнулася ад выхаванцаў Дыка Адваката, натуральна, не павінна засмучаць заўзятараў у Беларусі.

Бушлякоў: Што рыхтуе беларускім заўзятарам найбліжэйшая пэрспэктыва Лігі чэмпіёнаў?

Карней:
Праз два тыдні – матч з “Зэнітам” у адказ на менскім стадыёне “Дынама”. На лістапад-сьнежань застануцца яшчэ сустрэчы – з "Рэалам" дома і на выезьдзе зь “Ювэнтусам”. Галоўная задача – застацца прынамсі на трэцім месцы ў групе, што дае магчымасьць працягнуць выступы ў Кубку УЭФА. Але чаму не замахнуцца на большыя вышыні? Амбіцыі Віктара Ганчарэнкі гэтага не выключаюць. Зрэшты, шмат у чым адказ на гэта будзе вядомы 5 лістапада, па выніках матчу з “Зэнітам”.


Пасьля шокавага для расейскіх спэцыялістаў і заўзятараў зыходу гульні на стадыёне “Пятроўскі” самае масавае спартовае выданьне “Спорт-Экспресс” выйшла з загалоўкам на першай паласе: БАТЭ – “Газпром” – 1:1. “Зэніт” – самы багаты футбольны клюб расейскай прэм’ер-лігі, які фінансуе “Газпром”. БАТЭ – фінансавы аўтсайдэр Лігі чэмпіёнаў зь бюджэтам 5 мільёнаў даляраў. У бальшыні эўрапейскіх камандаў больш-менш “засьвечаны футбаліст” каштуе нашмат больш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG