Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пачала з МВФ перамовы наконт выдзяленьня крэдыту на 2 мільярды даляраў. Колькі яшчэ даўгоў можа набраць афіцыйны Менск і хто за іх будзе расплочвацца? Ці могуць цяперашнія эканамічныя захады беларускага кіраўніцтва ўтрымаць курс беларускага рубля і ці трэба гэта рабіць? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць эканамісты Аляксандар Чубрык і Яраслаў Раманчук. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Вядзе перадачу
Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Місія Міжнароднага валютнага фонду пачала перамовы ў Менску зь беларускімі ўладамі адносна выдзяленьня крэдыту на 2 мільярды даляраў. Усе апошнія крокі беларускага кіраўніцтва — здабыты, нарэшце, крэдыт ад Расеі, зварот да МВФ, банкаўскія захады, якія ўжо называюць амністыяй капіталу — кажуць найперш пра тое, што беларускай эканоміцы востра нестае грошай. Ці можна тое, што прадпрымаюць цяпер улады, назваць сур’ёзным рэфармаваньнем фінансавай сфэры, ці гэта тактычныя крокі, якія не закранаюць сацыялістычнай сутнасьці беларускай эканомікі?”


Менск просіць крэдыт для “надзвычайнай сытуацыі”

Раманчук: “Найперш гэта відавочны “сюрпрыз”, што ў беларускай эканоміцы не хапае грошай. Бо, калі паглядзець на бюджэт, то там 4 працэнты прафіцыт. Калі паглядзець на прадпрыемствы, банкі, то ўлады сьцьвярджаюць, што ў нас шмат грошай і ў нас ціхая гавань, куды могуць несьці грошы іншыя. Таму тое, што Менск зьвярнуўся па грошы — гэта сюрпрыз, калі кіравацца афіцыйнай прапагандай. Бо, паводле афіцыйных заяваў, няма ў нас такіх падставаў, як у Ўкраіны, Пакістану, Ісьляндыі, каб прасіць крэдыты.

Яраслаў Раманчук
На самой справе Менск просіць крэдыт “для надзвычайнай сытуацыі”, каб разьвязаць відавочныя праблемы ў плацёжнай і фінансавай сыстэме. Бо калі казаць пра крэдыт stand-by, то там існуе пэўная працэдура — трэба, каб паўгода быў фінансавы маніторынг. А тут гэта іншая лінія, па якой, калі вырашыць Рада МВФ, то крэдыт можа быць выдадзены за 2 тыдні. Як гэта было з Ісьляндыяй, ці з Украінай, якая атрымала 16 мільярдаў.

Так што грошай не хапае, і гэта яшчэ раз падкрэсьлівае думку, што адна рэч — афіцыйная статыстыка, а зусім іншая — рэальнае становішча банкаў і прадпрыемстваў, які ўжо адчулі на сабе подых крызісу і адчуюць яшчэ больш, калі пачне скарачацца расейская эканоміка”.

Цыганкоў: “Раней беларускае кіраўніцтва амаль ня брала замежныя крэдыты. Гэты працэс актыўна пачаў паскарацца апошнія 2—3 гады. У першай палове гэтага году была ўзята рэкордная колькасьць крэдытаў, аднак амаль усе гэтыя грошы пайшлі на пагашэньне старых даўгоў. Колькі можа працягвацца такая палітыка — браць новыя крэдыты, каб аддаваць старыя?”


“Гэта тыя грошы, якія варта ўзяць”

Аляксандар Чубрык
Чубрык: “Дзякуй Богу, Беларусь пакуль ня цалкам прытрымліваецца такой стратэгіі, бо звычайна такія дзеяньні прыводзяць да дэфолту. Як гэта было ў 1998-м у Расеі, якая пазычала грошы і аддавала за старыя крэдыты.

Беларусь зараз хоча пазычыць грошы у МВФ, але гэта будзе, бадай, найлепшы крэдыт, які мы можам узяць. Бо, як ні круці, урад мусіць падпісацца пад тым, што ў абмен на гэты крэдыт будзе праводзіць нейкія рэформы, якія будуць спрыяць стабілізаваньню сытуацыі. Так што гэта тыя грошы, якія варта ўзяць. Я лічу, што мы зьвярнуліся ў правільную ўстанову — магчыма, у нас і атрымаецца.

Цыганкоў: “Курс нацыянальнай валюты стаў пэўным фэтышам для ўлады. Яму не дазваляюць апускацца ні пры якіх умовах. У Беларусі экспартна-арыентаваная эканоміка, і паніжэньне рубля экспартэрам было б выгадна. Чаму ўрад упарта трымае курс, ці правільная гэтая палітыка?”

Раманчук: “Курс рубля стаў пэўным прапагандысцкім паказьнікам стабільнасьці. Урад кажа — “даляр то расьце, то падае, эўра падае, і вось толькі наш рубель стабільны — таму мы ідзем слушным шляхам”. Але тое самае казала Расея да 1998 году, Аргентына, Мэксыка, Турэччына, азіяцкія краіны хваліліся сваім стабільным курсам. А давяло гэта да крызісу, буйной дэвальвацыі, да таго, што краіны доўга залізвалі раны ад такой палітыкі.

Калі сытуацыя радыкальна мяняецца, то штучна трымаць курс няма сэнсу. Таму нам патрэбны ня проста крэдыт МВФ дзеля крэдыту, а патрэбны рэформы. І добра, калі МФВ пераканае нашы ўлады нарэшце пачаць тое, што пачаў урад яшчэ ў 1995 годзе, калі Чыгір і Багданкевіч прывезьлі ў МВФ праграму рэструктурызацыі нашай эканомікі, якую потым Лукашэнка адхіліў. Прайшло 13 гадоў, і мы, па сутнасьці, вярнуліся ў той самы пункт.

Дрэнна, калі курс — гэта рашэньне ўладаў. Трэба, каб было свабоднае рынкавае курсаўтварэньне”.


“Нацбанк будзе трымаць курс да апошняга”

Цыганкоў: “У некаторых абменьніках часам ужо няма даляраў — здаецца, людзі пачынаюць хвалявацца. Як павінна на гэта рэагаваць улада — трымаць курс ці паступова яго апускаць?”

Чубрык: “Улада трымае курс, бо стала закладніцаю сваёй палітыкі. У абменьніках сапраўды пачала зьнікаць валюта, бо час ад часу курс, па якім у Нацбанку купляюць даляры, вышэйшы за афіцыйны. Даўно такога не было. Гэта сьведчыць, што ў банкаў валюты нестае.

У гэтай сытуацыі, калі Нацбанк пачне дэвальваваць рубель, у насельніцтва складзецца ўражаньне — “усё, гамон, дэвальвацыя пачалася”. Грошы будуць здымацца з рахункаў у банках і пераводзіцца ў замежную валюту. Гэтая сытуацыя кепская. Але кепска і гэты рубель трымаць так штучна, як трымае яго Нацбанк.

Зараз сапраўды вельмі цяжка ўтрымаць ня толькі курс, але нават давер да нацыянальнай валюты. Людзям, якія назіраюць тое, што адбываецца ў суседніх краінах, цяжка ўстрымлівацца ад такіх рашэньняў, каб проста забраць грошы і набыць даляры. У гэтай сытуацыі Нацбанк будзе трымаць курс да апошняга, і гэта мэтазгодна з таго пункту гледжаньня, што можа прадухіліць паніку”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG