Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слухайце запіс мітынгу ў полі 30 кастрычніка 1988-га <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 /> <img src="/img/icon-listen.gif" border=0 />


Сёньня 20-ая гадавіна першага масавага шэсьця з нагоды дня памяці продкаў Дзяды. Мы атрымалі ўнікальны 20-хвілінны запіс мітынгу ў полі, які зрабіў археоляг Мікола Крывальцэвіч

УСПОМНІ ДЗЯДЫ-1988


Мікола Крывальцэвіч зрабіў таксама каляровыя здымкі, у тым ліку ўзьняцьця бел-чырвона-белага сьцягу.






Людзі: Ціха!



Уладзімер Арлоў: Сябры, сёньня мы сабраліся, каб памянуць нашых продкаў. Усіх, хто жыў на гэтай зямлі і лёг у яе за 1000 гадоў беларускай гісторыі. Мала знойдзецца на сьвеце народаў, шлях якіх быў бы такім пакутлівым, як шлях беларусаў. Заваёўнікам на працягу стагодзьдзяў удавалася зьнішчаць лепшых людзей Беларусі. Лік гэтых ахвяраў бясконцы -- ад забітага Рагвалода і атручанага князя Уладзімера Полацкага да паўстанцаў 1863 году, выдатных партыйных і савецкіх дзеячоў рэспублікі Мікалая Галадзеда, Алеся Чарвякова і Зьміцера Жылуновіча. Кожнага другога жыхара страціла Беларусь у гады страшных войнаў 17-га стагодзьдзя. Амаль кожнага трэцяга ў ліхалецьці Паўночнай вайны, кожнага чацьвертага ў Вялікай Айчыннай. Мы яшчэ ня ведаем нашых стратаў у гады сталінскага генацыду, але ўжо разумеем, што гэтыя часы сталінскай крывавай вакханаліі, калі вынішчалася лепшая частка грамадзтва, былі разам з фашысцкай акупацыяй самымі жахлівымі старонкамі нашай гісторыі.




Толькі ў Курапатах, па няпоўных яшчэ зьвестках зьнішчана каля 200 тысячаў людзейі розных нацыянальнасьцяў, бязьвінных ахвяраў сталінскага тэрору. Прыйдзе час, і мя ўсьвядомім, што тут пад Менскам у 30-ыя гады адбывалася адна з масывых страшных трагедый 20-га стагодзьдзя. Прыйдзе час, і ў балючай памяці чалавецтва назва Курапаты зойме месца побач з назвамі Бухенвальд і Асьвенцым. Гора тым народам, памяць якіх сьпіць альбо закалыхана дрэмле. Гістарычная памяць разам з роднай мовай -- гэта крылы нацыі. Птушка з абрэзанымі альбо перабітымі крыламі ніколі ня здолее падняцца ў неба. Беспамяцтва спараджае нацыянальны нігілізм і вандалізм, якія спраўляюць свой баль на руінах нацыянальных сьвятыняў.

Беспамяцтва спараджае рабскую псыхалёгію. Успомнім падманутых беларускіх сяланаў, якія выдавалі на расправу ў рукі царскім карнікам паўстанцаў Каліноўскага. Успомнім тых, хто ачмурэла патрабаваў крывавых прысудаў ворагам народу ў 1930-ыя гады. Людзі без памяці і сёньня гатовыя па падказцы сталіністаў абвясьціць самазванцамі і ворагамі перабудовы тых, хто ня хоча мірыцца з фальсыфікацыямі беларускай гісторыі, са зьняважальным становішчам роднай мовы, з пагрозаю экалягічнай катастрофы, сьмяротнае дыханьне якой мы адчулі пасьля чарнобыльскай драмы.

Задумаемся, хто перашкаджае несьці народу праўду пра Курапаты. Задумаемся, з чые маўклівае згоды плянуецца будаўніцтва новай атамнай станцыі на зьнявечанай беларускай зямлі пад Віцебскам. Задумаемся, хто і дзеля чаго сарваў адкрыцьцё ў Менску народнага ўнівэрсытэту гісторыі і культуры Беларусі, якія сілы ўсімі даступнымі ім сродкамі дыскрэдытуюць створанае нядаўна грамадзкае гісторыка-асьветніцкае таварыства "Мартыралёг Беларусі", якое ставіць сьвятую мэту паіменна выставіць колькасьць ахвяраў, што загінулі на беларускай зямлі ў гады сталінскага генацыду.

Сёньня, калі лепшыя сілы партыі і грамадзтва на чале з Міхаілам Гарбачовым вядуць нялёгкую барацьбу за перабудову, мы павінны ясна зразумець, што сілы рэакцыі зробяць усё магчымае, каб пусьціць цягнік дэмакратызацыі пад адкос. Гісторыя дала беларусам бадай апошні шанец -- застацца народам, які жыве на сваёй зямлі і сам вырашае свой лёс. Не выкарыстаць гэты шанец -- значыць учыніць злачынства і перад памяцьцю продкаў і перад наступнымі пакаленьнямі. Ушануем нашых герояў, ушануем мужных і сумленных людзей, што спрадвеку жылі на беларускай зямлі. У гэты надзвычай адказны для будучыні Айчыны час яны побач з намі.
(Воплескі)






Зянон Пазьняк: Сябры, я зачытаю вам дэклярацыю таварыства "Мартыралёг", створанага для высьвятленьня злачынстваў сталіншчыны і высьвятленьня нашых стратаў, усіх загінуўшых у 20-я, 30-я, 40-я, 50-я гады ў час сталінскага тэрору. Вы бачыце, што нашая прэса друкуе толькі аднабаковую інфармацыю тых людзей, якія выступаюць супраць перабудовы, і тое, што мы тут вымушаныя сабрацца за горадам у полі, сьведчыць аб іхняй пазыцыі.

Яны нам нават месца каля нашых продкаў , каля могільніка не далі, але нічога, мы на сваёй зямлі, і яна нас зразумее... (Воплескі)

Вядома, у нас адзін мэтад інфармацыі -- гаварыць вось так, як і трыста, і тысячу гадоў назад. Нічога, выкарыстаем і гэты мэтад. Таму што цераз прэсу мы нават ня можам надрукаваць дэклярацыю таварыства “Мартыралёг”. Я зачытаю яе Вам.

“Сталінізм як антычалавечы і антысацыялістычны дзяржаўна-палітычны рэжым, як тэорыя і практыка нанёс вялізарную шкоду нашаму народу. Сотні тысячаў сыноў і дачок Беларусі былі забітыя і закатаваныя ў сталінскіх турмах, расстраляныя ў месцах масавых забойстваў, памерлі ад непасільнай рабскай працы, ад голаду, холаду і хваробаў у канцлягерах. Сталінскі рэжым прымусова выселіў сотні тысячаў жыхароў нашай рэспублікі ў сібірскую тайгу, на далёкую поўнач, у казахстанскія стэпы, дзе яны былі асуджаныя на выміраньне альбо асыміляцыю. Сталінскія рэпрэсіі канцы 20-х -- пачатку 50-х гадоў вынішчылі ўсё лепшае, актыўнае, разумнае, творчае на нашай зямлі. Сталіністамі былі вынішчаныя ўсе ленінскія кадры камуністычнай партыі, найбольш кваліфікаваныя, сумленныя савецкія дзяржаўныя гаспадарчыя работнікі, сталіністамі была вынішчаная самая працавітая прадпрымальная частка нашага сялянства. Рэшту сельскага насельніцтва дэмаралізавалі страхам, прыгоннай працай і хлусьнёй. Сталіністамі была вынішчаная большая частка сьвядомай беларускай інтэлігенцыі -- пісьменьнікі, вучоныя, іншыя творчыя работнікі. Праводзілася разбурэньне нашай культурнай спадчыны, выцясьненьне роднай мовы з усіх сфэраў грамадзкага жыцьця, чым быў зроблены замах на само існаваньне беларускага народу, як этнічнай асобнасьці. Сталіністы душылі самабытнасьць усіх нацыянальных групаў насельніцтва, што пражывалі ў Беларусі....

Людзі: Нікуды не пойдзем. Сядзем! Ўсе селі... Сядзім, мы нічога ня робім дрэннага...

Пазьняк: ...садзейнічаць выяўленьню поўнай і праўдзівай карціны масавых забойстваў, рэпрэсій і тэрору на Беларусі, каб абудзіць памяць народа, вярнуць яму праўду і справядлівасьць, годнасьць, і тым самым прадухіліць у будучыні паўтарэньня такіх трагедый, не дапусьціць вяртаньня сталінізму. Таварыства памяці ахвяр сталінізму "Мартыралёг Беларусі" ставіць задачу....

...высьветліць прозьвішчы арганізатараў, выканаўцаў і яўных і тайных памагатых масавых рэпрэсій. (Воплескі) Патрабаваць судовага працэсу над Іосіфам Сталіным і яго акружэньнем. (Воплескі). Патрабаваць выкананьня Канстытуцыі і Крымінальнага кодэксу БССР аб адказнасьці за злачынствы сталіншчыны, аб нераспаўсюджаньні на гэтыя злачынствы тэрміну даўнасьці.Стварыць у Менску навуковы дасьледчы асьветніцкі, архітэктурна-мэмарыяльны комплекс памяці ахвяраў камунізму "Мартыралёг Беларусі". У яго павінны ўвайсьці мэмарыяльны ансамбаль у Курапатах, інфармацыйна-дасьледчы цэнтар, музэй, бібліятэка. Ушанаваць помнікамі і абэліскамі памяць замучаных і забітых па ўсёй Беларусі. Адкрыць спэцыяльны рахунак у банку, на які можна будзе перадаваць грошы на помнікі і комплекс "Мартыралёг Беларусі". Выдаваць бюлетэнь "Мартыралёг", дзе будзе адлюстравана праца таварыства. будуць друкавацца дакумэнты, дасьледаваньні. і матэрыялы аб злачынствах сталіншчыны.

Садзейнічаць публікацыі ў друку матэрыялаў аб народнай трагедыі, выпуску адпаведных кнігаў, альбомаў, зборнікаў дакумэнтаў, дакумэнтальных фільмаў, хадайнічаць перад прэзыдыюмам Акадэміі Навук БССР аб выдзяленьні сродкаў для стварэньня пры аддзеле гісторыі сацыялістычнага будаўніцтва Інстытута гісторыі сэктара па дасьледаваньні сыстэмы камунізму і яго злачынстваў. Выяўляць сілы. якія будуць перашкаджаць высьвятленьню праўды пра сталінскія рэпрэсіі і тэрор. Дамагацца тэрміновай падрыхтоўкі і прыняцьця закону аб архівах з указаньнем тэрміну ад 1 да 30 гадоў, пасьля якога архівы і сховішчы дакумэнтаў КДБ, НКУС і іншых установаў павінны быць рассакрэчаныя.






Пазьняк: “Дамагацца ліквідацыі спэцфондаў, усіх праяваў арышту дакумэнтаў кніг і пэрыядычных выданьняў. Паставіць пытаньне аб суровай справаздачнасьці КДБ і МУС перад вярхоўнымі Саветам БССР. (Воплескі)

Дамагацца ад дзяржаўных органаў правядзеньня спрыяльнай сацыяльнай палітыкі ў дачыненьні да пацярпелых ад сталінскага рэпрэсіўнага тэрарыстычнага рэжыму, да непрацаздольных асобаў, іх сем'яў замучаных. Патрабаваць аднаўленьня народных і гістарычных назваў гарадоў, вёсак, вуліц, плошчаў, вяртаньня гістарычнай назвы сталіцы БССР Менск. Вярнуць асаблівасьці правапісу беларускай мовы, зьнявечанага ў 1930-х гадах. Патрабаваць адмены геаграфічных і адміністратыўных назваў, зьвязаных са сталінскім акружэньнем, зьняцьця мэмарыяльных дошак і дэмантажу помнікаў асобам, вінаватых у сталінскіх рэпрэсіях. Вярнуць дзяржаўнасьць беларускай мовы! (Воплескі)

Падтрымліваць ідэі і спрыяць арганізацыі грамадзкага моладзевага руху, накіраванага на выяўленьне месцаў зьнішчэньня і пахаваньня ахвяраў сталіншчыны, на высьвятленьне імёнаў забітых і іх катаў...
Лічыць нацыянальным днём памяці ў Беларусі традыцыйны дзень памінаньня продкаў Дзяды... (Воплескі)

Людзі: Усім сядзець...

Пазьняк: Вось такая дэклярацыя была прынятая 19 кастрычніка на ўстаноўчай канфэрэнцыі таварыства “Мартыралёг”. Як гэта падавалася ў прэсе, вы можаце пачытаць амаль ва ўсіх газэтах акрамя "Літаратуры і мастацтва". А апошні нумар "Літаратуры і Мастацтва" даў аб'ектыўную інфармацыю. Хто не чытаў сёньняшні нумар, хай пачытае і ўбачыць, зь кім яны ня хочуць ісьці па дарозе -- з Васілём Быкавым, з Максымам Танкам, з Нілам Гілевічам, са Стэфаніяй Станютай, творчымі саюзамі, прадстаўнікамі інтэлігенцыі, якія змагаюцца за перабудову.

Зь кім жа ім не па шляху? Вось яны хочуць стварыць канфрантацыю ў нашым народзе, каб перабудова не рухалася. Я хачу яшчэ раз зьвярнуцца -- будзем пільнымі і будзем адказнымі, будзем мудрымі, калі ім не хапае мудрасьці...





Людзі:
Фотаапарат у каго ёсьць? Сфатаграфуй, яны ідуць... няхай ідуць. мы ўсе сядзім... Сядай... Беларусь! Селі, таварышы! давайце сядзем. сядзем перад імі.

(Воплескі)

Пазьняк: Арганізацыйны камітэт ужо прыступіў да сваёй працы. Наша задача -- стварыць праграму Беларускага Народнага Фронту за адраджэньне за перабудову ў Беларусі. Паспрыяць арганізацыі апорных груп падтрымкі. У нас ёсьць адрас, куды пісаць, калі дзе ўтвараецца група падтрымкі....

(Воплескі)










Фотаздымкі з Архіву найноўшай гісторыі
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG