Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці пакінуць беларускім малатабойцам алімпійскія мэдалі?


Сёньня ў швайцарскай Лязане працягнуцца слуханьні ў справе беларускіх кідальнікаў молату, прызэраў Алімпійскіх гульняў у Пэкіне Івана Ціхана і Вадзіма Дзевятоўскага.


Спартоўцы падазраюцца ва ўжываньні допінгу і ў выпадку, калі гэтыя факты будуць даказаныя, атлетаў чакае пакараньне ажно да дыскваліфікацыі. Апроч таго, атлетаў могуць пазбавіць алімпійскіх мэдалёў (у Кітаі Дзевятоўскі заваяваў срэбны мэдаль, Ціхан – бронзавы). Першае пасяджэньне дысцыплінарнай камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэту адбылося 21 верасьня і пасьля шматгадзіннай размовы беларусам далі магчымасьць да 17 кастрычніка даць канчатковыя тлумачэньні адносна грунтоўнасьці падазрэньняў..

Прэтэнзіі да Вадзіма Дзевятоўскага і Івана Ціхана камісары Сусьветнага антыдопігавага агенцтва агучылі ўжо пасьля таго, як атлеты вярнуліся з Кітаю ў Беларусь. У прыватнасьці, кідальнікі молату былі абвінавачаныя ва ўжываньні забароненых прэпаратаў, якія стымулююць мужчынскі гармон тэстастарон.

Па гарачых сьлядох Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі правёў унутранае расьсьледаваньне інцыдэнту і прыйшоў да высновы: абвінавачаньні на адрас Дзевятоўскага і Ціхана надуманыя. Спартоўцы таксама адкідваюць усе падазрэньні на свой адрас і пры адмоўным для сябе выніку маюць намер адстойваюць невінаватасьць у міжнародных інстанцыях.

Як кажа лекар алімпійскай зборнай Беларусі Валерый Бялан, да моманту абвяшчэньня вэрдыкту ў нечым падазраваць спартоўцаў дачасна:

“Любы разумны чалавек, які мае дачыненьне да алімпійскай зборнай, на гэты момант нічога ня скажа, бо няма “сыходнага матэрыялу”. Могуць дзесьці зьбірацца нейкія людзі, але па сутнасьці размова беспрадметная. Што можна адзначыць як станоўчы момант? Хіба тое, што выпадак мусіць быць навукай. У якім сэнсе? З самога факту ўсе зацікаўленыя асобы павінны зрабіць выснову: эвалюцыя мусіць ісьці нашмат далей, чым цяпер у нас. Гэта галоўнае. Зь іншага боку, я сам быў спартоўцам. Таму вельмі шкада іх. Нікому не пажадаю быць у тым становішчы. Калі за адну трэніроўку дзясяткі тонаў пераварочваецца жалеза (і так цягам чатырох гадоў), і пасьля нейкі дзядзька, можа і не зусім чэсна гуляе, робіцца вельмі крыўдна: столькі працы ўкладзена, і чым для чалавека, для прафэсіянала ўсё можа завяршыцца. Гэта прыкра. Я ведаю і аднаго, і другога: гэтыя хлопцы -- колер нашай нацыі”.

Гэта прыкра. Я ведаю і аднаго, і другога: гэтыя хлопцы -- колер нашай нацыі
У суправаджэньні адвакатаў у Швайцарыю выправіліся абодва падазраваныя ў допінгавым скандале атлеты. Пасьля першай паездкі ў Лязану Вадзім Дзевятоўскі для Радыё Свабода сказаў, што пасьля гутаркі засталося “пытаньняў больш, чым адказаў”: “Адбылося непаразуменьне, гэтага папросту ня можа быць. Я не хачу апраўдвацца, але разумныя людзі ўсё разумеюць”.

Як прызнаўся Дзевятоўскі, найбольш яго бянтэжыць тое, што адразу ў двух чалавек знайшлі нібыта адзін і той жа забаронены прэпарат.

Напачатку верасьня Аляксандар Лукашэнка ўганараваў алімпійцаў, якія адзначыліся высокімі месцамі ў Пэкіне. Нагадаю, беларусы прадэманстравалі найлепшы вынік за ўвесь час выступаў на Алімпіядах самастойнай камандай, атрымаўшы 19 узнагародаў рознай вартасьці: 4 залатыя мэдалі, 5 срэбных і 10 бронзавых. Разам зь іншымі ў рэзыдэнцыю Лукашэнкі былі запрошаныя Дзевятоўскі і Ціхан, ніякіх нараканьняў на свой адрас ад кіраўніка НАК Беларусі яны не пачулі. Аднак на наступны дзень міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў удакладніў: у зьвязку з разьбіральніцтвам і Ціхан, і Дзевятоўскі на час высьвятленьня абставінаў справы выкрасьленыя з ганарарнай ведамасьці на атрыманьне прэміі за алімпійскія узнагароды.

Ад рашэньня камісіі МАК наўпрост залежыць ня толькі матэрыяльны дабрабыт, але і далейшы лёс спартоўцаў. Калі ў выпадку абвінавачаньня Ціхана могуць адлучыць ад вялікага спорту мінімум на два гады, то Дзевятоўскага будзе чакаць пажыцьцёвая дыскваліфікацыя – з 2000 да 2002 году ён ужо сядзеў на “лаўцы запасных” за ўжываньне забароненых прэпаратаў.

Допінгавыя скандалы для беларускіх алімпійцаў ня рэдкасьць. У 1996-м у Атлянце “адзначыўся” цяжкаатлет Генадзь Аляшчук, пасьля Сыднэю-2000 была дыскваліфікаваная штурхальніца ядра Яніна Карольчык. Тады ж быў накладзены мараторый на выступы плаўчыхі Аляксандры Герасімені. У Афінах забаронены прэпарат знайшлі ў скакуна ў вышыню Аляксея Лясьнічага, нізка хадзілі “хмары” над спрынтэркай Юліяй Несьцярэнкай. Перад Пэкінам трапіла на ўвагу да афіцэраў антыдопінгавага агенцтва штурхальніца ядра Юлія Леанцюк. У лік злоўленых за руку найчасьцей трапляюць спартоўцы з краінаў, у якіх атлеты і ад беднасьці карыстаюцца састарэлымі прэпаратамі, добра вядомымі змагарам з допінгам.


XS
SM
MD
LG