Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Аляксандар Лукашэнка ўганараваў алімпійцаў, якія адзначыліся высокімі месцамі на Алімпійскіх гульнях у Пэкіне.

Нагадаю, што беларусы прадэманстравалі найлепшы вынік за ўвесь час выступаў на Алімпіядах самастойнай камандай, заваяваўшы 19 узнагародаў рознай вартасьці: 4 залатыя мэдалі, 5 срэбных і 10 бронзавых. У рэзыдэнцыю таксама былі запрошаныя кідальнікі молата Вадзім Дзевятоўскі і Іван Ціхан, якія ўжо пасьля вяртаньня дадому апынуліся ў цэнтры допінгавага скандалу.

Наўздагон атлетам прыляцела кулюарная навіна, што ў іхніх допінг-пробах нібыта знойдзены тэстастэрон – мужчынскі полавы гармон. І Ціхан, і Дзевятоўскі абвяргаюць, што ўжывалі стымулятар, якім у сучасным спорце ніхто ўжо не карыстаецца. Дый дзіўна было б так “падставіцца” на самых важных стартах чатырохгодзьдзя. Разбор справы Ціхана і Дзевятоўскага прызначаны на канец верасьня ў Швэйцарыі. Падазраваныя маюць намер ехаць туды з адвакатамі. Пакуль жа, як паведаміў прэс-аташэ НАК Пётар Рабухін, ніхто не забараняе спартоўцам атрымліваць знакі ўвагі:

“Гэта нармальна, бо іх жа ніхто не дыскваліфікаваў, не абвінаваціў. Па сумах прэміяльных таксама ніякіх зьменаў няма”.

Ад рашэньня Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва наўпрост залежыць далейшы лёс абодвух кідальнікаў молата. Калі Ціхана ў найгоршым выпадку могуць адлучыць ад вялікага спорту мінімум на два гады, то Дзевятоўскага можа чакаць пажыцьцёвая дыскваліфікацыя — з 2000 да 2002 году ён ужо сядзеў на “лаве запасных” за ўжываньне забароненых прэпаратаў.

Аднак, як кажа лекар алімпійскай зборнай Беларусі Валерый Бялан, нешта казаць пра магчымае рашэньне адносна згаданых спартоўцаў заўчасна:

“Пакуль ніякіх афіцыйных зьвестак няма, любыя крокі — гэта проста будзе разагрэў непатрэбнай сэнсацыі. Атрыманая афіцыйная ацэнка і будзе пускавым момантам для ўсіх астатніх мерапрыемстваў, уключна з інфармаваньнем у мэдыях. Але што ў гэтай гісторыі выклікае моцнае падазрэньне – для прызэраў, незалежна ад колькасьці пробаў, яны мусяць даць адказ у тэрмін ад аднаго да трох дзён. Чаму ўсё расьцягнулася так надоўга — ня ведаю, і гэта самае дзіўнае. Нават цяпер афіцыйнага адказу няма. Я б нават паскараў дзеяньні з нашага боку — маўляў, дайце раздрукоўкі ўсіх вашых аналізаў. Бо ўсе ўзаконеныя тэрміны парушаныя. А як камэнтаваць, калі парушана асноўнае?”

Як толькі скончылася мерапрыемства з удзелам прэзыдэнта НАК, я пацікавіўся ў срэбнага прызэра Пэкіну Вадзіма Дзевятоўскага: ці даў Аляксандар Лукашэнка нейкую ацэнку допінгавай гісторыі?

“Не, нас проста павіншавалі за посьпехі ў спорце, але нічога наконт гэтага не агучвалася. Тут, шчыра кажучы, я і сам ніякай ацэнкі не магу даць, бо пытаньняў больш, чым адказаў. Афіцыйна нічога няма, ніхто мэдалі ў нас не забіраў. Мы спадзяемся на лепшае, бо ведаем: адбылося непаразуменьне, гэтага папросту ня можа быць. Я не хачу апраўдвацца, але разумныя людзі ўсё разумеюць. Трэба спадзявацца, што справядлівасьць пераможа. Але будзе нялёгка, увогуле гэта махіна надзвычай складаная. І што найбольш мяне бянтэжыць, дык гэта тое, што адразу ў двух чалавек нібыта знайшлі тое самае. Чаго фізычна быць ня можа. Дый па тэрмінах: мы спакойна вярнуліся з Пэкіна (чатыры дні знаходзіліся там, бо паводле рэглямэнту МАК былі адведзеныя трое сутак на абвяшчэньне выніку пробаў), а праз восем дзён расейцы пускаюць інфармацыю на ўзроўні чутак”.

Допінгавыя скандалы ў лягеры беларускіх алімпійцаў успыхваюць нярэдка. У Атланце “адзначыўся” цяжкаатлет Генадзь Аляшчук, пасьля Сыднэю была дыскваліфікаваная штурхальніца ядра Яніна Карольчык. Тады ж быў накладзены мараторый на выступы плыўчыхі Аляксандры Герасімені. У Афінах забаронены прэпарат знайшлі ў скакуна ў вышыню Аляксея Лясьнічага. Перад Пэкінам трапілася на вока супрацоўнікам антыдопінгавага агенцтва штурхальніца ядра Юлія Леанцюк. Чатыры гады таму нізка хадзілі хмары і над спрынтэркай Юліяй Несьцярэнкай, але ўрэшце “белая маланка” аказалася “чыстай”.

Як паказвае практыка, у лік злоўленых за руку найчасьцей трапляюць краіны, у якіх атлеты дзеля падвышэньня працаздольнасьці ад беднасьці карыстаюцца састарэлымі прэпаратамі, добра вядомымі змагарам з допінгам. Між тым, як кажа Валерый Бялан, у найбольш тэхналягічна прасунутых дзяржавах над новымі стымулятарамі працуюць цэлыя НДІ. Тамтэйшыя спартоўцы абсалютна спакойна карыстаюцца новымі распрацоўкамі, перш чым допінг трапляе ў шэраг забароненых.

Увогуле допінгавы росквіт прыпадае на 1970-я. Асабліва адзначылася ў падпольнай справе тагачасная ГДР, дзе спартоўцаў “шпігавалі” хіміяй практычна бескантрольна. Паказальна, што асобныя рэкорды ўсходніх немцаў ня могуць пабіць да сёньня.

Раней жа атлеты разьлічвалі збольшага на ўласныя сілы. Як расказваў алімпійскі чэмпіён у кіданьні молата Рамуальд Клім, найлепшым допінгам для яго было сала, важкія шматы якога Клім браў на ўсе міжнародныя старты. Мала таго, перад стартам не лічылася крыміналам выпіць 50 грамаў каньяку для “тонусу”.

Лёгкаатлетка Марыя Іткіна таксама ўзгадвае, што спорт 1960-х і сучасны — як неба і зямля:

“Я 34 разы была чэмпіёнкай СССР і на ўсіх Алімпіядах была ў чацьвёрцы. Але вы разумееце, што такое спрынт на тыя часы? Гэта цяпер ідзе асаблівая падрыхтоўка, ня буду паглыбляцца ў тонкасьці і падрабязнасьці. А тады толькі сваім здароўем выцягвалі вынікі. Нават тады Беларусь паказвала сябе ня толькі ў такіх відах, як барацьба ды іншыя. Аднак лёгкая атлетыка — гэта такі складаны від спорту, што ня будзеш спрачацца з судзействам. Прабег, зафіксаваў вынік сэкундамер, і ты ад яго нікуды не падзенесься. Адзінае, пэўная спрэчка можа быць на фінішы. У Італіі, калі я бегла на 100 мэтраў, там было непаразуменьне. Электронікі яшчэ не існавала, і я паказала аднолькавы вынік з італьянкай. А Алімпійскія гульні былі ў Рыме. І нават на тыя часы фактар гаспадароў быў істотны, у выніку ёй далі трэцяе месца, а мне — чацьвёртае. Хоць у адным ракурсе яна трэцяя, а ў іншым — я”.

Чэмпіёнка СССР у спартовай гімнастыцы Тамара Аляксеева лічыць, што на допінг разьлічваюць найперш трэнэры, якія хочуць атрымаць аднамомантавы эфэкт. Але, на яе думку, беларускаму спорту, які аб’ектыўна вымушаны карыстацца “сэканд-хэндам” у галіне стымулятараў, трэба перадусім радыкальна зьмяняць кансэрватыўныя мэтодыкі падрыхтоўкі спартоўцаў:

“Вельмі важнае месца займае псыхалягічная падрыхтоўка, пачынаючы ад таго, як трэба да дзіцяці ставіцца, якое робіць толькі першыя крокі ў спорце. А ў нас жа ў асноўным толькі крычаць і па мордзе б’юць. Я прапрацавала 10 гадоў за мяжой, у Паўднёвай Афрыцы, і мне проста зараз дзіка параўноўваць, як там працуюць і як тут. Я, шчыра кажучы, у шоку ад нашага стылю працы. Я вось спэцыяліст, мне далі 9 гадзін, я гімнастам дапамагаю ў акрабатыцы. Але чаму б мне не надаць, як я была ў той жа Афрыцы, статус кансультанта? Яны вялізныя грошы плацілі за прафэсійную кансультацыю! А тут я штосьці прапаную, а мяне пасылаюць к чорту. Я кажу, давайце так і так зробім, я не настойваю, што трэба рабіць менавіта так, але проста як спэцыяліст раю. А мне ў адказ — ідзі адсюль, і безь цябе ведаем. Вось і ўвесь падыход. Разумееце, у нас няма нават такой пасады, як кансультант”.

XS
SM
MD
LG