Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовае кіраўніцтва Беларусі ўпершыню за апошнія гады адмовілася ад мэдалёвага плянаваньня. Аднак пры гэтым міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў заявіў: пры цяперашнім патэнцыяле беларускіх атлетаў можна разьлічваць на вынік ня горшы, чым быў прадэманстраваны ў 2000 годзе ў Сыднэі. Там беларусы атрымалі 17 мэдалёў — па 3 “золаты” і “срэбры” і 11 бронзавых узнагародаў.


Віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту, трохразовы алімпійскі чэмпіён у вольнай барацьбе Аляксандар Мядзьведзь кажа, што ў сувязі з Алімпіядай-2008 трэба вельмі моцна ўлічваць кітайскі фактар. Надзвычай высокая гатовасьць гаспадароў сёлетняй Алімпіяды вымушае карэктаваць заплянаваныя ўзнагароды нават у штабах прызнаных фаварытаў галоўных стартаў чатырохгодзьдзя. Дый бальшыня экспэртаў сыходзіцца на думцы: у пэкінскай Алімпіяды ў літаральным сэнсе будзе кітайскае аблічча:

“Як кажуць, Алімпіяда — гэта Алімпіяда, яна непрадказальная. Заўсёды спартоўцаў суправаджаюць складанасьці, і асабліва на Алімпіядзе. Тут больш важная псыхалягічная падрыхтоўка, хто як здолее сабрацца і аддаць сілы дзеля магутнага выкіду энэргіі. Але мне падаецца, што ў кожнага нашага алімпійца ёсьць вельмі добры патэнцыял; ёсьць усе для гэтага магчымасьці. Патрачаны на падрыхтоўку вялікія грошы, укладзены значныя сродкі ў кожную зборную. Выкананы ўвесь плян падрыхтоўкі, які быў даведзены атлетам. Спартоўцы насамрэч яго выканалі, калі меркаваць па выніках выступаў на першынствах Эўропы, сьвету. Таму ўсе падставы ёсьць, каб пасьпяхова выступіць на Алімпіядзе. І галоўнае пры гэтым, каб здолелі нашы спартоўцы скарыць вось гэты псыхалягічны бар’ер. Калі перамогуць свае ўнутраныя комплексы, значыць, усё будзе як трэба”.

За два тыдні да пачатку Алімпійскіх гульняў у Пэкіне штаб беларускай зборнай ужо мусіць рабіць справаздачу перад Міжнародным алімпійскім камітэтам. Падчас Кубку Эўропы ў Францыі далі станоўчы вынік допінг-пробы дзьвюх беларускіх лёгкаатлетак. Канчатковы вэрдыкт дасьць другая проба, аднак ужо цяпер у тэрміновым парадку робяцца замены. У апошні вагон на Пэкін замест маладой Юліі Леанцюк ускочыла штурхальніца ядра Яніна Карольчык — залатая мэдалістка Сыднэю-2000. Карольчык сэнсацыйна не прайшла адбор у каманду з прычыны нізкіх паказьнікаў, тым часам як Леанцюк была галоўным адкрыцьцём гэтага году, дэманструючы алімпійскія вынікі.

Між тым прозьвішчы падазраваных у прыёме забароненых прэпаратаў да канчатковага абвяшчэньня вынікаў называць забаронена.

Што штурхае спартоўцаў так рызыкаваць напярэдадні алімпійскіх стартаў? Адмыслоўцы больш схіляюцца да думкі, што, магчыма, допінгам памылкова палічылі лекі, якія прымаюць атлеты. Самі спартоўцы мяркуюць, што прычына прыёму розных прэпаратаў — псыхалягічны ціск, які ня ўсе вытрымліваюць.

Прызэрка ўсясьветных і эўрапейскіх першынстваў у мастацкай гімнастыцы Яўгенія Паўліна кажа, што неаднаразова атрымлівала алімпійскую ліцэнзію, аднак ехаць на Алімпійскія гульні адмаўлялася:

Вельмі моцна ціснуць на чалавека тыя ж мэдалёвыя абавязкі, на любога спартоўца
“Лічу, што псыхалягічна ня вытрымала б. Я ўсім спартоўцам, якія на Алімпіядзе проста выступаюць, гатовая, як кажуць, кланяцца ніжэй няма куды. Бо гэта настолькі складана, што проста няма словаў. Я, прыкладам, дакладна ня вытрымала б: 15 гадоў аддаўшы спорту, толькі зараз рэальна разумею, што псыхалягічна я Алімпіяду не пацягнула б. Мару паехаць у якасьці гледача, але ня больш. Як удзельніца — не. Напэўна, усё ж гэта не для мяне. І я нават не скажу, што менавіта псыхоляг павінен рыхтаваць псыхалягічна спартоўца. Вельмі моцна ціснуць на чалавека тыя ж мэдалёвыя абавязкі, на любога спартоўца. Я ненавідзела псыхолягаў і заўсёды працавала сама. І колькасьць псыхолягаў у камандзе — гэта зусім не паказьнік”.

Адметнасьцю сёлетняй Алімпіяды стане ці не найбольшая колькасьць спартоўцаў, якія колісь выступалі за зборную Беларусі, а цяпер абараняюць колеры іншых зборных. За стралкоў Аўстраліі будзе выступаць бронзавая прызэрка Алімпіяды-2000 Лаліта Яўглеўская, таксама зялёны кантынэнт прадстаўляе скакун з шастом Дзьмітрый Маркаў. Ганна Шчэрба і Алена Попчанка перадысьлякаваліся да плыўцоў Францыі.

Разьяжджаюцца па сьвеце і трэнэрскія кадры, не асабліва запатрабаваныя на радзіме. Алімпійскі чэмпіён, фэхтавальшчык Віктар Сідзяк пасьля няўдалай спробы стварыць у Беларусі Клюб алімпійскіх чэмпіёнаў зьехаў у Расею. Легендарны гімнаст Віталь Шчэрба ўжо трывала пусьціў карані ў ЗША, там жа яшчэ раней асела Вольга Корбут. Нядаўна там знайшоў сабе справу алімпійскі чэмпіён у вэляспорце Ўладзімер Камінскі:

мы не рыхтуем кадраў супраць Беларусі. То бок мы не рыхтуем нейкую тайную зброю супраць Цылінскай
“Пакуль што падрыхтавалі прызэраў чэмпіянату Злучаных Штатаў — тры мэдалі атрымалі менавіта нашы выхаванцы. Гэта для нас вельмі добра, бо скажу так, што дынаміка пакуль пазытыўная — кожны год усё лепш і лепш. Сёлета ўжо трэба рыхтаваць чэмпіёнаў ЗША. Прынамсі аднаго такога чалавека падрыхтавалі дакладна і мяркуем, што, пэўна, так і будзе. Што да алімпійцаў — таксама чарга дойдзе, чаму ж не? Але хачу адразу сказаць, што мы не рыхтуем кадраў супраць Беларусі. То бок мы не рыхтуем нейкую тайную зброю супраць Цылінскай. Ёсьць адна амэрыканка, але пакуль яна значна слабейшая”.

Пакуль сапраўднымі трыюмфатарамі Алімпійскіх гульняў застаюцца беларусы, якія прыносілі славу яшчэ савецкаму спорту. Гэта ўжо згаданыя чатырохразовы алімпійскі чэмпіён Віктар Сідзяк, трохразовыя чэмпіёны Аляксандар Мядзьведзь, Уладзімер Парфяновіч, Вольга Корбут, Алена Бялова, Сьвятлана Багінская ды іншыя. Спартовы подзьвіг у 1992 годзе ўчыніў гімнаст Віталь Шчэрба — на ягоным рахунку шэсьць залатых мэдалёў у складзе каманды СНД.

Найбольшых посьпехаў у гісторыі незалежнай Беларусі дамаглася вясьлярка Кацярына Карстэн, пераможца Алімпіядаў 1996 і 2000 гадоў. Для яе, дарэчы, сёлетняя Алімпіяда будзе ўжо пятай у кар’еры. Стаўкі па-ранейшаму робяцца на сэнсацыю гульняў у Афінах — бягуньню Юлію Несьцярэнку, а таксама на сілавікоў — кідальнікаў молата і штурхальнікаў ядра, якія шмат гадоў застаюцца ў ліку алімпійскіх фаварытаў.


Паводле дадзеных Нацыянальнага алімпійскага камітэту Рэспублікі Беларусь, за ўсю гісторыю сучасных гульняў 147 чэмпіёнаў і прызэраў Алімпійскіх гульняў заваявалі 181 мэдаль. У тым ліку:

61 алімпійскі чэмпіён – 71 залаты мэдаль;
53 срэбраных прызэра – 49 мэдалёў;
68 бронзавы прызэраў – 62 мэдалі.

Чэмпіёнамі і прызэрамі летніх і зімовых гульняў у часе незалежнай Беларусі сталі 56 спартоўцаў. Яны здабылі 53 алімпійскія мэдалі: 6 залатых, 18 срэбраных і 29 бронзавых.

Незалежная Беларусь на Алімпійскіх гульнях


Упершыню Беларусь адправіла сваю алімпійскую зборную на XVII зімовыя Алімпійскія гульні ў 1994 годзе, якія праходзілі ў Лілехамэры (Нарвэгія). Тады 33 беларускіх спартоўцы спаборнічалі ў 7 дысцыплінах. На тых гульнях канькабежац Ігар Жэлязоўскі здабыў першы алімпійскі мэдаль. Ён таксама атрымаў і срэбраны мэдаль.

У 1996 годзе ў Атланце (ЗША) на XXVI гульнях паводле колькасьці залатых узнагародаў беларуская каманда заняла 37-е месца, а паводле агульнай колькасьці мэдалёў - 23-е. Усяго на тых гульнях спаборнічалі каманды з 176 краінаў.

З Алімпійскіх гульнях у Нагана (Японія) у 1998-м годзе зборная Беларусі прывезла 2 бронзавыя ўзнагароды.

2000 год. На Алімпіядзе ў Сыднэі (Аўстралія) зборная Беларусі заняла 23-е месца ў неафіцыйным камандным заліку і 15-е месца, паводле колькасьці мэдалёў з 184 краінаў-удзельніцаў.

У 2002 годзе ў Солт-Лэйк-Сіці (ЗША) беларускія алімпійцы заваявалі бронзавую ўзнагароду ў фрыстайле.

На Алімпійскіх гульнях у Афінах у 2004 годзе нацыянальная зборная заваявала 15 мэдалёў (2 залатыя, 6 срэбраных і 7 бронзавых). У неафіцыйным камандным заліку Беларусь заняла 26-е месца, а паводле агульнай колькасьці мэдалёў – 18-е. Усяго ў тых гульнях удзельнічалі спартоўцы з 201 краіны сьвету.

У 2006 годзе на XX зімовых Алімпійскіх гульнях у Турыне Беларусь прадстаўляла 28 спартоўцаў. Фрыстайліст Зьміцер Дашчынскі здабыў срэбраны мэдаль.
XS
SM
MD
LG