Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятар з Кагалета: “Мне дастаткова было паглядзець у вочы Вікі”


У Генуі працягваецца судовы працэс у справе ўтойваньня беларускай сіраты Вікі Мароз сямю італьянцамі ў верасьні 2006 году. Гэтымі днямі паказаньні суду пачалі даваць сьвятары дон Камілё Грылё і дон Франсіс Дарбэле. Разам зь пяцьцю прадстаўнікамі сямейнага кляну Джуста-Барначын ім інкрымінуецца тое, што яны 20 дзён перахоўвалі беларускую сірату ў Альпах. У італьянскім каталіцкім сьвеце працэс называецца беспрэцэдэнтным і расцэньваецца як выклік царкве.


Пробашч касьцёлу ў Кагалета Камілё Грылё і канонік кляштару Сэнт-Аен у альпійскай вобласьці Вале д’Аоста Франсіс Дарбэле ня лічаць сябе вінаватымі. Пры гэтым яны прызнаюць, што сьвядома дапамагалі беларускай дзяўчынцы і італьянскай сям’і.

Прадстаўнікі Ватыкану абураюцца:

“Божа, іх судзяць! Гэты працэс жахлівы і выглядае як барацьба супраць царквы”.

Паводле ватыканскага сьвятара, “у дэмакратычным сьвеце царква заўсёды давала прытулак тым, каму ён быў неабходны, і паміж Законам і Эвангельлем выбірала Эвангельле”.

Тым часам, падаюць некаторыя СМІ, абодва сьвятары, знаходзячыся на лаве падсудных генуэскага суду, імкнуцца спакойна і без хваляваньня адказваць на самыя жорсткія пытаньні італьянскага правасудзьдзя.

“Мне было дастаткова паглядзець у вочы дзяўчынкі. Я бачыў той жа крык аб дапамозе, які сустракаю ў вачох самых няшчасных жабракоў. Я зразумеў, што буду дапамагаць ёй і сям’і Джуста-Барначын”, — сказаў на судовым паседжаньні дон Камілё Грылё.

“Я ўявіў сабе, чым можа стаць для дзяўчынкі вяртаньне дадому, — дадае сьвятар. — Я гаварыў пра гэта зь біскупам Савоны. Мне прапанавалі пераканаць сям’ю, каб тая вярнула дзяўчынку. Аднак паміж уладамі, царквой, судом і дзіцем я сьвядома ўзяў бок малой. Я бачыў маленькую ахвяру, якая перанесла гвалт і жудасныя траўмы. Я не зьбіраўся кідаць выклік ані дзяржаве, ані царкве. Аднак я адчуваў, што не магу быць пасіўным сьведкам, я мусіў неяк умяшацца ў сытуацыю і нейкім чынам дапамагчы сям’і Джуста-Барначын”.

Мы сабраліся ў нас дома, і я спытаўся, дзе можна было б схаваць дзяўчынку, пакуль італьянскае правасудзьдзе ня вырашыць пытаньне на карысьць дзіцяці
“Так, мы зьвярнуліся па такую дапамогу да дона Грылё, — пацьвердзіў Алесандра Джуста. — Мы сабраліся ў нас дома, і я спытаўся, дзе можна было б схаваць дзяўчынку, пакуль італьянскае правасудзьдзе ня вырашыць пытаньне на карысьць дзіцяці”.

Паводле сьведчаньняў экспэртаў-псыхолягаў, якіх таксама запрасілі на судовае паседжаньне, “схаваць Віку было фармальна некарэктным крокам, аднак гэта было выйсьце ў сытуацыі, якая патрабавала ратаваць дзіцячую асабовасьць”.

“Ці не зрабілі гэтыя дзеяньні стрэс для дзяўчынкі?” — запытаўся судзьдзя. Псыхолягі адказалі адмоўна: дзяўчынка была з бабулямі, якія даглядалі яе. Больш за тое, у Вікі была пэрспэктыва вырашэньня праблемы. Вяртаньне дадому пазбавіла гэтага і выклікала сапраўдны стрэс.

Беларускую дзяўчынку ўжо раней прынесьлі ў ахвяру літары закону
У часе паседжаньня сужэнцы Джуста-Барначын выказалі надзею атрымаць дзяўчынку назаўсёды. Аднак іхнае змаганьне за тое, каб быць разам зь Вікай, па-ранейшаму сустракае адмоўную рэакцыю.

Як лічаць прадстаўнікі італьянскай палітычнай клясы, кропку над “і” маглі б паставіць паказаньні самой Вікі Мароз. Аднак беларускія ўлады сьвядома не ідуць на гэта. Сэнатар Эджыдыё Пэдрыні:

“Беларускую дзяўчынку ўжо раней прынесьлі ў ахвяру літары закону, — кажа спадар Пэдрыні. — Цяпер вось ізноў выкарыстоўваюць розныя працэсуальныя хітрыкі, каб ня даць ёй распавесьці пра жахі жыцьця ў дзіцячых дамах, пра тое прамываньне мазгоў, зь якім яна сутыкнулася, вярнуўшыся на радзіму, каб перашкодзіць сустрэчы з тымі, каго яна называе мамай і татам - зь сям’ёй Джуста-Барначын”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG