Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскія норавы – у кітайскае жыцьцё

  • Алесь Слуцкі (Пэкін)

Крыху больш сутак застаецца да заканчэньня Алімпійскіх гульняў у Пэкіне. Застаецца разыграць усяго 12 камплектаў узнагарод.

Адладжанасьць і высокая арганізацыя спаборніцтваў адзначалася многімі гасцямі Алімпіяды на працягу ўсіх 17 дзён яе правядзеньня. Праўда, калі пачатак галоўных стартаў чатырохгодзьдзя вызначаўся нейкай скаванасьцю гаспадароў, для якіх галоўным было заваяваньне залатых узнагародаў, то зараз назіраецца пэўная разняволенасьць і ўкараненьне ў паўсядзённае жыцьцё-быцьцё спартоўцаў новых алімпійскіх каштоўнасьцяў, ды якіх належыць і цяга да прыгожага.

Як вядома, у Кітаі ў сувязі зь перазасяленьнем не знайсьці тэлевізійных каналаў, дзе круцілі б фільмы з адкрытымі сцэнамі каханьня. Не сустрэнеш тут на кожным рагу ані часопісаў накшталт “Плэйбоя”. Але ж арганізатары Гульняў вырашылі гэты недахоп кампэнсаваць некаторымі друкаванымі выданьнямі, якія штодня асьвятляюць Алімпіяду. Гэтак, “OLYMPIAN”, спартовы дадатак штотыднёвай нацыянальнай газэты на ангельскай мове “CHINA DAILY”, ледзь ня ў кожным выпуску зьвяртае ўвагу на сэксуальную прывабнасьць спартовак, і асабліва – гаспадыняў алімпіяды. У адным з апошніх нумароў – буйная фатаграфія кітайскіх прадстаўніцаў пляжнага валейболу, а таксама сьвежая фотаілюстрацыя зь не зусім спартовым падтэкстам да матчу кітаянак супраць каманды Галяндыі ў хакеі на траве.

Праўда, пераплюнула ўсіх у пляне жаночай прыгажосьці штодзённае выданьне “VILLAGE LIFE”, якое ў вельмі цікавым ракурсе асьвятляе жыцьцё жыхароў алімпійскай вёскі. На першай паласе апошняга нумару – даўганогая прыгажуня з Парагваю Лерын Франка. Трэба адзначыць, што фотарэпарцёр газеты папрацаваў на славу, бо выданьне разышлося з хуткасьцю ветру. Трэба меркаваць, што 26-гадовая супермадэль алімпіяды ў апошнія два дні натхніць спартоўцаў-мужчын на ратныя подзьвігі, тым больш што ў заключнай частцы алімпійскай праграмы, калі не лічыць выступленьняў гімнастак, – фінальныя баі баксэраў у 11-ці вагавых катэгорыях.
XS
SM
MD
LG