Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У пятніцу ад беларускіх алімпійцаў чакаюць мэдалёў


У штабе беларускай алімпійскай зборнай спадзяюцца, што сёньняшні дзень на Алімпіядзе ў Пэкіне стане для беларусаў мэдалёвым.

У якіх перадусім дысцыплінах могуць паказаць высокія вынікі прадстаўнікі Беларусі – даведаемся ад Ігара Карнея. Дык на каго разьлічваюць трэнэры і кіраўнікі беларускай дэлегацыі?

Ужо некалькі дзён не сьціхаюць размовы вакол удалых выступаў у паўфінальных заездах беларускіх байдарак і каноэ розных калібраў – ад адзіночак да чацьвёрак. Спадзяваньні найперш на Аляксандра Жукоўскага, які на папярэднім этапе прыйшоў першым, а таксама на братоў Багдановічаў, якія ў сваім заезьдзе былі другімі. Чакаюць добрага выніку і ад квартэту байдарачнікаў. Паводле прагнозаў трохразовага алімпійскага чэмпіёна ў веславаньні Ўладзімера Парфяновіча, пры аптымальным варыянце скарбонка зборнай Беларусі можа папоўніцца мінімум двума мэдалямі. Першыя старты – ужо празь некалькі гадзінаў.

Нечакана зазьзяла мэдалёвая пэрспэктыва і ў дысцыпліне, дзе беларусы пакуль не адзначаліся высокімі вынікамі – дзесяцібор’і, адным з самых складаных выпрабаваньняў. Прынамсі, пэўныя надзеі на гэта пасьля ўчорашняга старту пасяліў 22-гадовы дзесяціборац Андрэй Краўчанка. Пасьля пяці першых спробаў, сярод якіх забегі на 100 і 400 мэтраў, скачкі ў вышыню і даўжыню Краўчанка пакуль на другім месцы паміж двума амэрыканцамі. Сёньня – яшчэ пяць відаў спаборніцтваў. Немалаважны факт, што Андрэй Краўчанка –другі ў сьвеце паводле вынікаў у гэтым сэзоне.

Можна дапусьціць, што чакаюць адпаведных вынікаў і ў мастацкай гімнастыцы – пасьля таго, як учора гімнасткі замацаваліся на першым месцы.

У гэтай суб’ектыўнай для ацэнак дысцыпліне сёньня другі кваліфікацыйны дзень, на фінішны адрэзак каманды выйдуць у суботу. Пасьля першага дня ў практыкаваньнях са стужкамі каманда Беларусі сапраўды на першым месцы. Падпіраюць беларусак кітаянкі. Ці ўдасца ўтрымаць першынства – не бяруцца сказаць нават вядомыя прадстаўніцы ў гэтым відзе спорту. Шматразовая прызэрка ўсясьветных і эўрапейскіх пэршынстваў Яўгенія Паўліна кажа, што трагедыяй для каманды можа аказацца любая банальная памылка:

“Не хачу вас расчараваць, але нават другое практыкаваньне ні пра што ня скажа. Галоўная барацьба разгортваецца ў трэці дзень выступаў. А кваліфікацыя? Ну што кваліфікацыя? Можна быць першымі, а потым зрабіць адну памылку і не ўвайсьці нават у дзясятку. Так што тут нешта прагназаваць складана. Але гімнасткі вельмі дасьведчаныя, у тройцы былі адназначна і на пэршынствах Эўропы, і сьвету. Усё ў іх магчымасьцях, таму што год яны прайшлі, і ўвесь час былі ў тройцы на ўсіх самых буйных спаборніцтвах – і на Гран-пры, і на Эўропе, і на Чэмпіянаце сьвету. Ва ўсялякім разе, ад іх чакаюць узнагародаў, міністэрства спорту ім заплянавала мэдаль”.

Яўгенія Паўліна дадала, што другое месца кітаянак – таксама ня лепшы знак. На радзіме яны зробяць усё, каб атрымаць перамогу. Слабым суцяшэньнем можа быць хіба ня лепшая форма расейскіх гімнастак, якія для каманды Беларусі, паводле Паўлінай, заўсёды зьяўляюцца нязручнымі супэрніцамі:

“Расея, ва ўсялякім разе, як я бачыла на апошніх спаборніцтвах у Менску некалькі месяцаў таму, далёка не ў ідэальнай форме. І калі яны гэтак жа выступаюць на Алімпіядзе, то ня дзіўна, што іх няма пакуль нават у тройцы. А кітаянкі на мінулай Алімпіядзе, здаецца, былі пятымі. Таму гэта само за сябе гаворыць – на радзіме на іхным баку нават вышэйшыя сілы. Могуць паказаць вынік абсалютна спакойна”.

Учора дадалі дрэннага настрою заўзятарам тыя, ад каго да апошняга чакалі мабілізацыі. Найперш не апраўдалі чаканьняў беларускія спрынтэркі – у эстафэтным забегу 4х100 мэтраў беларускі квартэт паказаў найгоршы вынік і застаўся паза фіналам. Калі гэтак жа складзецца яшчэ і эстафэта 4х400, то на гэтай Алімпіядзе сэнсацыя Афінаў Юлія Несьцярэнка наўрад ці на што ўжо зможа разьлічваць.

Непрыемна зьдзівіў пяты нумар сусьветнай клясыфікацыі ў настольным тэнісе Ўладзімер Самсонаў, які сышоў з дыстанцыі, не пасьпеўшы нават толкам стартаваць. Параза – ужо ў другім матчы. Пра іншыя расчараваньні мы ўжо казалі раней, і галоўная зь іх – няўдачы на вэлятрэку васьміразовай чэмпіёнкі сьвету Натальлі Цылінскай.

За тры дні да заканчэньня Алімпійскіх гульняў Беларусь займае 24 месца ў агульным мэдалёвым заліку, за суткі гэта становішча пагоршылася на чатыры пазыцыі. Ці ёсьць падставы да паляпшэньня сытуацыі – будзе вядома праз некалькі гадзінаў.
XS
SM
MD
LG