Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. (Эфір 18-га чэрвеня)


Пачынаецца першы афіцыйны візыт у Беларусь дзяржсакратара папы рымскага Бэнэдыкта ХVІ — кардынала Тарчызіё Бэртонэ. У чым прычыны пэўнага павароту кіраўніцтва краіны ў бок касьцёлу? Ці прывядзе гэта да размарожваньня палітычных дачыненьняў з Захадам? Як прарэагуе Масква на разьвіцьцё стасункаў Менску з Ватыканам?

Удзельнікі: сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Аляксей Шэін зь Менску і дактарант Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргей Богдан з Бону.

Прычыны павароту ў бок касьцёлу

Валер Карбалевіч: “Дасюль беларускія ўлады рабілі стаўку ў асноўным на праваслаўную царкву, бачылі яе сацыяльнай апорай у грамадзтве, фактарам разьвіцьця дачыненьняў з Расеяй. Беларусь не адзін раз наведваў кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы патрыярх Алексій ІІ.

А да каталіцкага касьцёлу стаўленьне ўладаў было насьцярожанае. На пачатку свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка нават выступіў з крытыкай палітыкі касьцёлу.

Але вось апошнім часам сытуацыя памянялася. Лукашэнка прыйшоў у касьцёл падчас сьвяткаваньня рэлігійнага сьвята. Афіцыйны візыт у Беларусь дзяржсакратара папы рымскага Бэнэдыкта ХVІ — кардынала Тарчызіё Бэртонэ, другой асобы Ватыкану, зьяўляецца знакавай падзеяй. Праграма візыту прадугледжвае яго сустрэчу з Лукашэнкам. Можна меркаваць, што рыхтуецца візыт у Беларусь самога папы рымскага. У чым прычыны такога павароту ў палітыцы беларускіх уладаў? Што стаіць за гэтым?

Аляксей Шэін: “Сапраўды, прыезд дзяржсакратара папы рымскага — зьява дзіўная і нечаканая для рэлігійнага і грамадзкага жыцьця Беларусі. Думаю, галоўная мэта візыту — падпісаньне канкардату паміж Беларусьсю і Ватыканам. Гэта дазволіць касьцёлу заняць мацнейшую пазыцыю ў краіне.

Галоўны сэнс палітыкі ўладаў у зьвязку з гэтым візытам — займець надзейнага хаўрусьніка ўнутры краіны ў постаці каталіцкай царквы

Узровень візыту высокі. Кардынал Тарчызіё Бэртонэ сустрэнецца з Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Мартынавым, іншымі афіцыйнымі асобамі. Адбудзецца сустрэча са студэнтамі БДУ, будзе жывая трансьляцыя з Катэдральнага касьцёла.

Галоўны сэнс палітыкі ўладаў у зьвязку з гэтым візытам — займець надзейнага хаўрусьніка ўнутры краіны ў постаці каталіцкай царквы. Такога, якога ўлады маюць у постаці праваслаўнай царквы.

Захад ня цісьне на кіраўніцтва Беларусі ў галіне рэлігіі. У тых 12 прапановах, зь якімі ЭЗ зьвярнуўся да Беларусі, пытаньня пра рэлігійныя стасункі няма”.

Сяргей Богдан: “Каталіцкі касьцёл у Беларусі паводзіў сябе ляяльна ў дачыненьні да ўладаў. Асобныя пратэсты былі. Ладзілася галадоўка, былі акцыі ў абарону касьцёла Сьвятога Язэпа. Але кіраўніцтва касьцёла не ішло на канфлікт з уладамі, а ўмацоўвала свае пазыцыі ў краіне. За апошнія 12 гадоў колькасьць каталіцкіх парафіяў у Беларусі павялічылася ў чатыры разы.

Ватыкан, у адрозьненьне ад заходніх краін, не патрабуе ад беларускіх уладаў дэмакратызацыі і таму можа стаць зьвяном паміж Менскам і Захадам

Таму для ўладаў канкардат ня важны ў сэнсе павялічэньня ляяльнасьці каталікоў да цяперашняга рэжыму. Гэтая ляяльнасьць і так існуе.

Прычына жэстаў у бок касьцёлу іншая. Менск імкнецца праз Ватыкан палепшыць стасункі з Захадам. Як трапна заўважыў сп. Класкоўскі на адным з сайтаў, Ватыкан, у адрозьненьне ад заходніх краін, не патрабуе ад беларускіх уладаў дэмакратызацыі і таму можа стаць зьвяном паміж Менскам і Захадам.

Роля пасярэдніка звыклая для Ватыкану. Ён гэта рабіў у розных рэгіёнах сьвету: Паўночная Ірляндыя, Лібан і інш. Таму і цяпер можна абмяркоўваць пытаньне аб пасярэдніцтве Ватыкану дзеля пераадоленьня міжнароднай ізаляцыі Беларусі. Магчыма, гэта новы праект вонкавай палітыкі Беларусі”.

Ці магчыма наладзіць дачыненьні з Захадам з дапамогай Ватыкану?

Карбалевіч: “Сп. Богдан выказаў думку, што прычыны такога павароту палягаюць у палітыцы, а дакладней, у геапалітыцы. Каб пазбавіцца моцнай залежнасьці ад Расеі, Менску дзеля балянсу трэба атрымаць апору на Захадзе. І Лукашэнка гатовы разьвіваць дачыненьні з Захадам у любой сфэры — гэта і энэргетыка, і прыцягненьне інвэстыцый, і рэлігія, — абы не мяняць палітычную сыстэму. Але ці дасьць гэта патрэбны вынік? Ці забясьпечыць размарожваньне палітычных дачыненьняў з Захадам?”

Шэін: “Вэрсія сп. Богдана прыгожая, але, думаю, малаверагодная. Беларусь — не “гарачая кропка”. Ня думаю, што Ватыкан будзе правадніком інтарэсаў Беларусі ў эўрапейскіх сталіцах.

Беларускім уладам канкардат патрэбны, каб узьдзейнічаць на каталікоў і ксяндзоў унутры краіны

Што тычыцца падпісаньня канкардату, то гэтая зьява станоўчая. У выніку гэтага касьцёл атрымае магчымасьць пастырскай дзейнасьці ў школах, турмах, у войску. Добра было б, калі б такую дамову падпісалі з пратэстанцкімі канфэсіямі.

Але цікава, што пра канкардат гавораць прадстаўнікі ўлады. А вось мітрапаліт Менска-Магілёўскі Кандрусевіч у інтэрвію польскаму каталіцкаму агенцтву выказаўся наконт падпісаньня канкардату стрымана.

Беларускім уладам канкардат патрэбны, каб узьдзейнічаць на каталікоў і ксяндзоў унутры краіны. І гэта захады больш прэвэнтыўнага характару — прафіляктыка магчымага росту незадаволенасьці”.

Богдан: “Калі сэнс цяперашняй дружбы з Ватыканам мае толькі ўнутраны чыньнік, як кажа сп. Шэін, то навошта тады такі гучны шум, такія вялікія цырымоніі? Увогуле, навошта везьці сюды для гэтага дзяржсакратара Ватыкану?

Хоць “гарачага” канфлікту ў Беларусі няма, але беларускае пытаньне — праблема для Эўропы. І вось тут Ватыкан мог бы стаць пасярэднікам.

Ці дасьць гэта эфэкт? Справа ў тым, што шмат якія добрыя праекты беларускія ўлады проста ня могуць рэалізаваць. І ад пасярэдніка залежыць няшмат, калі Менск не гатовы стратэгічна нармалізаваць дачыненьні з Захадам.

Беларускі рэжым апартунісцкі. Ён пакінуў усе свае глябальныя прэтэнзіі кшталту рэстаўрацыі СССР ці панславянскага праекту

Другое пытаньне, наколькі беларускія ўлады адэкватна ўспрымаюць месца Ватыкану ў заходнім сьвеце. Ватыкан мае свае, асобныя інтарэсы, якія адрозьніваюцца ад інтарэсаў ЭЗ і заходніх краінаў. Галоўны ягоны інтарэс — разьвіцьцё і ўзмацненьне касьцёлу. Таму вялікіх шанцаў на посьпех гэтага праекту я ня бачу

Як прарэагуе Масква на разьвіцьцё стасункаў Менску з Ватыканам?

Карбалевіч: “Як прарэагуе на гэты раман Менску з Ватыканам Масква? Вядома, што дачыненьні Рускай праваслаўнай царквы з касьцёлам напружаныя. Праваслаўныя герархі лічаць, што каталікі вядуць экспансію на іхнюю кананічную тэрыторыю. Візыт папы рымскага ў Расею не плянуецца. І вось Беларусь напярэдадні візыту прэзыдэнта Мядзьведзева прымае дзяржсакратара папы рымскага. Як гэта паўплывае на дачыненьні Беларусі з Расеяй?”

Шэін: “Думаю, Лукашэнка цяпер мала азіраецца як на Захад, так і на Ўсход. Яго больш цікавіць сытуацыя ўнутры краіны.

Па-другое, сапраўдным выклікам, скандалам стаў бы візыт у Беларусь самога папы рымскага. А візыт дзяржсакратара Ватыкану — не такі правакацыйны. Масква проста прыме да ведама, што Лукашэнка як ня быў надзейным хаўрусьнікам Расеі, так і ня ёсьць”.

Богдан: “Беларускі рэжым апартунісцкі. Ён пакінуў усе свае глябальныя прэтэнзіі кшталту рэстаўрацыі СССР ці панславянскага праекту. Для кіраўніцтва Беларусі галоўнае цяпер — захаваць уладу”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG