Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Н.Базылевіч: “Няма ніякага пацяпленьня стасункаў”


“Хачу пажартаваць, што толькі дзьве краіны ў Эўропе не ўваходзяць у Раду Эўропы. Гэтыя краіны — Беларусь і Ватыкан. Магчыма, яны сябруюць з гэтай нагоды”, — кажа Наталка Базылевіч, палітоляг, спэцыяліст у пытаньнях рэлігійнай ідэнтычнасьці ў Беларусі, рэдактар парталу “Царква”.


“Калі казаць сур’ёзна, няма ніякага пацяпленьня стасункаў. Гэта толькі такая ілюзія ствараецца. Трэба пачакаць разьвіцьця падзеяў. Ці будзе падпісаны канкардат? На якіх умовах і што будзе яму папярэднічаць? Няма шырокага абмеркаваньня дакумэнту. Вельмі важна, каб заключэньне канкардату адбывалася ня толькі на ўзроўні герархіі, але і на саборным узроўні, улучаючы вернікаў у абмеркаваньне гэтага пытаньня. Як паказвае практыка заключэньня такога пагадненьня з праваслаўнай царквой, нічога новага не зьявілася”, — кажа спадарыня Базылевіч.

“Калі казаць пра пацяпленьне, у савецкія часы былі розныя пэрыяды: калі больш заціскалі, калі менш. Дый у Беларусі мы можам пабачыць, што цягам існаваньня рэжыму Лукашэнкі адбывацца часам нейкія крокі, якія падаюцца нам пацяпленьнем. Але вельмі часта пасьля такіх крокаў да пацяпленьня сытуацыя пагаршаецца. Тут сытуацыя можа пагоршыцца, калі афіцыйныя ўлады выставяць умовы, на якіх яны будуць гатовыя падпісаць канкардат з каталіцкай царквой”, — прагназуе палітоляг.

Кажучы пра палітычны аспэкт, спадарыня Базылевіч зазначае: “Рэжым спрабуе такім чынам паўплываць на ідэнтычнасьць царквы і вернікаў, каб палітычная ляяльнасьць стала адзнакай прыналежнасьці да царквы. Вельмі часта дзяржаўныя чыноўнікі кажуць, што беларуская дзяржаўнасьць грунтуецца на хрысьціянскіх каштоўнасьцях. Але калі дзяржава кажа пра ідэалягічную выхаваўчую працу, ніколі хрысьціянскія каштоўнасьці ня згадваюцца. А калі кажуць пра царкву, заўсёды ўзгадваецца дзяржаўная ідэалёгія. Такім чынам, адбываецца падмена. Улада спрабуе навязваць цэрквам хрысьціянскія каштоўнасьці ў сваім разуменьні. Што такое быць сапраўдным праваслаўным і сапраўднымі каталіком у разуменьні дзяржавы?”

Рэдактарка парталу “Царква” тлумачыць сваю думку: “Пакуль толькі праваслаўным навязвалі, што быць добрым праваслаўным — значыць падтрымліваць рэжым Лукашэнкі, не хадзіць на мітынгі і ня ўвязвацца ў апазыцыйную палітыку. Тое самае ў пэрспэктыве, магчыма, зробіць дзяржава і з каталікамі. Цяпер лічыцца, што быць каталіком — гэта значыць быць ня вельмі ляяльным да дзяржавы. А хутка каталікі з ворагаў могуць стаць сябрамі. І той, хто ня будзе падтрымліваць палітыку беларускага рэжыму, стане ня вельмі добрым каталіком”.

XS
SM
MD
LG