Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паведамляе прэсавая служба беларускага кіраўніка, Аляксандар Лукашэнка прызначыў Уладзімера Пуціна кіраўніком так званага саюзнага саўміна.


“Старшыня Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка 27 траўня падпісаў пастанову аб прызначэньні Уладзімера Пуціна старшынём Савета міністраў Саюзнай дзяржавы. Свой подпіс пад гэтым дакумэнтам паставіў таксама прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітрый Мядзьведзеў”,-- паведамляе прэсавая служба беларускага кіраўніка.

Саюзная дзяржава – інтэграцыйная структура, якая ня мае вялікіх паўнамоцтваў, яна звычайна ўхваляе бюджэт так званых саюзных праграм і праводзіць штогадовыя паседжаньні Вышэйшага дзяржсавету ды саюзнага саўміну.

Менскі палітоляг Віталь Сіліцкі назваў прызначэньне А. Лукашэнкам У. Пуціна цікавым, але фармальным эпізодам:

“Гэта зроблена паводле традыцыі: старшыня Вышэйшага дзяржсавету -- беларускі прэзыдэнт, а старшыня саўміну – расейскі прэм’ер-міністар. Так што гэта звычайная інстытуцыянальная рэч, ідзе ратацыя: то расейскі прэзыдэнт старшыня дзяржсавету, а беларускі прэм’ер -- старшыня саўміну, то наадварот”.

Пуцін артыкуляваў сваю палітыку ў дачыненьні да Беларусі як прасоўваньне расейскага бізнэсу
На думку В. Сіліцкага, асаблівага пажваўленьня інтэграцыйных працэсаў гэтая ракіроўка не прынясе, за 8 гадоў прэзыдэнцтва Пуцін зразумеў, як пашыраць уплыў на Беларусь:

“Пуцін артыкуляваў сваю палітыку ў дачыненьні да Беларусі як прасоўваньне расейскага бізнэсу. Цана пытаньня – кошты на энэрганосьбіты. Гэта прагучала без ранейшага прэзыдэнцкага палітэсу, ён робіць гэта як старшыня ўраду Расеі”.
XS
SM
MD
LG