Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Беларусі сёньня размаўляў з прэм’ерам Расеі, які прыбыў у Менск на паседжаньне Рады кіраўнікоў урадаў СНД. Асноўнай тэмай стала сытуацыя ў “саюзнай дзяржаве” Беларусі і Расеі.

Лукашэнка размаўляў з Пуціным

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што “на сёньняшні дзень у нас няма буйных праблемаў, нашы ведамствы працуюць эфэктыўна. Але сёньня ўжо той пэрыяд, калі мы можам прымаць больш сур'ёзныя рашэньні”.

Афіцыйныя мэдыі перадаюць, што “Уладзімер Пуцін лічыць магчымым абмеркаваць з прэзыдэнтам Беларусі двухбаковае супрацоўніцтва ў пытаньнях энэргетыкі, транспарту, сувязі і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва”. Аднак, калі адбудзецца такое абмеркаваньне, не паведамляецца.

У Менску кіруе Цімашэнка

Год таму Украіна, якая пачала старшыняваць на сустрэчах кіраўнікоў урадаў, выступіла зь ініцыятывай абнародаваць праграму дзеяньняў на год. І зрабіла гэта.

Сёньня Юлія Цімашэнка заявіла, што гэту ініцыятыву трэба ператварыць у традыцыю: “Яна робіць краіну-старшыню генэратарам, дынамічнай сілай дасягненьня пастаўленых залач”.


К.Габашвілі: Расейскія дзеяньні ў СНД – гэта поўная зьнявага гэтай арганізацыі


Кіраўнік камітэта па міжнародных справах парлямэнту Грузіі Катэ Габашвілі сказаў, што СНД абсалютна неэфэктыўная структура.



Лукашэнка хоча надаць СНД “другое дыханьне”

Прэзыдэнт Беларусі, які сёньня выступіў перад удзельнікамі сустрэчы кіраўнікоў урадаў краінаў СНД, казаў пра неабходнасьць зрабіць працу Садружнасьці больш эфэктыўнай:

“Ад нашага ўменьня слухаць адзін аднаго, знаходзіць шляхі рашэньня складаных пытаньняў, ад гатоўнасьці ажыцьцяўляць словы ў канкрэтныя справы залежыць, ці атрымае СНД “другое дыханьне”, рэальны дадатковы імпульс для далейшага руху”.

Асобую ролю ў гэтым беларускі кіраўнік аддае Расеі, якую называе “лякаматывам інтэграцыі”:

“Менавіта ад пазыцыі Расеі зь яе чалавечым, тэрытарыяльным, рэсурсным і эканамічным патэнцыялам залежыць рэалізацыя многіх задач і праектаў, якія скіраваныя на ўмацаваньне нашых эканомік нашых краінаў, падвышэньне роўня жыцьця простых людзей”.


“Лукашэнка проста не разумее сытуацыю”

Аглядальніца Сьвятлана Калінкіна пракамэнтавала гэтыя выказваньні


Лукашэнка размаўляе з прэм’ерамі


У Авальнай залі Нацыянальнай бібліятэкі пачалася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з удзельнікамі паседжаньня Рады кіраўнікоў урадаў краінаў СНД.

Пасьля яе завяршэньня госьці правядуць два паседжаньні – спачатку ў вузкім складзе, а затым у пашыраным, з удзелам экспэртаў.

Прыляцела Юлія ЦІмашэнка

Прэм’ер-міністар ураду Украіны Юлія Цімашэнка прыляцела ў Менск. Яна будзе ўдзельнічаць у паседжаньні кіраўнікоў урадаў краінаў СНД.

Прэсавая служба ўраду Беларусі перадае, што на сёньня заплянаваная двухбаковая сустрэча Сідорскага і Цімашэнкі.


Пуцін ужо ў Менску

Расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін прыляцеў у Менск для ўдзелу ў паседжаньні кіраўнікоў урадаў дзяржаваў СНД.


Гасьцей з СНД прыме Лукашэнка

Паседжаньне пачнецца ў 12.45. Перад ягоным пачаткам заплянавана 45-хвілінная сустрэча гасьцей з Аляксандрам Лукашэнкам.

Не ўсе краіны прадстаўленыя ў Менску прэм’ерамі. Казахстан, Узбэкістан і Туркмэністан абмежаваліся віцэ-прэм’ерамі.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў гаворыць, што ў парадку дня паседжаньня два дзесяткі пытаньняў:

“Бальшыня зь іх тычыцца ўзаемадзеяньня дзяржаваў-удзельніц у эканамічнай і фінансавай сфэрах, у галіне сацыяльнай палітыкі і барацьбе са злачыннасьцю.

Цэнтральным пытаньнем стане абмеркаваньне выкананьня даручэньняў Рады кіраўнікоў дзяржаваў і Рады кіраўнікоў урадаў аб падрыхтоўцы праекту стратэгіі эканамічнага разьвіцьця СНД, а таксама аб узгодненай транспартнай палітыцы і супольных захадах для павышэньня харчовай бясьпекі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG