Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 7 траўня. Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і галоўны рэдактар часопісу “Архэ” Валер Булгакаў зь Менску.


Адбылася інаўгурацыя трэцяга прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Як можна ацаніць пуцінскі пэрыяд беларуска-расейскіх дачыненьняў? Хто насамрэч стане кіраваць Расеяй: Пуцін, Мядзьведзеў, ці будзе дуўмвірат? Як выглядаюць пэрспэктывы адносін паміж дзьвюма дзяржавамі?

Пуцінскі пэрыяд беларуска-расейскіх дачыненьняў

Валер Карбалевіч: “Уладзімер Пуцін прыступіў да выкананьня абавязкаў прэзыдэнта Расеі ў канцы 1999 году, літаральна празь некалькі дзён пасьля падпісаньня ў Крамлі дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Здавалася б, быў моцны грунт для рэалізацыі праекту інтэграцыі дзьвюх краін.

Аднак што далей, то болей дачыненьні паміж дзьвюма дзяржавамі і іх кіраўнікамі рабіліся напружанымі. Газавыя, нафтавыя войны, як вынік крызісных стасункаў адклалі інтэграцыйны праект на сьвятое ніколі, ператварылі яго ў міт.

Як бы вы ацанілі пуцінскі пэрыяд беларуска-расейскіх дачыненьняў? Чаму інтэграцыйны праект зайшоў у тупік? Прычыны гэтага носяць аб’ектыўны ці суб’ектыўны характар?”

Кірыл Коктыш
: “Было некалькі саюзных праектаў. Адзін праект быў пры Ельцыну, другі — пры Пуціну да 2006 году, і трэці мы назіраем цяпер.

Пры Ельцыну сутнасьць дачыненьняў была простая і вызначалася формулай “Пацалункі ў абмен на танныя энэрганосьбіты”. Для Ельцына гэты праект быў амаль адзіным, які расейскае грамадзтва прызнала як посьпех.

Для Пуціна ж беларуска-расейскія дачыненьні не былі чыньнікам легітымнасьці. Таму ён паспрабаваў рацыяналізаваць гэты праект, разьдзяліць эканамічныя і палітычныя пытаньні. Лукашэнка гэтаму супраціўляўся і імкнуўся вярнуць тую мадэль, якая існавала пры Ельцыне.

Таму пачаліся канфлікты, пачынаючы са знакамітай фразы Пуціна пра мух і катлеты і сканчаючы нафтагазавай вайной. Узьнік ступар. Эканамічная і палітычная інтэграцыя не адбылася. Затое часткова рэалізаваныя ваенная інтэграцыя і інтэграцыя ў сацыяльнай сфэры.

З 2007 году нафтагазавае пытаньне было вынесена за межы інтэграцыі. Сёньня цяжка сказаць, што такое інтэграцыйны праект бяз танных энэрганосьбітаў. Таму лёс саюзнай дзяржавы застаецца нявызначаным”.

Валер Булгакаў
: “Я б не пагадзіўся з тым, што беларуска-расейская інтэграцыя стала мітам, зайшла ў тупік. Бо сама рытарычная фігура саюзнай дзяржавы застаецца запатрабаванай беларускімі і расейскімі элітамі, у тым ліку апазыцыйнымі. Эканамічная інтэграцыя, няхай у досыць вычварных формах, нетыповых для Захаду, стала фактам.

Кансалідацыя ўлады, ажыцьцёўленая Пуціным, зрабіла немагчымым дзейнасьць Лукашэнкі на расейскай палітычнай пляцоўцы. Ён ужо ня мог ладзіць туры па расейскіх рэгіёнах і наладжваць сувязі з тамтэйшымі элітамі. Лукашэнка ўспрыняў гэта як крыўду, што прывяло да напружанасьці паміж Менскам і Масквой.

На мой погляд, казаць пра рацыяналізацыю палітыкі Расеі адносна Беларусі пры Пуціну не выпадае. Бо Беларусь атрымлівае агромністыя энэргетычныя гранты, каля 5 мільярдаў даляраў, што роўна 10—11% валавога ўнутранага прадукту краіны.

Галоўная перашкода для збліжэньня дзьвюх краінаў — аўтарытарныя рэжымы ў абедзьвюх дзяржавах. Было б, напрыклад, вельмі наіўна спадзявацца, што Лукашэнка падзеліцца рычагамі ўлады з Расеяй”.

Карбалевіч: “Сп. Булгакаў, вы не пагадзіліся з высновай сп. Коктыша, што інтэграцыйны праект зайшоў у тупік. Дык, па-вашаму, выглядае, што беларуска-расейская інтэграцыя ў пэрыяд Пуціна пасьпяхова разьвівалася?”

Булгакаў: “Яна набыла іншыя формы, стала скачкападобнай. Вось такі факт. Больш за 60% сырой расейскай нафты сёлета перапрацоўваецца на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах (НПЗ). Кіраўніцтва Беларусі нават разважае пра будаўніцтва трэцяга НПЗ. І які цьвярозы чалавек будзе сьцьвярджаць, што не адбываецца інтэграцыя?”

Коктыш: “Адбылася эканамічная інтэграцыя паміж кампаніямі, якія можна пералічыць на пальцах адной рукі. Яна мае далёкае дачыненьне да той інтэграцыі, якая прадугледжвалася саюзнымі пагадненьнямі.

Як паказала нафтагазавая вайна, такая форма інтэграцыі можа быць успрынятая кіраўніцтвам Расеі як шкодная для яе інтарэсаў. І можа быць хутка прыпыненая, як ужо адзін раз адбылося. Таму гэты працэс ня мае рэсурсу росту, калі ў ім перастануць быць зацікаўленыя пэўныя колы расейскага бізнэсу. Дзяржаўнае кіраўніцтва Расеі можа безь ніякіх наступстваў для сябе, без абурэньня ўласнага насельніцтва гэта імгненна прыпыніць. І ніхто ў Расеі не заўважыць. Гэта і азначае, што інтэграцыі амаль няма”.

Хто будзе кіраваць Расеяй?

Карбалевіч: “Адбылася інаўгурацыя трэцяга прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Аднак у палітычным, экспэртным асяродзьдзі працягваюцца дыскусіі на тэму, хто насамрэч будзе кіраваць Расеяй: Пуцін ці Мядзьведзеў? Ці будзе дуўмвірат, тандэм, дуэт?”

Коктыш: “Першынство прэзыдэнта зафіксавана ў Канстытуцыі Расеі. Але ж паўнамоцтвы прэм’ер-міністра не нашмат меншыя. Ельцын выходзіў з гэтага складанага становішча тым, што няспынна мяняў прэм’ераў.

Пуцін у першы тэрмін свайго праўленьня амаль не кіраваў непасрэдна, а толькі ўвасабляў уладу. А калі ў другі тэрмін ён пачаў кіраваць сам, то імгненна ўрад стаў тэхнічным.

Калі меркаваць па тых заявах, які былі зробленыя Пуціным і Мядзьведзевым, новы прэзыдэнт будзе адказваць за вонкавую палітыку. А Пуцін будзе адказваць за эканоміку і сацыяльную палітыку. Так будзе пачынацца прэзыдэнцтва Мядзьведзева. А што будзе далей, ніхто ня скажа”.

Якія пэрспэктывы ўзаемаадносін паміж дзьвюма дзяржавамі?

Карбалевіч: “Якімі будуць беларуска-расейскія дачыненьні пры Мядзьведзеву? Здаецца, з пачатку году іх вэктар паказвае ў бок пацяпленьня. Цана на газ для Беларусі такая льготная, што расейскія субсыдыі Беларусі ня толькі не скараціліся, як было абвешчана год таму, а нават узрасьлі. Беларусь атрымала льготны расейскі крэдыт на 1,5 мільярда даляраў і вядуцца перамовы пра новы крэдыт на 2 мільярды. Пляны Ўкраіны па ўступленьні ў НАТО выклікалі гістэрычную рэакцыю ў Расеі, варта толькі ўзгадаць выступ Пуціна на Бухарэсцкім саміце НАТО. І гэта, здаецца, таксама важны чыньнік умацаваньня беларуска-расейскіх дачыненьняў. Як вам бачацца пэрспэктывы адносін паміж дзьвюма дзяржавамі?”

Булгакаў: “Сёлетнія льготныя варункі пастаўкі энэрганосьбітаў абвяргаюць тэзу сп. Коктыша, што расейскі народ не ўспрыняў бы абвастрэньня пазыцыі Масквы па гэтым пытаньні. Кіраўніцтва Расеі вырашыла не разгойдваць сытуацыю, каб бязбольна забясьпечыць перадачу ўлады. Бо калі б цана на газ для Беларусі вырасла ў 2—3 разы, то гэта наўрад ці ўмацавала б рэйтынг Мядзьведзева.

Само выбраньне новага прэзыдэнта Расеі вельмі непрыемнае Лукашэнку. Бо Беларусь застаецца адзінай краінай у рэгіёне, дзе не адбываецца ратацыя ўлады з 1994 году.

Нішто не паказвае, што курс Крамля адносна Беларусі зьменіцца. Беларусь пры Лукашэнку пасьпяхова прадае ўнутраную русыфікацыю, зьнішчэньне нацыянальнай культуры, зьнішчэньне палітычных свабод у абмен на газавыя і іншыя падачкі з боку Расеі”.

Коктыш: “Апошні тэзіс сп. Булгакава — гэта экстрапаляцыя беларускіх думак на расейскую рэчаіснасьць, якая зусім іншая. Сёньня Расея, з аднаго боку, падвышае цэны на газ, а з другога боку — яна кампэнсуе гэта пастаўкамі нафты, дзяржзаказам на расейскую прамысловую прадукцыю.

Расея пачала будаваць транзытную альтэрнатыву Беларусі і Ўкраіне. Маю на ўвазе Паўночна-Эўрапейскі газаправод, які будзе пабудаваны праз 3,5 гады, Балтыйскую трубаправодную сыстэму-2, будаўніцтва якой можа пачацца празь месяц, станцыі выяўленьня пускаў ракет пад Пецярбургам.

Цяперашняя палітыка Масквы адносна Беларусі будзе працягвацца роўна столькі, пакуль ня зьявіцца альтэрнатыва. Беларусь павінна выйсьці на рынкавы кошт на газ тады, калі ў Расеі зьявіцца альтэрнатыва. Тады двухбаковая залежнасьць Беларусі і Расеі ператворыцца ў аднабаковую залежнасьць Беларусі ад Расеі. А вось што адбудзецца тады, невядома”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG