Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Удзельнічае гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі. Эфір 15 траўня 2008 году.


“Гулка грыміць лес. Стрэлы і крыкі ў сто разоў гусьцейшыя і бліжэйшыя, ломяцца галіны, чуваць марш цяжкай масы. Праз хвіліну ўбачым маскоўцаў, а перад намі -- прасека, ціхая, аблітая сонцам. Замігалі шэрыя шынялі, бліснула зброя і белыя акруглыя воблачкі на фоне лесу. Маскалі займаюць супрацьлеглы край прасекі. Хаваюцца за дрэвы, але наперад, нягледзячы на загады афіцэраў, ня рухаюцца. Відаць, іх непакоіць ціш з нашага боку. Нарэшце з трэскам і стрэламі рухаюцца шасьцёркамі. Была гэта хвіліна збавеньня, сэрцы біліся гвалтоўна, яшчэ 40 крокаў, і вытнуць ў штыхі, але раздаўся знаёмы нам моцны голас: “Агонь, хлопцы, усёй лініяй!” І ад канца да канца праляцеў выбух больш сотні стрэлаў, а потым ціша і дым. Ня граюць трубы, маўчыць “ура!”
-- Добра, добра, спраўна, набіць зброю, востра хлопцы! -- гукае расчырванелы Нарбут, абабягаючы ўсю лінію.
Зноўку граюць трубы і чуваць маскоўская каманда, зноўку грымяць стрэлы і “Ура, вперёд ребята!” Ломяцца кусты. Прымушаныя, гнаныя сілай паслушэнства, кідаюцца маскалі галавою ўніз з штыхамі наперад. Ужо, ужо сядзяць нам на карку. Яшчэ хвіліна, і ўсе кінемся наўцёкі. Але на выгук “Агонь, прыцэльна!” запальваюцца 150 стрэльбаў на нашай лініі. Воблака дыму закрывае ўсё, уціхае трэск, чуваць толькі енкі раненых і канаючых з абодвух бакоў.

З успамінаў Міхала Андрыёлі. 1863 год”.


Вячаслаў Ракіцкі: “145 гадоў таму травеньскімі днямі адбыўся шэраг крывавых бітваў беларускіх, польскіх і літоўскіх паўстанцаў супраць Расеі. Выдатны мастак Міхал Андрыёлі быў таксама актыўным удзельнікам паўстаньня 1863 году пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Пазьней Андрыёлі прысьвяціў тым падзеям нізку твораў. Ён памяняў пяро і пэндзаль на паўстанцкі штык і шаблю. А ці толькі ён? Ці шмат людзей мастацтва прынялі удзел у паўстаньні?”



Сяргей Харэўскі:
“У баку ад нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863 году не застаўся, бадай, ніводзін з нашых творцаў. Многія былі арыштаваныя яшчэ напярэдадні паўстаньня за нелегальную дзейнасьць, напрыклад, у Менску Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і фатограф Антон Прушынскі. Сярод непасрэдных удзельнікаў былі выдатны жывапісец Альфрэд Ізідар Ромер, скульптар Генрык Дмахоўскі, якога ў сьвеце ведаюць пад псэўданімам Генры Сандэрс (ён загінуў 26 траўня 1863 году каля вёскі Парэчча пад Барысавам), славуты фатограф, сьпявак і мастак Ахіла Банольдзі, той жа самы Міхал Андрыёлі, які ваяваў зь ім у адным атрадзе з Францішкам Багушэвічам, ды шмат іншых”.


Ракіцкі: “Я разумею, Сяргей, што косы бралі ў рукі і ішлі змагацца супраць расейскага прыгнёту сяляне. Але чаго не хапала гэтым людзям, так званай інтэлігенцыі?”

Харэўскі: “Наконт колькасьці сялянаў, якія бралі ўдзел у паўстаньні Каліноўскага, дык лічбы розьняцца. А выступалі найперш інтэлігенты, тыя, хто ня мог дзейнічаць інакш. Самы яскравы прыклад – Генры Сандэрс. Чалавек у росквіце славы, заснавальнік амэрыканскай школы скульптуры, чые творы стаяць у Кангрэсе ЗША, ён усё кідае ў Філадэльфіі і ў сталым веку пераяжджае ў Беларусь, каб загінуць у адным зь першых баёў. Як матылькі, яны зьляталіся на гэты агонь. Яны не маглі інакш, у іх не было іншага выбару, бо яны былі так выхаваныя”.

Ракіцкі: “А пазьней людзі мастацтва ўслаўлялі тое паўстаньне і яго герояў у сваіх творах. Дарэчы, Сяргей, я ведаю, што ты і сам напісаў карціну, прысьвечаную паўстаньню 1863 году. Гэта было ў далёкія ўжо твае студэнцкія гады. Які сюжэт ты абраў?”

Харэўскі: “Так, гэта была мая дыплёмная праца ў Менскай мастацкай вучэльні імя Глебава. А звалася яна “Сеча пад Мілавідамі”. Гэта было ажно ў 1985-1986 гадох. На мяне, навучэнца мастакоўскай вучэльні зрабіла вялікае ўражаньне выстава, прысьвечаная юбілею паўстаньня, што адбылася ў “Палацы мастацтва” ў 1983 годзе”.

Ракіцкі: “Чаму менавіта Мілавіды?

Харэўскі: “Спачатку мяне ўразіў сам факт пераможнай, ці дакладней сказаць, вялікай бітвы, дзе расейскім карнікам паўстанцы нанесьлі моцныя страты. А калі я ўзяў у рукі пульхныя тамы збору дакумэнтаў “Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии”, што быў выдадзены ў Маскве ў 1963 годзе, дык у індэксе імёнаў знайшоў родныя прозьвішчы маіх сваякоў па ўсіх чатырох лініях: Харэўскія, Баркоўскія, Хмялеўскія, Адамовічы. Такім чынам для мяне гэта стала асабістай справаю прысьвяціць твор сваім продкам-героям”.

Ракіцкі: “Гэта быў савецкі час. Наколькі гэта было небясьпечна? Па-другое, ці часта мастакі, асабліва юныя, у тую пару разважалі над подзьвігамі каліноўцаў?”

Харэўскі: “Гэта быў савецкі час, але ўжо і час перабудовы. Таму і рэакцыя была неадназначная. Дырэктар вучэльні і парторг вычувалі нейкую крамолу, бо ўсё было навідавоку: беларускія паўстанцы б’юцца з расейскімі жаўнерамі. Але сфармуляваць, што ня так, ім было цяжка. Але за мяне рашуча заступіўся славуты мастак і пэдагог Альгерд Малішэўскі. Пазьней, калі ўжо адбывалася сама абарона дыплёму, маю працу пахваліў выкладчык Тэатральна-мастацкага інстытуту, вядомы жывапісец Віктар Грамыка. Ужо добра пазьней я дазнаўся, што і ў Грамыкавым радаводзе былі інсургенты. Так, і бацька, і дзядзька вядомага пісьменьніка Міхайлы Грамыкі, таксама спрычыніліся да таго паўстаньня”.

Ракіцкі: “Шмат хто зь сёньняшніх беларусаў маюць продкаў сярод удзельнікаў паўстаньня пад кіраўніцтвам Каліноўскага... І вось што цікава: у савецкую пару навучэнцы мастацкіх вучэльняў маглі маляваць батальныя творы пра змаганьне беларусаў супраць расейцаў ды яшчэ з выявай “Пагоні” на палатне…”

Харэўскі: “Так! Сёньня гэта ўявіць сабе немагчыма. Зрэшты, і растлумачыць тагачаснае стаўленьне камуністычных ідэолягаў да паўстаньня 1863 году. З аднаго боку – катэгарычная цэнзура на поўныя тэксты “Мужыцкай праўды”. Не друкавалі ж тады "Прыказ... ...да народу зямлі літоўскай і беларускай", які Каліноўскі выдаў па-беларуску. Узгадайма хоць бы такія словы з праклямацыі: “А калі гдзе маскаль быў дурны да даў вам стрэльбы, то вы, у ночы закалоўшы салдатаў маскоўскіх, у лес уцякайце, бо гэта лепш будзе за ўсё”. Зь іншага боку – існавала гэтак званая інтэрнацыянальная ляяльнасьць да сюжэту паўстаньня беларусаў, палякаў і літоўцаў супраць расейскага царызму”.

Ракіцкі: “А адкуль тады, у сярэдзіне 1980-х гадоў, студэнты, школьнікі дазнаваліся праўды пра тое паўстаньне?”

Харэўскі: “Насамрэч, крыніцаў хапала -- і маскоўскіх акадэмічных выданьняў, таксама багата было і беларускіх публікацыяў. Шмат пісалі пра 1863 год беларускія гісторыкі Уладзімер Перцаў, Анатоль Сьмірноў, Іван Лушчыцкі, Генадзь Кісялёў, Сусанна Самбук. Каліноўскі стаў героем паэмаў нават у Танка зь Віткам, пра паўстаньне выходзілі кнігі Караткевіча, Мальдзіса, Хомчанкі. І, па праўдзе, хадзіла розная “нелегальная” літаратура па руках – заходнебеларускія пэрыёдыкі, фатакопіі арыгіналу “Мужыцкай праўды”. Спыніць, перахапіць гэта было немагчымым”.

Ракіцкі: “Чаму ж існавала такая пазыцыя ў савецкія часы? Чаму не выціралася памяць пра 1863 год?”

Харэўскі: “Адказаць на гэта пытаньне даволі цяжка. Справа ў тым, што на паўстаньне Каліноўскага можа існаваць толькі два погляды – нацыянальна-дэмакратычны (агульны для беларусаў, літоўцаў і палякаў – погляд эўрапейскі) і расейска-шавіністычны (паўстанцы – гэта мяцежнікі, ворагі Расеі і “ісьціннага праваслаўя”, сёньняшняй моваю – тэрарысты). Так што выбар і тады, і сёньня толькі паміж дзьвюма гэтымі пазыцыямі. Трэцяга ня дадзена. Таму камуністы-інтэрнацыяналісты ў “народнай” Польшчы і ў СССР ніяк не заміналі разьвіцьцю цэлага накірунку ў нашай нацыянальнай гістарыяграфіі. Нагадаю, і подзьвіг Ігната Грынявіцкага, які забіў цара Аляксандра ІІ, помсьцячы за расправу над нацыянальна-вызвольным рухам, бачыўся ў савецкай гістарыяграфіі цалкам пазытыўна. Але дыялектычна гэта спрыяла росту беларускага нацыяналізму”.

Ракіцкі: “І за савецкія часы, і сёньня многія хацелі і хочуць бачыць у вобразах паўстанцаў палякаў. Наколькі справядлівае такое ўяўленьне пра паўстаньне, як польскае і каталіцкае?”

Харэўскі: “Гэта зусім несправядліва і няслушна. У паўстаньні, апроч беларусаў, тых жа палякаў, удзельнічалі і літоўцы, і ўкраінцы на Валыні, і татары, а таксама і немцы і, нават італьянцы – тыя ж Банольдзі і Андрыёлі… На бок паўстанцаў пераходзілі й некаторыя расейскія афіцэры”.

Ракіцкі: “Ёсьць сьведчаньні, што ў паўстаньні прымалі ўдзел людзі розных і веравызнаньняў. Гэтак начальнік штаба карных войскаў у Гарадзенскай губэрні пісаў: "Каля вёскі Мілавід (на мяжы Гарадзенскай і Менскай губэрняў) у траўні сяляне цэлымі станамі бралі праваслаўную прысягу на вернасьць мяцяжу". Сяргей, наколькі тыповай была такая зьява, калі на бок шляхецкіх паўстанцаў, каталікоў пераходзілі праваслаўныя сяляне?”

Харэўскі: “Можа, не тыповай, але зусім ня рэдкай. Сапраўды, 17 траўня 1863 году Ігнацы Лукашэвіч, калі заняў са сваім атрадам вёску Дабрамысел, сабраным у царкве сябрам воласьці абвясьціў увядзеньне сялянаў ва ўласнасьць і ўраўнаньні ў саслоўных правох. Аб'яву гэту зрабіў ён разам з тутэйшым сьвятаром праваслаўнай царквы Хрыневічам. Затым сяляне пакляліся быць адданымі паўстаньню. Пад рашэньнем падпісаліся начальнік слонімскага паўстанцкага аддзелу Лукашэвіч, старшыня воласьці Ян Лазарчук і сяляне Зьмітрук Шачэла й Тамаш Каневехта. Між іншым, ёсьць неаднаразовыя сьведчаньні пра ўдзел у нашым паўстаньні і праваслаўных сьвятароў. Гэтак, напрыклад, быў высланы ў Сыбір мазырскі пратаірэй Іаан Маціевіч, выпускнік Кіеўскай духоўнай сэмінарыі, за “сочувствие и помощь» паўстанцам. Прымалі ў паўстаньні ўдзел і рэфарматы, і тутэйшыя мусульмане, і юдэі. Таму гаварыць аб выключна каталіцкім характары паўстаньня – інсынуацыя”.

Ракіцкі: “Адкуль было столькі непрымірымасьці, столькі крыўды ў тутэйшых людзей, што яны з ахвотаю прымалі ідэі паўстаньня па ўсім краі -- ад Горадні да Мазыру?”

Харэўскі: “Вось тут акурат і выявілася непрыманьне той рэлігійнай палітыкі, што праводзіў расейскі ўрад. Паводле аўтарытэтнага дасьледаваньня Уладзіміра Дзьякава “Карательная политика царизма по отношению к католическому духовенству (1832-1855)”, дзе прыведзеныя зьвесткі пра рэпрэсіі й сьмяротныя прысуды каталіцкім сьвятарам ужо пасьля задушэньня паўстаньня 1831-1832 гадоў, каля дзьвюх з паловаю сотняў ксяндзоў зь Беларусі й Валыні былі пакараныя расейскімі ўладамі ў 1840-я, 1850-я гады. А пра гвалтоўнае ўвядзеньне праваслаўнага абраду ў Беларусі пісалі нават у Пецярбурзе. Пра зьдзекі зь беларускіх грэка-каталікоў абурана пісаў Леў Талстой. А Аляксандар Герцэн надрукаваў у сваім лёнданскім «Колоколе» артыкул “Секущее православие”. Ня сьціх ў народзе боль ад супрацьстаяньня 1812 году, ад вайны 1832 году. Таму разам з эканамічнымі і культурнымі прычынамі глеба для выбуху была відавочна падрыхтаваная”.

Ракіцкі: “І паўстаньне выбухнула. Паводле гістарычных зьвестак, у баях прымала ўдзел больш за 30 тысяч паўстанцаў. Адбылося 120 бітваў з расейцамі. На палях бітваў засталося ад 11 да 30 тысяч паўстанцаў. 38 тысяч прыхільнікаў студзеньскага паўстаньня 1863 году апынуліся ў Сыбіры. Больш за 10 тысяч чалавек падаліся на чужыну ў Эўропу й Амэрыку. І ў сапраўднай вайне з расейскім царызмам беларусаў, палякаў і літоўцаў асаблівае месца займае сеча пад Мілавідамі 22 траўня 1863 году, дзе паўстанцы атрымалі сапраўдную перамогу”.

Пра бітву пад Мілавідамі 22 траўня 1863 году слухайце ў эфіры і чытайце на сайце Радыё Свабода ў наступны чацьвер – 22 траўня 2008 году.

XS
SM
MD
LG