Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбар несавецкай эліты -- Беларусь


Удзельнічае гісторык Алег Гардзіенка Эфір 1 траўня 2008 году


“Немцы не перашкаджалі тым справам, якімі займалася беларуская інтэлігенцыя. Беларусы ўсё рабілі самі Я таксама варыўся ў гэтым катле, аднак мой пэрсанальны ўклад у беларускую справу невялікі. У “Беларускай газэце” я быў тэхнічным, а ня творчым супрацоўнікам… Але чым дыхае і ў якіх умовах працуе рэдакцыя, я разьбіраўся няблага. Паўнацэнную справу весьці было цяжка — нямецкая цэнзура паводзіла сябе надта жорстка. Аб яе і рушыліся рэдакцыйныя пляны. У выніку асноўнае месца ў газэце адводзілася ваенным падзеям. Удзялялася ўвага літаратуры, культуры, аднак не такая вялікая, як таго хацеў Антон Адамовіч — заўзяты беларускі патрыёт... Я добра памятаю кожнага супрацоўніка рэдакцыі: Савёнка, Шкялёнка, Сянькевіча, Плашчынскага, Левановіча, зразумела, сваю маму [Натальлю Арсеньневу], якая рабіла карэктуру. Рэдакцыя нашая месьцілася на вуліцы Інтэрнацыянальная, каля касьцёлу, што на Пляцы волі. Насупраць быў будынак радыё. Рэдакцыя “Беларускай газэты” сапраўды была цэнтрам беларускасьці ў Менску, і таму да нас часта заходзілі людзі, якія прыяжджалі з правінцыі. У асноўным — проста, каб пагаварыць. Немцы ж у пакоі рэдакцыі не заходзілі ніколі”.

З успамінаў Ўладзімера Кушаля, зьмешчаных у кнізе Аляксандра Адзінца “Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў”


Вячаслаў Ракіцкі: “Ва ўспамінах Уладзімера Кушаля названыя імёны знаных людзей, якія працавалі ў беларускай газэце пры нямецкіх акупантах. Як патлумачыць іхны ўчынак?”

Алег Гардзіенка: “Яны проста выкарыстоўвалі тыя сьціплыя магчымасьці, якія давала нямецкая акупацыя”.

Ракіцкі: “Вайна, акупацыя паставілі беларускую інтэлігенцыю (лекараў, настаўнікаў, навукоўцаў, пісьменьнікаў) перад выбарам, з кім быць? Якія варыянты выбару ў іх былі?”

Гардзіенка: “Калі мы гаворым пра беларускую інтэлігенцыю падчас вайны, то павінны яе разьмяжоўваць на савецкую і антысавецкую. А таксама трэба ўсьведамляць розьніцу, як найменей, паміж Заходняй і Усходняй Беларусьсю, бо ўмовы жыцьця ў іх і да 1941 году, і падчас нямецкай акупацыі было розныя. Прадстаўнікі савецкай інтэлігенцыі ў першыя дні вайны ў большасьці сваёй эвакуяваліся. Той, хто не пасьпеў гэтага зрабіць, спрабаваў прыстасавацца да новых умоваў жыцьця: або далучыўся да падпольля, або імкнуўся пераседзець акупацыю, знаходзячыся ў пасіўным супраціве немцам ці наогул ня браць удзелу ў грамадзкім жыцьці”.

Ракіцкі: “Пра прасавецкую інтэлігенцыю нам ужо даўно ўсё вядома. Больш цікавыя матывацыя выбару і лёс несавецкай інтэлігенцыі -- тых людзей, для якіх нацыянальнае было вышэй за камуністычнае. Як успрынялі нямецкую акупацыю 1941 году прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі з Заходняй Беларусі?”

Гардзіенка: “Для большасьці жыхароў Заходняй Беларусі ўвогуле акупацыя 1941 году была ўсяго толькі чарговай зьменай улады. Маладзейшае пакаленьне пажыло за польскім часам, зьведала пэрыяд першых саветаў, старэйшыя дзеячы засьпелі таксама яшчэ царскую Расею, першых немцаў, бальшавікоў. Частка інтэлектуалаў лічыла, што ніхто– ні Польшча, ні Расея, ні СССР -- ня вырашылі, на іх думку, беларускага пытаньня”.

Ракіцкі: “І яны шукалі саюзьнікаў дзеля стварэньня беларускай дзяржавы?”

Гардзіенка: “Так, бо ўласна беларускія сілы, што ў 1910-х гадох, што ў канцы 1930-х, былі мізэрныя. Таму пошук саюзьнікаў быў неабходным. У 1919 годзе частка эліты ставіла на савецкую Расею. Іншыя паверылі ў дэклярацыі Польшчы аб сумеснай фэдэрацыі, але потым расчараваліся. Таму ў 1939 годзе беларускае насельніцтва і вітала савецкую ўладу, каб потым таксама горка расчаравацца. А вось што пісаў прадстаўнік інтэлігенцыі, вядомы беларускі дзеяч Адольф Клімовіч з нагоды перадачы Вільні ў 1939 г. Літве: “Мы, беларусы, разглядаем прыход літоўскага войска як натуральны паварот да слаўнае літоўска-беларускае мінуўшчыны і залог такога ж мірнага сужыцьця нашых народаў сёньня і ў будучыні”. Праўда, Клімовіч таксама вельмі хутка расчараваўся ў новай літоўскай адміністрацыі, якая не хацела лічыцца зь беларусамі. Але выпадак гэты сымптаматычны. Беларуская эліта спрабавала знайсьці саюзьнікаў сярод любога, хто спрабаваў намякнуць, што будзе апекавацца вырашэньнем беларускага пытаньня”.

Ракіцкі: “Так сталася і зь немцамі?”

Гардзіенка: “Так. Па-першае, старэйшае пакаленьне памятала, што першыя немцы, якія акупавалі гэтыя тэрыторыі ў 1915 -- 1918 гадох, прыхільна ставіліся да беларускага руху. У 1939 – 1941 гадох ні для каго не было сакрэтам, што Нямеччына рыхтуецца да вайны з СССР, а адпаведна будзе спрабаваць абапірацца на нацыянальныя рухі. Хоць зь беларускімі дзеячамі сустракаліся ў Бэрліне чыноўнікі другога эшалёну, але факт перамоваў быў”.

Ракіцкі: “Вы хочаце сказаць, што беларуская нацыянальна арыентаваная эліта рыхтавалася да вайны? І нават вяла перамовы зь немцамі? Назавіце, калі ласка, прозьвішчы гэтых людзей”.

Гардзіенка: “Аднаасобна разыгрываў нямецкую карту Фабіян Акінчыц. Яшчэ ў красавіку 1939 году старшыня Рады БНР Васіль Захарка і Іван Ермачэнка зьвярнуліся з мэмарандумам да Гітлера з просьбай улічваць беларускае пытаньне. Але потым Захарка пабачыў, што немцы не зьбіраюцца супрацоўнічаць зь беларусамі як роўны з роўным, і спыніў усе захады Рады БНР. А 19 чэрвеня 1941 году на паседжаньні ў Бэрліне быў створаны Беларускі нацыянальны цэнтар, які ўзначаліў доктар Мікалай Шчорс, былы кіраўнік Беларускага студэнцкага саюзу. У склад камітэту ўвайшлі Ханяўка, Тумаш, Гадлеўскі, Шкялёнак. Цэнтар павінен быў каардынаваць беларускую дзейнасьць у Нямеччыне і Польшчы і чакаць вайны з СССР, каб потым зарыентавацца ў сытуацыі. Пасьля пачатку вайны Шчорс увайшоў у кантакт зь нямецкім вайсковым камандаваньнем і пераканаў яго перакінуць беларускі актыў з эміграцыі на Беларусь, каб дапамагчы арганізаваць беларускую адміністрацыю. Пераехалі больш за 20 чалавек, улучна з Астроўскім – ён узначаліў Менскую акругу, і Тумашам – яго прызначылі першым бурмістрам Менску. Таксама прыехалі Леанід Галяк, браты Касякі, Янка Станкевіч ды іншыя”.

Ракіцкі: “Але ж беларускі ўрад ня быў сфармаваны. Немцы падманулі даверлівых беларусаў?”

Гардзіенка: “Не зусім. Немцы не давалі ясных абяцаньняў, а проста намякалі, што ўлічаць беларускае пытаньне. Прыкладам, у ліпені 1941 году Шчорс меў кантакты зь нямецкім вайсковым камандаваньнем, і яму паабяцалі, што пытаньне аб беларускай незалежнасьці будзе вырашана, але пад канец гэтак званай усходняй кампаніі. Мікалай Шчорс у ліпені-жніўні 1941 году праехаў па беларускіх гарадох і, зразумеўшы пэрспэктывы беларускага руху і рэчаіснасьць акупацыі, адмовіўся ад далейшых плянаў па ўзначаленьні беларускага руху. Ён вярнуўся ў Варшаву, дзе ўсю вайну працаваў лекарам ды кіраваў Беларускім камітэтам. Вярнуўся празь некаторы час у Нямеччыну Вітаўт Тумаш. Радаслаў Астроўскі, наадварот, сутыкнуўшыся з пасіўнасьцю ці сабатажам нямецкіх акупацыйных уладаў у беларускім пытаньні, выехаў на ўсход: ён кіраваў адміністрацыяй на Браншчыне і Смаленшчыне”.

Ракіцкі: “Але ж ня ўсе выехалі... Як паводзілі сябе тыя, хто застаўся на акупаванай немцамі беларускай тэрыторыі?”

Гардзіенка: “Тыя, каму не было куды выяжджаць, наадварот спрабавалі выкарыстаць тыя сьціплыя магчымасьці, якія давалі немцамі. Той жа Адольф Клімовіч, які быў вельмі крытычна настроены да немцаў, беларускіх дзеячоў у Менску і байкатаваў удзел у Другім Усебеларускім Кангрэсе ў 1944 годзе, казаў, што заставацца пасіўным, нічога не рабіць у той час было б злачынствам. Не даюць немцы аўтаноміі, дык трэба працаваць настаўнікамі, выхоўваць новае пакаленьне, ствараць базу для пабудовы будучай незалежнай Беларусі, каб пры зручных абставінах пераняць уладу. А вось шматгадовы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі Радаслаў Астроўскі прызнаваў: “Мы не фантасты, а рэальныя палітыкі й, маючы 25-гадовы досьвед нашай народнай трагедыі, добра разумеем, што пры сучасных абставінах беларускі народ, ідучы па шляху да зьдзяйсьненьня свайго найвышэйшага ідэалу, павінен шукаць сабе помачы з боку больш магутнага прыязнага суседа. Палітычная каньюнктура злажылася так, што гэтым апекуном-пратэктарам для беларускага народу зьяўляецца Нямеччына”. І ў канцы 1943 годзе ён узначаліў Беларускую Цэнтральную Раду. Зазначу, што нягледзячы на тое, што немцы давалі ня так ужо шмат ўлады БЦР, Цэнтральная Рада мела яе куды болей, чым Рада БНР у 1918 годзе. Прынамсі, былі створаныя структуры ў Менску і рэгіёнах, а таксама кантралявалася школьніцтва, судовая справа, сацыяльная сфэра”.

Ракіцкі: “Дык на стварэньне якіх беларускіх арганізацыяў далі дазвол немцы?”

Гардзіенка: “Яны напачатку далі згоду толькі на стварэньне дабрачыннай Беларускай народнай самапомачы ў кастрычніку 1941 году. Паводле статуту, БНС мелася толькі дапамагаць ахвярам вайны і ратаваць насельніцтва ад голаду. Але ўжо праз год, у канцы 1942 году, БНС ператварылася ў агульнанацыянальную арганізацыю, якая кантралявала ўсе сфэры грамадзка-культурнага жыцьця, у якое, праўда, немцы збольшага ня ўмешваліся”.

Ракіцкі: “З заходнебеларускай інтэлігенцыяй больш зразумела. А менская інтэлігенцыя, якая засталася ў сталіцы? Што яна, якая прайшла савецкую муштру, рабіла ў часе акупацыі?”

Гардзіенка: “Натуральна, што ў сталіцы засталася частка інтэлігенцыі, якая не хацела ўцякаць на ўсход, але рэй вялі прыежджыя. Заставаліся мастакі, музыканты, тэхнічная інтэлігенцыя. Тэхнічная інтэлігенцыя пайшла працаваць у новыя структуры. Яна працавала ў гарадзкой управе, на заводах – многія потым былі рэпрэсаваныя. Мастакі і кампазытары мянялі профіль: калі да 1941 году абслугоўвалі савецкую ўладу, дык цяпер – нямецкую і беларускую. Шчаглоў да вайны складаў кантаты, якія ўсхвалялі савецкую рэчаіснасьць, цяпер пісаў творы, вытрыманыя ў беларускія нацыянальным духу. Мастакі таксама зараблялі -- і някепска – маляваньнем партрэтаў нямецкіх афіцэраў. Знайшлі прымяненьне ў новых умовах і тэхнічныя спэцыялісты – беларусы далучыліся да грамадзкага жыцьця. Напрыклад, выкладчык Менскай палітэхнікі Парфіры Трысмакоў узначальваў у гарадзкой управе аддзел прамысловасьці, на эміграцыі ён стаў адной з галоўных фігураў беларускага жыцьця ў аўстралійскай Адэлаідзе”.

Ракіцкі: “Немцы не далі магчымасьці стварыць беларускія палітычныя структуры. Вакол чаго тады гуртавалася нацыянальная інтэлігенцыя?”

Гардзіенка: “У акругах і паветах вакол гарадзкіх і акруговых управаў, камітэтаў самапомачы, у Менску вакол Менскай гарадзкой управы, Цэнтралі БНС, “Беларускай газэты”. Прыкладам, у “Беларускай газэце” працавалі пісьменьнікі Натальля Арсеньнева, Лявон Савёнак, Антон Адамовіч, публіцыст Мікола Шкялёнак, журналісты Мікола Караленка, Аляксей Сянькевіч, Ізыдар Плашчынскі – брат Язэпа Пушчы ды іншыя. Афіцыйная савецкая прапаганда ў пасьляваенныя гады і аж да сёньня цьвердзіць, што газэта была прафашысцкая і сеяла нянавісьць да саветаў і габрэяў. Так, у газэце друкаваліся зводкі з фронту ці прапагандысцкія нямецкія матэрыялы, бо была цэнзура. Але мала хто ведае, што на старонках “Беларускай газэты” быў надрукаваны раман Максіма Гарэцкага “Віленскія камунары” і друкаваўся пад уласным прозьвішчам Янка Брыль”.

Ракіцкі: “А які шлях абіралі праціўнікі савецкай улады з Усходняй Беларусі?”

Гардзіенка: “Тыя ўсходнікі, якія люта ненавідзелі савецкі рэжым, сьвядома ішлі на супрацоўніцтва з новай уладай. Напрыклад, выдатны беларускі паэт Уладзімер Дудзіцкі. Двойчы рэпрэсаваны ў 1930-я, у 1940 годзе ён вярнуўся ў Беларусь. Прыйшлі немцы. Дудзіцкі ўзначальваў аддзел культуры пры гарадзкой управе. Партызаны-падпольшчыкі спрабавалі перацягнуць яго на свой бок. Дудзіцкі не пагаджаўся. У 1942 годзе яны павесілі ягоную маці. Як мусіў ставіцца да бальшавікоў пісьменьнік? Нянавісьць да бальшавікоў Дудзіцкі захаваў на ўсё жыцьцё.”

Ракіцкі: “1944-ы год. Немцы адступаюць... Як вырашалі беларускія інтэлігенты новую праблему: выяжджаць зь немцамі ці не выяжджаць?”

Гардзіенка: “Бальшыня рэальна ацэньвала падзеі. Яны разумелі, што савецкая ўлада па галоўцы не пагладзіць. Людзі выбіралі шлях у невядомасьць. На эміграцыі працавалі на малааплатных працах, але заставаліся свабоднымі і не рэпрэсаванымі. Напрыклад, бурмістар Баранавічаў, пасол польскага сойму Юры Сабалеўскі рабіў сталяром у шпіталі ў Нью-Ёрку. Юрыст, аўтар незацьверджанай Канстытуцыі БНР Леанід Галяк працаваў на вафлевай фабрыцы, сьвятар Мікалай Лапіцкі пакаваў тэлевізары на фабрыцы. Але яны былі вольнымі. Яны па начах не баяліся, што па іх прыедзе чорны варанок А той хто застаўся, ці паверыў савецкай прапагандзе і вярнуўся, быў рэпрэсаваны. Прыкладам, паэт Тодар Лебяда, які нават ня змог пасьля адбыцьця тэрміну ў Сыбіры вярнуцца ў Беларусь”.

Ракіцкі: “Тыя ж, якія засталіся на радзіме, у бальшыні сваёй патрапілі ў турмы ці лягеры. Пасьля адбыцьця тэрмінаў яны працягвалі займацца сваёй працай. У свой час мне давялося працаваць побач з акторамі Палінай Ротар і Ўладзімерам Говарам-Бандарэнкам, якія працавалі ў менскім тэатры ў пару акупацыі. Нават за савецкім часам гэтых людзей паважалі. І тым ня меней, вельмі часта ад афіцыйных гісторыкаў ці ідэолягаў можна пачуць пагардлівае стаўленьне да тых людзей. Дык як да гэтых людзей ставіцца сёньня? Кім іх лічыць – калябарантамі, здраднікамі, патрыётамі?”

Гардзіенка: “Зь беларускага пункту гледжаньня ніякія яны не калябаранты. Калябарант гэта той, хто супрацоўнічае з акупацыйным рэжымам на шкоду сваёй дзяржаве і народу. Але беларусы сваёй дзяржавы ня мелі, а наадварот імкнуліся ў неспрыяльных умовах або стварыць перадумовы для аднаўленьня абвешчанай у 1918 годзе незалежнасьці, або выхоўваць нацыянальную самасьвядомасьць. Ну а тое, што абапіраліся ў першай палове 1940-х на немцаў, дык СССР і Нямеччына ў 1939-1941 гадох таксама былі саюзьнікамі”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG