Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад вайны “айчыннай” – да вайны грамадзянскай


Удзельнічае гісторык Ірына Кашталян. Эфір 8 траўня 2008 году


“18 ліпеня 1947 году ў Хідраўскім сельсавеце Кобрынскага раёну, Берасьцейскай вобласьці праводзіўся сход жыхароў вёсак, у тым ліку па тлумачэньні Ўказаў Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету СССР ад 4 чэрвеня 1947 году аб раскраданьні дзяржаўнай маёмасьці. Пасьля заканчэньня мерапрыемства раённы пракурор застаўся, каб правесці размовы па хлебанарыхтоўнай кампаніі і пазнаёміцца са сьпісамі хлебаздатчыкаў сельсавету. Прыкладна ў 0.30 пачалася страляніна з аўтаматычнай зброі ў акно дома, дзе адбываўся сход. Старшыня сельсавету быў цяжка паранены ў галаву. Удзельнікі сходу кінуліся да дзьвярэй і выбеглі ў двор. У памяшканьні засталіся старшыня сельсавету, раённы пракурор і гаспадар дома. Пасьля спыненьня страляніны ў акно дома адна за адной былі кінуты 2 гранаты, у выніку выбуху якіх тыя, хто застаўся ў доме, атрымалі асколкавыя раны. Пакуль прыехала міліцыя, вінаватыя зьбеглі. Паводле паказаньняў сьведкаў у налёце ўдзельнічалі 3 чалавекі.

Паводле дакумэнтаў Асобага сэктару ЦК КПБ”


Вячаслаў Ракіцкі: “Гэта быў 1947 год. Вайна ўжо скончылася. Дык хто мог зрабіць замах на мясцовую ўладу?”



Кашталян:
“Шмат хто. Ад незадаволеных мясцовых жыхароў (тых, хто спрабаваў такім чынам пазбавіцца пагрозы рэпрэсіяў і не жадаў аддаваць нажытую цяжкай працай маёмасьць, а магчыма, нават і апошняе, што магло ўратаваць сям’ю ад голаду) да ўдзельнікаў арганізаванага антысавецкага падпольля, для якога гэта быў адзін са спосабаў змаганьня з савецкай уладай, каб зьмяніць дзяржаўны лад у Беларусі”.

Ракіцкі: “Гэта быў рэдкі выпадак, ці такое часта здаралася? Як доўга людзі маглі супраціўляцца камуністычным уладам?”

Кашталян: “Трэба сказаць, што такі выпадак уяўляецца фактам самага радыкальнага супраціву, на які мог рашыцца ня кожны нязгодны з існуючым ладам. Просты чалавек часьцей пратэставаў у пасіўнай форме — праз скаргі, апатычную працу, сыход у горад і таму падобнае. Пэўную статыстыку мы маем толькі пра арганізаваны антысавецкім супраціў. У пэрыяд фактычна адкрытай яго дзейнасьці (1944 – 1947 гады) нават паводле самых сьціплых падліках спэцслужбаў, падпольле зьдзейсьніла 575 тэрарыстычных актаў, 39 дывэрсіяў, 252 напады на дзяржаўныя ўстановы і саветы, 735 іншых акцыяў. Атрымоўваецца, што амаль кожны дзень у БССР адбывалася нейкая акцыя супраціву. У Заходняй Беларусі з-за гэтага працяглы час захоўвалася ваеннае становішча. Трэба ўлічваць, што акцыі маглі супадаць па часе, бо прымяркоўваліся да пэўных савецкіх мерапрыемстваў – правядзеньня выбараў, арганізацыі калгасаў і іншых. Не падлічана, колькі было выпадкаў гэтак званых лякальных паўстаньняў, калі людзі стыхійна выступалі ў адказ на абуральныя дзеяньні мясцовых прадстаўнікоў улады – стварэньне калгасу праз гвалтоўнае абагульненьне сялянскай маёмасьці, збор падаткаў па завышаных тарыфах. А працягласьць змаганьня хутчэй залежала ад хуткасьці рэакцыі савецкіх карных органаў. Яны мелі адпрацаваную схему задушэння супраціву – ад арышту асабліва актыўных да правядзеньня чэкісцка-вайсковых апэрацыяў, калі прачэсвалася тэрыторыя пэўнай мясцовасьці і па падазрэньні маглі асудзіць і нават забіць любога. Для тых, хто хацеў пазьбегнуць перасьледу і жыць на легальным становішчы, заставаўся толькі адзін шлях — фармальна пагадзіцца з афіцыйный палітыкай”.

Ракіцкі: “Якія этапы прайшоў антысавецкі супраціў?”

Кашталян: “Актыўнасьць яго на працягу першага пасляваеннага дзесяцігодзьдзя няўхільна зьмяншалася пад узьдзеяньнем рэпрэсіўных фактараў савецкай улады. Мы можам вылучыць два этапы ў існаваньні антысавецкага падпольля. Першы -- другая палова 1944-га –1946 год, калі актыўнасьць удзельнікаў падпольля ў правядзеньні адкрытых акцыяў супраць савецкай улады і спадзяваньне на зьмены дзяржаўнага ладу на беларускіх тэрыторыях спалучаліся з шырокамаштабным задушэньнем супраціву ў працэсе вялікай колькасьці чэкісцка-вайсковых апэрацыяў. На другім этапе (1947 — 1952 гады) раздробленыя структуры антысавецкага падпольля існавалі ўжо ва ўмовах строгай канспірацыі і мэтанакіравана зьнішчаліся сілавымі органамі. З 1953 году да канца 1950-х гадоў дзейнічалі асобныя неарганізаваныя групы і адзіночкі, якія пры сваёй нешматлікасьці не зьмянялі агульны малюнак ліквідацыі супраціву”.

Ракіцкі: “Чаму актыўны антысавецкі супраціў быў найперш у Заходняй Беларусі?”

Кашталян: “Знаходжаньне гэтага рэгіёну ў БССР было непрацяглым. Адтэрміноўка вайной яго адаптацыі да савецкіх парадкаў падтрымала ў насельніцтва чаканьне палітычных зьменаў, накіраваных на захаваньне традыцыйнага ладу жыцьця без саветаў і калгасаў. У Заходняй Беларусі распаўсюджваліся чуткі, што супраціў пры падтрымцы заходнеэўрапейскіх краінаў можа прынесьці пажаданы вынік, якія падтрымлівалі імкненьне да змаганьня неабыякавых і радыкальна настроеных асобаў. Супраціў на тэрыторыі заходняй Беларусі па-сутнасьці насіў характар грамадзянскай вайны. Ва Ўсходняй Беларусі спадзяваньні насельніцтва на зьмены да лепшага былі хутчэй зьвязаныя з чаканьнем лібэралізацыі палітыкі савецкіх уладаў у сувязі з перамогай у вайне, у той час як супраціў уладзе быў значна слабейшым з-за нэгатыўнага досьведу вынішчэньня найбольш актыўнай часткі насельніцтва ў час вялікага тэрору 1930-х гадоў”.

Ракіцкі: “Чым так незадаволеныя былі звычайныя людзі, што нават бралі зброю ў рукі? Ад чаго і каго бараніліся?”

Кашталян: “Вёска кансэрватыўна хацела жыць па-старому, у тым ліку яе насельнікі хацелі мець пэрспэктыву павышэньня свайго матэрыяльнага дабрабыту, працуючы так, як вучылі бацькі. Таму былі незадаволеныя навязваньнем савецкай уладай іншых ідэалаў, дзе індывідуальнае было нічым ў параўнаньні з калектыўным, а за нязгоду з новымі парадкамі ці неадпаведнасьць правілам пагражала жорсткае пакараньне. У гэтым яны пасьпелі пераканацца яшчэ ў 1939 -- 1940 гадох. Удзельнічаючы ў супраціве, людзі бараніліся ад гвалту, свавольства савецкіх чыноўнікаў і карных органаў, ад несправядлівых законаў”.

Ракіцкі: “Як паводзіў сябе просты чалавек у адказ на імклівае ўкараненьне савецкіх парадкаў у Заходняй Беларусі? Якія формы супраціву выбіралі людзі?”

Кашталян: “Ён спрабаваў адаптавацца, бо самым важным для яго зьяўлялася забесьпячэньне інтарэсаў сям’і. На выбар стратэгіі паводзінаў у значнай ступені ўплываў страх перад будучыняй, які заключаўся ў боязі фізычнага і адміністратыўна-прававога прымусу, пазбаўленьня ці неатрыманьня сродкаў для існаваньня. Супраціў людзей пашыраўся ад пасіўнай, негвалтоўнай да актыўнай, тэрарыстычнай формы. Кожны мог выбіраць свой мэтад пратэсту. Хтосьці зьбіраў прадукты для паўстанцаў, хтосьці пісаў скаргі, хтосьці схавана падпальваў хату савецкага актывіста”.

Ракіцкі: “Дзе людзі больш актыўна супраціўляліся савецкім парадкам – у горадзе ці вёсцы?”

Кашталян: “Зь некалькіх прычынаў супраціў быў большым у вёсцы. Па-першае, зброю у рукі бралі ў першую чаргу тыя, каму іншага выйсьця не заставалася. Становішча ж у вёсцы было традыцыйна больш складаным і безвыходным, чым у горадзе, дзе ўсё ж было больш магчымасьцяў схавацца ад рэпрэсіяў і выжыць. Па-другое, невялікія вёскі і хутары з навакольнымі лясамі стратэгічна былі больш зручнымі для змаганьня”.

Ракіцкі: “Якім было становішча простага чалавека, які апынуўся нібыта паміж двух агнёў – супрацівам і савецкімі карнымі органамі? Наколькі насельніцтва ставілася прыхільна да супраціву?”

Кашталян: “Супрацьстаяньне сілаў узброеных атрадаў падпольля і ўладаў прыводзіла да таго, што многія мясцовыя жыхары станавіліся закладнікамі сытуацыі, калі яны знаходзіліся пад пагрозай фізычнай расправы як з боку органаў бясьпекі, так і антысавецкага падпольля. Людзі апынуліся ва ўмовах грамадзянскай вайны. Наступныя два прыклады паказваюць, як маглі пацярпець зусім невінаватыя людзі. Начальнік Жэлудоцкага раённага аддзяленьня міліцыі маёр Чурсін і опэрупаўнаважаны таго ж райаддзяленьня Феактыстаў далі заданьне сакрэтнаму агенту Коласаву забіць грамадзяніна Ўрбановіча за тое, што ён падазраваўся ў сувязях з Арміяй Краёвай. Коласаў гэта выканаў. Пазьней у часе праверкі абставінаў забойства Ўрбановіча высьветлілася, што апошні сувязі з АК ня меў. Яшчэ прыклад. Акавец Казлоўскі ў паказаньнях НКУС 4 лістапада 1945 году ўзгадваў, што недалёка ад вёскі Дайнова ў чэрвені 1945 году кіраўнік іхнага атраду расстраляў сустрэтую па дарозе жанчыну ва ўзросьце 30 гадоў, расейку, паводле нацыянальнасьці. На ягоны загад яе закапалі мясцовыя жыхары. За што ж забілі гэту жанчыну, акавец ня ведаў. Што ж датычыць падтрымкі супраціву насельніцтвам, можна сказаць, што ў першыя пасьляваенныя гады яна была значнай. Але ў сувязі з выездам вялікай колькасьці прыхільнага супраціву насельніцтва ў Польшчу ў 1944 -- 46 гады, пагрозай жорсткага пакараньня з боку савецкай улады, нярэдкімі выпадкамі прымусовых канфіскацыяў маёмасьці насельніцтва з боку атрадаў на нелегальным становішчы падтрымка істотна зьменшылася”.

Ракіцкі: “Якія асаблівасьці меў беларускі супраціў у параўнаньні з антысавецкай барацьбой суседніх народаў?”

Кашталян: “Беларускае антысавецкае падпольле было меншым і горш арганізаваным, чым польскае і ўкраінскае з прычыны слабых праяваў нацыянальнай самасьвядомасьці насельніцтва. Складана вызначыць акрэсьленыя абсягі яго дзейнасьці ў адрозьненьне ад іншых структураў, у якіх выяўляўся тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел дзейнасьці і ўплыву. Кантынгеэнт, які ўваходзіў у яго, быў розным: узброеныя групы на нелегальным становішчы, якія складаліся з тых, хто падчас нямецкай акупацыі працаваў у грамадзянскай адміністрацыі або служыў у беларускіх вайсковых фармаваньнях, і вучнёўская моладзь, якая, ствараючы ідэалягічныя арганізацыі, працягвала вучыцца і жыць мірным жыцьцём. Пры гэтым трэба адзначыць, што для савецкай улады найбольшую небясьпеку ўяўлялі ўзброеныя фармаваньні, якія складаліся пераважна з былых калябарантаў і дзейнічалі пры падтрымцы замежных спэцслужбаў. Супрацоўніцтва значнай часткі беларускага ўзброенага супраціву з акупацыйнымі ўладамі і Абвэрам у час вайны стала асноўным нэгатыўным момантам у яго гісторыі”.

Ракіцкі: “Вайна істотна паўплывала на псыхалёгію ўсяго насельніцтва, якое прайшло праз акупацыю. Жорсткасьць у першыя пасьляваенныя гады не здавалася звышнатуральнай. Многія з тых, хто вырашаў пытаньне абароны Бацькаўшчыны зброяй, і пасьля вайны ня бачыў іншага, акрамя збройнага, шляху ў абароне сваіх правоў. Як па-вашаму, тыя, хто супраціўляўся савецкай уладзе са зброяй у рукох, былі героямі ці тэрарыстамі?”

Кашталян: “Гэта -- складанае пытаньне, адказу на якое трэба шукаць хутчэй у плоскасьці маралі. Тыя, хто змагаўся з ідэйных перакананьняў за незалежнасьць сваёй краіны і саміх сябе ад савецкага рэжыму, часам нават без пэрспэктывы перамогі, выклікаюць павагу і іхная дзейнасьць з пэўнымі агаворкамі можа быць названа гераічнай. У той жа час, калі браць пад увагу клясычнае вызначэньне тэрору як гвалту, які прыводзіць да зьнішчэньня палітычных ворагаў, дык яны былі тэрарыстамі. Іхныя дзеяньні нельга ідэалізаваць, ведаючы, што ад іх цярпелі таксама і невінаватыя людзі, маленькія дзеці, толькі за тое, што былі прадстаўнікамі пэўных рэлігійных і этнічных групаў, мелі сваякоў сярод савецкіх чыноўнікаў”.

Ракіцкі: “Пры якіх умовах антысавецкі супраціў мог перамагчы? І чаму не перамог?”

Кашталян: “Пры рэальнай падтрымцы заходнеэўрапейскіх краінаў гэта магло адбыцца. Але ім не была выгаднай перамога антысавецкага супраціву ў дадзеным рэгіёне. Былыя саюзнікі СССР па Другой усясьветнай вайне прытрымліваліся палітыкі толькі падтрыманьня нестабільнай абстаноўкі ў савецкай краіне, аднак глябальна не хацелі дапамагаць зьмене улады ў гэтым рэгіёне. Зь мясцовых жыхароў толькі невялікая частка ідэалістычна змагалася са зброяй у рукох супраць савецкай улады. Супраціў быў вырачаны на паразу праз паступовае і мэтадычнае зьнішчэньне значна большымі сіламі савецкіх войскаў і спэцслужбаў. Усё больш ён губляў падтрымку насельніцтва, якое найперш хацела проста выжыць”.

Ракіцкі: “А што было б, калі б супраціў перамог?”

Кашталян: “Канешне, залежала б, ад таго, якое падпольле ўзяло б верх. Калі ўсе, то Беларусь аказалася б падзеленай паміж суседнімі дзяржавамі, што магло б прывесьці да яшчэ большай грамадзянскай вайны, а значыць, да большага гора для насельніцтва. У дадзеным выпадку, мне здаецца, беларускі нацыянальны супраціў меў найменей шанцаў перамагчы і тым больш аб’яднаць беларускія землі. Хутчэй за ўсё, гэта б прывяло да чарговага разьяднаньня нацыі”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG