Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвертая перадача "Вострая Брама" з сэрыі, прысьвечанай 20-годзьдзю адкрыцьця Курапатаў.


Слова “кур’ёз” у дачыненьні да ахвяраў савецкага рэжыму, на першы погляд, гучыць неэтычна. Тым больш, слова “жарт”, калі б вам захацелася казаць пра “жарты лёсу”. Аднак прырода нашай памяці такая, што адчуваньне страшнай трагедыі ўжо праз пару пакаленьняў сьціраецца, саступаючы месца безэмацыйнай статыстыцы. І толькі асобныя прыватныя кур’ёзы даносяць да нас жывое разуменьне таго, што адбылося.

Малапісьменныя пісарчукі НКВД ставіліся да сваёй работы надзвычай сур’ёзна й сыстэмна, а таму вялі справы “ворагаў народа” максымальна спрошчана
Калі праглядаеш картатэкі зь лёсамі тысяч і тысяч рэпрэсаваных, дык урэшце амаль фізычна адчуваеш, як пуста робіцца на душы ад гэтага бясконцага паўтарэньня стандартных фармулёвак: з рабочых, зь сялян, з рабочых, зь сялян, арыштаваны, асуджаны, арыштаваны, асуджаны, расстраляны, ссасланы, расстраляны, сасланы... Нават разнастайнасьць прозьвішчаў і назваў вёсак паходжаньня не ратуе гэтага манатоннага небыцьця. І ты раптам разумееш – так задумана для таго, каб нават памяць пра бязьвінныя ахваяры растварылася ў гэтай руціннай кіслаце. Аднойчы і назаўсёды. Ніякіх кур’ёзаў і жартаў лёсу! Бо тады перастае пуста і перастае быць страшна. Бо дастаткова аднаго кур’ёзнага факту, як уся сытуацыя таго сталінскага абсурду ажывае, веючы на цябе ўсім сваім ідыятызмам, калі ненармальныя людзі татальна вынішчалі людзей нармальных, вінавацячы іх у небыліцах ды самых фантазійных парушэньнях самага неверагоднага ў сьвеце заканадаўства.

Малапісьменныя пісарчукі НКВД ставіліся да сваёй работы надзвычай сур’ёзна й сыстэмна, а таму вялі справы “ворагаў народа” максымальна спрошчана, абсякаючы ўсё, што да справы дачыненьня ня мела. Прозьвішча, год і месца нараджэньня, нацыянальнасьць, сацыяльнае паходжаньне, адукацыя, дзе і кім працаваў, артыкул, па якім асуджаны, мера пакараньня. У выніку сыстэма павінна была нагадваць агромністы мэханізм, які адно толькі зладжанасьцю сваёй работы выклікаў захапленьне ў гэткай самай непісьменнай і цёмнай публікі. Інтарэсы дзяржавы, геній Сталіна і вышэйшая мера сацыяльнай абароны (гэта пра расстрэл) – вось якія стэрэатыпы мусіла нараджаць у народных масах гэтая машына.

Псыхалягічна яна павінна была асацыявацца з камбайнам на жніве, які пад адзін узровень акуратна зразае аднолькавыя каласы, а сам працэс “чыстак” і сацыяльнай сэлекцыі мусіў успрымацца як справа гаспадарская, патрэбная і карысная для будучыні, для пабудовы новага грамадзтва, для камунізму. Камбайн увогуле – пазытыўная машына. Бяда толькі, што людзі – не аднолькавыя каласкі. І таму адбываецца не жніво, а калі хочаце, прабуксоўка на кветніку. Вось пра што сьведчаць гэтыя самыя кур’ёзы і жарты лёсу, што выбіваюцца з-пад агульнага парадку і агульнай грабёнкі, як віхры, што не зьмяшчаюцца ў стандартнай графе.

Напрыклад, ня ўсё бывае проста з нацыянальнасьцю, калі так часта сустракаюцца гібрыды “беларус-паляк”, і з сацыяльным паходжаньнем, калі адзін брат з рабочых, другі з дваран, трэці з купецкага саслоўя...

Часам сустракаецца “антыкалгасная прапаганда”. І зноў – ніякай рэальнай віны, за што чалавека прысудзілі да расстрэлу, не відаць
Нарэшце, самая, здавалася б, істотная графа – пра віну чалавека – таксама нічога па сутнасьці нам ня кажа. Найбольш частая фармулёўка -- “антысавецкая агітацыя” -- можа вар’явацца з “контррэвалюцыйнай прапагандай”, але ні пра што ня сьведчыць. Іх нават пісалі скарочана праз касую лінію – а/с і к/р. Часам сустракаецца “антыкалгасная прапаганда”. І зноў – ніякай рэальнай віны, за што чалавека прысудзілі да расстрэлу, не відаць. А колькі тут магло быць нюансаў! Што сказаў, як, зь якой інтанацыяй, як паглядзеў, у якіх абставінах, хто гэта пачуў, як да гэтага паставіўся... І так да бясконцасьці! Калі б антысавецкую агітацыю выкладалі ва ўнівэрсытэтах, дык называлася б яна ня йнакш як тэатральнае мастацтва.

Зрэдку антысавецкую агітацыю карнікі спрабуюць даць пашыранай фармулёўкай, але і гэта да агульнай карціны нічога не дадае.

Статкевіч Павал Адамавіч, лясьнік Менскага раёну, жыў на хутары Вандоліна. Асуджаны 14 лютага 1938 году за тое, што варожа настроены да савецкай улады, выказваў тэрарыстычныя намеры на адрас кіраўнікоў партыі і ўраду, да ВМП. Расстраляны ў Менскай турме 7 сакавіка 1938 году.

Апанас Фёдаравіч Фёдараў, селянін з Гарадка, меў 64 гады і таксама ў 1938-м пайшоў на сьмерць за антысавецкія выказваньні і тэрарыстычныя намеры. Гэта значыць, недзе неасьцярожна выказаўся. Ці то сказануў што думаў, ці проста абурыўся нейкім беспарадкам. А нехта пачуў і данёс “куды трэба”. А мог Апанас Фёдаравіч і не выказвацца, а той усё адно данёс. Думай і ўяўляй сабе што хочаш. Гэты захацеў заняць месца гэтага ці проста неўзьлюбіў гэтага ці наогул – натура такая, каб на каго данесьці, ня важна, на каго і пра што.

Адамец Алена Язэпаўна, полька, 1903 году нараджэньня. Цырульніца ў горадзе Браслаў. Асуджаная 13 верасьня 1940 году на пяць гадоў катаргі ў Сіблагу за “нежаданьне жыць у СССР”.

Асуджаны на 10 гадоў лягераў за садзеяньне шпіёнскай сувязі сваёй цешчы

Мірмыль Мікалай Сьцяпанавіч, беларус, селянін зь Бярэзінскага раёну. 23 чэрвеня 1935 году асуджаны на пяць гадоў папраўчых лягераў за прычыненьне цялесных пашкоджаньняў за крытыку ў газэце.

Бяссонаў Ігар Зьмітравіч, расеец, рахункавод у калгасе, жыў у Менску. Удзельнічаў у ліквідацыі арміі Ўрангеля. 14 красавіка 1933 году асуджаны на 10 гадоў лягераў за садзеяньне шпіёнскай сувязі сваёй цешчы.

Зь цешчамі проста бяда. Ня ведаю, як вас, а мяне дык з малых гадоў бянтэжыла, што так шмат вакол анэкдотаў пра цешчу, маўляў, цешча – апрыёры чалавек падступны і ледзьве не варожы. Бянтэжыла гэта таму, што вакол сябе ў рэальным жыцьці ў самых розных сем’ях я ня бачыў ня толькі гэтых самых “зламысных цешчаў”, але наогул – самога вылучэньня цешчы ў нейкі асаблівы паміж іншых сваякоў разрад. А з тэлевізара і з газэт працягвалася ўсеагульная рагатуха пра цешчу... Цяпер гэтая тэма неяк прыціхла. Але з новай сілай яна паўстала перад мною з картатэк рэпрэсаваных. Менавіта тое, што яна --цешча было часьцяком яе галоўнай віною перад партыяй, урадам і савецкім народам.

Да прыкладу, Еўдакія Рыгораўна Перка-Зубрыцкая зь вёскі Зажэвічы Старобінскага раёну. Беларуска, зь сялян, непісьменная, калгасьніца ў калгасе “Перадавік”. У 1935-м яе прысудзілі да дзесяці гадоў катаргі з фармулёўкай “цешча агента польскай разьведкі”. Нават не шпіёнка, а – цешча.

Бацьку і двух сыноў Чарталысавых, беларускіх сялян зь вёскі Ціты Межанскага раёну Віцебскай вобласьці 11 сакавіка 1931 году выслалі ў Сібір, тэрмін ссылкі не ўказаны, але вядома, што бацька Якаў Ігнатавіч Чарталысаў праз два гады ў ссылцы памёр. Маю ўвагу прыцягнула фармулёўка, зь якой “тройка” асудзіла ўсіх траіх – “замах на жыцьцё камсамольца”. Фармулёўка рэдкая, хоць таксама ні пра што не расказвае. Хіба што пра асаблівую каштоўнасьць камсамольскага жыцьця.

Вядома, што ў СССР, як і сёньня ў Беларусі, не было палітычных асуджаных, а толькі крымінальныя. Але ўсе ўсё разумелі. І на нарах дзяліліся на блатных і палітычных. Чэкісцкі сьледчы, які “пісаў справу”, іншы раз неўсьвядомлена “прагаворваўся” на гэтую тэму. Гэтак, калі ў 1935 годзе судзілі за контррэвалюцыйную дзейнасьць студэнта біяфаку БДУ Канстанціна Казея, яму далі 5 гадоў катаргі, а ў заўвагах да справы пазначылі: “Быў судзімы за крымінальнае злачынства”. Гэта значыць, што контррэвалюцыйная дзейнасьць усё ж такі – не крымінальная, бо не забіў, ня скраў, не пакрыўдзіў нікога. Страціўшы пільнасьць, энкавэдыст такім чынам прагаварыўся.

Польскія шпіёны ў трыццатыя гады літаральна наваднілі Беларусь. Прычым, яны не прыходзілі сюды хвалямі з захаду, а тут нарадзіліся і жылі
Дзякуючы кур’ёзным сытуацыям стандартная біяграма часам дазваляе рэканструяваць лёс чалавека. Праўда, гэта ўжо не дакумэнтальная, а хутчэй мастацкая рэканструкцыя. Вось я запыніўся на картачцы Багданава Зьмітра Ўладзімеравіча. Расеец, зь сялян вёскі Брытвіна Новасакольнікаўскага раёну Калінінскай вобласьці, пэнсіянэр. Як і чаму ён у 1938 годзе апынуўся ў Менску – невядома. Можа, сын, які працаваў у Беларусі, забраў састарэлага бацьку да сябе, можа тут лічылася спакайней. Ну і пасяліўся гэты расейскі пэнсіянэр у беларускай сталіцы, у Нова-Сьвярдлоўскім завулку, дом 4, кватэра 1. Адсюль яго і забралі. І як агента польскай разьведкі прысудзілі да ВМП. Доўга ня думаючы, праз тры дні пасьля прысуду ў Менскай турме расстралялі.

Польскія шпіёны ў трыццатыя гады літаральна наваднілі Беларусь. Прычым, яны не прыходзілі сюды хвалямі з захаду, а тут нарадзіліся і жылі. Часам польскімі шпіёнамі станавілася цэлая беларуская сялянская сям’я і ўся ішла за гэта на расстрэл. Так здарылася з сям’ёй Ашкераў зь вёскі Малыя Жыберычы Крупскага раёну. Бацька Самойла Сямёнавіч, 67 гадоў, і маці Соф’я Ермалаеўна, 60 гадоў, былі калгасьнікамі ў калгасе “Перамога”. Як і дачка іх Надзея. Сын Міхал працаваў бухгалтарам у сельпо, а сын Рыгор кладаўшчыком камнедрабільнага заводу ў Воршы. За пасобніцтва польскім агентам усе яны былі прысуджаныя да ВМП і 10 лістапада 1937 году ў Аршанскай турме расстраляныя.

Калі атрэсьці галаву ад бясконцага паўтору стандартных фармулёвак і ўдумацца ў словы “шпіянаж на карысьць Польшчы”, дык зразумееш, што і тут – тэатральнае мастацтва. У сям’і Ашкераў атрымалі вышэйшую меру ўсе да аднаго. Гэта значыць, што і шпіёнілі ўсе па поўнай праграме. Трое ў калгасе здабывалі надзвычай карысныя для варожай Польшчы зьвесткі, адзін у сельпо і адзін – у сфэры камнедрабленьня. Пра тое, за якія зьвесткі расстралялі сям’ю Ашкераў гісторыя ў кагэбэшных архівах маўчыць.

Шпакоўскі Рыгор Фёдаравіч, беларус, зь сялян, вагонны майстар чыгуначнай станцыі Менск. Асуджаны 23 лютага 1938 году да ВМП як агент японскай разьведкі. Праз два тыдні расстраляны ў Смаленскай турме.

Дзем’янкоў Фёдар Пятровіч, беларус, зь сялян, пачатковая адукацыя, рабочы фабрыкі “Дняпроўская мануфактура” ў г. Дуброўна Віцебскай вобласьці. 21 студзеня 1938 году асуджаны да ВМП як агент разьведворганаў Японіі. Расстраляны ў горадзе Менску.

Японскія шпіёны сярод тагачасных беларусаў у Беларусі – не такая ўжо вялікая рэдкасьць
Японскія шпіёны сярод тагачасных беларусаў у Беларусі – не такая ўжо вялікая рэдкасьць. Унікльным трэба прызнаць выпадак Аляксея Барысавіча Фіялкі, беларуса зь вёскі Палюдавічы Ветрынскага раёну. Працаваў ён калгасьнікам у калгасе “Чырвоная Полаччына”. Восеньню 1937-га быў асуджаны да ВМП і расстраляны ў Полацкай турме як “агент іншаразьведкі” (у арыгінале – иноразведки)!..

Вось, аказваецца, адкуль у нашых людзей такая прывязанасьць да слова “іншамарка”. Ані сваіх легкавікоў Беларусь не выпускае, ані савецкія машыны даўно не складаюць аснову нашага машыннага парку, усе пераселі на фольксвагены, форды і таёты, а слова жыве. “Купіў сусед іншамарку” – гучыць з ноткай адчужэньня, калі не асуджэньня. Як пра агента іншаразьведкі. Няясна толькі, што гэта такое. А чалавека расстралялі.

Іншая рэч, дакладныя краіны – Польшча, Латвія, Літва ці вось гэты выпадак:

Юн-Цян-Сі Ўладзімер, кітаец, рабочы Кітайскай пральні ў г. Віцебску. Асуджаны 28 траўня 1938 году да ВМП за шпіянаж на карысьць Японіі. Расстраляны ў Віцебскай турме.

Прыклад не адзінкавы, зьвярніце, калі ласка, увагу, што гэты кітаец быў асуджаны як японскі шпіён 28 траўня 1938 году. Тое самае здарылася зь яго калегам з Кітайскай пральні ў Віцебску Чжан-Чжай-Яо і зь віцебскім вартаўніком Ван-Куй-Лінам. Але справа зусім ня ў тым, што яны кітайцы і што шпіёнілі на карысьць Японіі. Справа ў тым, што гэта Віцебск і канец траўня 1938-га. Цяпер глядзіце.

Вахімяк Антон Віктаравіч, фін, сьлесар Суднарамонтных майстэрняў у г. Віцебску. Асуджаны 25 траўня 1938 году да ВМП як агент разьведкі Фінляндыі. Расстраляны ў Віцебскай турме.

Даты амаль супадаюць. Фінаў і кітайцаў у Віцебску лавілі і расстрэльвалі адначасова як шпіёнаў адпаведна Фінляндыі і Японіі, чые інтарэсы ў гэты час і ў гэтым месцы былі прадстаўленыя ня надта шырока – колькі тых фінаў і кітайцаў у Віцебску! Але карціну лёгка дапоўніць дзясяткамі немцаў і латышоў і сотнямі віцебскіх палякаў, што шпіёнілі адпаведна на карысьць Нямеччыны, Латвіі і Польшчы. Цяпер лінія партыі з асобных кропачак зьліваецца ў тлусты чырвоны пісяг, што на тыдзень ці месяц ператварыў Віцебск у горад сапраўднай нацыянальнай разьні. Гэта значыць, што ў горадзе праводзілася пэўная ўстаноўка ці нават кампанія. Чалавек іншай нацыянальнасьці выклікаў падазрэньне, нягледзячы на ўсеагульны інтэрнацыяналізм і на дзіця мурына ў папулярнай кінакамэдыі “Цырк”.

Бо той, хто крыху знаёмы з гісторыяй і геаграфіяй, заўважыць, што шпіянаж літоўца на карысьць Латвіі і наадварот, латыша на карысьць Літвы, магчымы як нонсэнс, але не як пашыраная зьява свайго часу
Мурынаў я ў кагэбэшных сьпісах не сустракаў. Пакуль. А вось літоўцаў бачыў шмат. У адрозьненьне ад польскіх агентаў, сярод якіх палякі толькі сустракаюцца, а асноўная маса беларусы, дык літоўскія шпіёны і паводле нацыянальнасьці, як правіла, літоўцы. Хто яшчэ можа сустракацца сярод літоўскіх шпіёнаў, дык гэта латышы, як, дарэчы, і наадварот – латышскімі шпіёнамі называюцца літоўцы. Але гэта, відавочна, апіскі сьледчых НКВД, вынік геаграфічнага крэтынізму, які дагэтуль часьцяком сустракаецца ў галовах. Бо той, хто крыху знаёмы з гісторыяй і геаграфіяй, заўважыць, што шпіянаж літоўца на карысьць Латвіі і наадварот, латыша на карысьць Літвы, магчымы як нонсэнс, але не як пашыраная зьява свайго часу.

Зрэшты, што ў нас тут ня нонсэнс...

Іван Маскалевіч, беларус, зь сялян, 1913 году нараджэньня, калгасьнік у калгасе “Маладая гвардыя” Ільянскага раёну Менскай вобласьці. Асуджаны 8 ліпеня 1950 году “асобай нарадай” на пяць гадоў лягеру “за шпіянаж на карысьць Англіі”.

Гэты ангельскі шпіён, які бяз пашпарту працаваў за палачкі ў беларускім калгасе, яўна ня Шцірліц. Але і адрасат шпіянажу ў яго даволі экзатычны. Тое, што нашы калгасы літаральна кішэлі шпіёнамі польскімі, нямецкімі і латыскімі, гэта зразумела. Бо блізкі сьвет. Іншая масьць сустракалася рэдка. Зусім новай зьявай у нашых калгасах напачатку 1950-х сталі шпіёны амэрыканскія. І меру пакараньня для іх прыдумалі наватарскую – прымусовае лячэньне ў псыхіятрычнай бальніцы. Такі вырок атрымаў Вікенці Іванавіч Чарнецкі зь вёскі Рогалеўшчына Валожынскага раёну, калгасьнік калгасу імя Ракасоўскага. 6 лютага 1952 году яго накіравалі ў Ленінградзкую турэмную псыхіятрычную лякарню МУС СССР.

Яшчэ адно пашыранае абвінавачаньне – за шкодніцкую дзейнасьць. Каму і чым нашкодзіў Аляксандар Аляксеевіч Гаўрыльчык, брыгадзір калгасу ў вёсцы Лошніца Барысаўскага раёну, мы не даведаемся ніколі. Дый сумнеўна, каб ён там у малако даліваў ваду ці краў каласкі. Маштаб ня той. Аляксандар Гаўрыльчык, беларус, з сялян, у 1907-м быў дэпутатам Дзяржаўнай думы ІІ скліканьня. І пасьля ў калгасе заваяваў званьне стаханаўца, езьдзіў на Ўсесаюзную сельскагаспадарчую выставу ў 1929-м. А тут, у 1937-м асудзілі яго як банальнага шкадлівага брыгадзіра і 16 кастрычніка ў Менскай турме расстралялі...

Калі калгасы і саўгасы літаральна кішэлі замежнымі шпіёнамі, значыць, і дзяржаўных таямніц там было незьлічонае мноства
Калі калгасы і саўгасы літаральна кішэлі замежнымі шпіёнамі, значыць, і дзяржаўных таямніц там было незьлічонае мноства. Ня дзіва, што сустракаліся сярод вяскоўцаў ня толькі агенты разьведак, але і тыя, хто проста ня ўмеў трымаць язык за зубамі. Ну і, натуральна, трапляў пад пільны прыцэл адпаведных ворганаў. Так здарылася з Рыгорам Васілевічам Гарошкам зь вёскі Алекшыцы Лагойскага раёну. Ён працаваў рахункаводам у саўгасе “Камсамолец”. У 1936-м атрымаў тры гады сібірскай катаргі за разгалошваньне дзяржтайны (дзяржаўнай тайны). Такі ж прысуд, толькі раней, у 1925-м, далі Івану Казіміравічу Ілюкевічу, селяніну зь вёскі Кавальцы Койданаўскага раёну.

* * *
Асаблівасьць картатэчных кур’ёзаў ня толькі ў тым, што яны ажыўляюць перад намі эпоху катаргі і расстрэлаў, але і ў тым, што паміж імі паўстаюць масткі, і мы бачым тыя заканамернасьці, якія дзейнічалі ў Беларусі ў той час і ўсё яшчэ адчуваюцца ў сёньняшнім дні. Мы яшчэ не аднойчы будзем зьвяртацца да “жартаў лёсу”, бо, па вялікім рахунку, у манатонных кагэбэшных картатэках толькі гэтыя “жарты” і ёсьць – жывая праўда пра свой час.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG