Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калі я паказала свайму бацьку фота старой маладэчанскай турмы ў кнізе Міхася Чарняўскага пра Расьціслава Лапіцкага, ягонай першай рэакцыяй было: “Пасьля вайны мы з маці сюды прыносілі перадачы бацьку”...

Восеньню будзе 15 гадоў, як майго дзеда Васіля Соўся няма ў гэтым сьвеце. І мне дагэтуль чамусьці падрабязна не расказалі, за што і колькі ён сядзеў у маладэчанскай турме за сталінскім часам.

Зь дзіцячых успамінаў застаецца толькі, як дзядуля Васіль расказваў, як да саветаў ён і бабуля зараблялі за дзень працы на ўласным млыне столькі, што за гэта можна было купіць карову. Мая бабуля Люба любіла гаварыць: “Каб не бальшавікі, мае дзеці вучыліся б Вільні, альбо ў Варшаве”… Усе трое яе дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю ў Менску, але яна ўсё роўна згадвала Вільню і Варшаву.

Яна ніколі не расказвала ўнукам пра тое, колькі і чаму пасьля вайны сядзеў мой дзед Васіль. У той маладэчанскай турме, дзе катавалі Расьціслава Лапіцкага, пра падпольную антысавецкую арганізацыю якога напісаў дасьледчык паваеннага антыбальшавіцкага супраціву гісторык Міхась Чарняўскі. А, можа, яны сядзелі ў адной камэры? А, можа, перакінуліся позіркам ў турэмным калідоры...

У Маладэчне ў будынку, дзе раней месьцілася турма, цяпер знаходзіцца архіў. Ня так далёка ад яго – музычная вучэльня, дзе выкладае музыку мая стрыечная цёця Сьвятлана Соўсь. Восем гадоў таму, калі на “Свабодзе” пачынаўся цыкль “Палітычная геаграфія”, я захацела быць першай і паехала ў Маладэчна. Спынілася ў цёці і, разглядаючы старыя фотаальбомы, доўга ўглядалася ў твары сваіх прадзедаў па бацьку. Мяне ўразілі шляхетныя паўусьмешкі, прыгожая вайсковая форма, стыльныя жаночыя сукенкі і глыбокія позіркі. За гэта дакладна маглі пасадзіць… Засынаючы ў чыстай і вялікай хаце ў ложку з накрухмаленымі белымі прасьцінамі, я адчула моцную настальгію па сям’і, якой насамрэч ня ведала, але заўсёды інтуітыўна адчувала.

Мая маці не любіла сваю мачаху. Напэўна гэта было ўзаемна. Але быў момант, калі, згадваючы пра яе, яна падтрымлівала мачаху. У дзень сьмерці Сталіна Людміла Няхай (Акуліч) разам са сваім сынам (зводным братам маёй маці) спалілі партрэт вусатага правадыра. За сталінскім часам быў расстраляны яе бацька Максім Акуліч – настаўнік з Бабруйску. Я любіла няродную мне па крыві бабулю Люсю, але яна мне так ніколі так і не расказала пра расстрэл яе бацькі. Баялася, як баялася мая родная бабуля Люба, расказаць, чаму ў маладэчанскай турме сядзеў мой дзед Васіль Соўсь.

Напэўна, ня толькі пра гэтыя, але і пра шэраг іншых не расказаных мне лёсаў я думала, калі ў верасьні 2001-га пачала амаль штодня прыходзіць у Курапаты. І ня толькі таму, каб рабіць чарговы рэпартаж пра абарону ўрочышча падчас будаўніцтва кальцавой дарогі. А таму, што адчула, што гэта мае Курапаты.

Як і многія беларусы, я дагэтуль ня ведаю ўсёй праўды пра маіх рэпрэсаваных продкаў.

Урочышча пад Менскам – гэта мая расплата за маўчаньне маіх дзядоў і маіх бацькоў.

Гэта мае Курапаты…


  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG