Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вострая Брама: Вас тут няма


Этэр 6 красавіка 2008 году

Беларускія адносіны да сталінскіх рэпрэсіяў у цэлым ніякія. Па-першае, надакучыла чуць і чытаць адно й тое ж. Па-другое, што нам да таго раскулачваньня і НКВД – забытая гісторыя. Па-трэцяе, Сібір і ГУЛАГ бясконца далёка ад нас, дзесьці за Ўральскім хрыбтом, пры чым тут мы?

Дзяржаўная прапаганда ня толькі песьціць такое самапачуваньне, але й дадае ў яго новыя стымулятары забыцьця. Маўляў, рэпрэсіі былі неабходныя для пабудовы “мошчнай” індустрыі, а чэкісты ад перагібаў цярпелі разам з народам і ледзьве ня больш за яго, таму мы ўрачыста адзначаем кожную гадавіну іх слаўнай арганізацыі, а тых, каго яны расстрэльвалі, катавалі ды адпраўлялі ў канцлягеры, іхныя душы і лёсы, па-ранейшаму трымаем у сакрэтных архівах. Бо вы ж разумееце, калі асудзілі, значыць, нешта там было, было за што.

Інакш кажучы, беларускія адносіны да сталінскіх рэпрэсіяў дзяржава фармулюе з гледзішча тых, хто рэпрэсаваў. І справа тут не ў каварным разьліку ці палітычнай мэтазгоднасьці, а ў самой прыродзе цяперашняй улады.

Уявіце сабе такую сытуацыю. Сёньня ноччу да вас у кватэру прыходзіць спэцназ, вас безь ніякай прычыны забіраюць у невараць, у невядомасьць і забыцьцё. А заўтра ў вашай кватэры пасяляецца нехта іншы, хутчэй за ўсё, той, на падставе даносу якога вас і забраў спэцназ. Такім чынам, у спэктаклі тры суб’екты. Вы, спэцназ і той, што заняў вызваленае ад вас месца. Вось жа паводле прыроды сваёй сёньняшняя ўлада – гэта той трэці. А сьветаадчуваньне трэцяга навязваецца ў якасьці сьветаадчуваньня ўсёй беларускай нацыі.

* * *

У сярэдзіне 1980-х гадоў у Гомелі нам удалося запісаць успаміны жонкі Аляксандра Ўласава -- пра мужа, цэнтральную постаць беларускага адраджэньня ХХ ст., першага рэдактара “Нашай Нівы”, адукаванага інтэлігента і чалавекалюба. Калі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе прыйшлі бальшавікі, перамяніўся сьвет. Уласава пасадзілі ў турму ў Маладэчне. Жонка Ўласава ўспамінала:

“Я дзяжурыла пад вокнамі турмы, дамагалася сустрэчы з мужам, але безвынікова. Дадому, у фальварак Мігаўка, вярталася пешкі. Было марозна, зорнае неба. Грукаюся ў дзьверы свайго дому, работнiца не адчыняе, адказвае: "Вас тут няма, дзецi ў суседкi"”.

Вас тут няма – так сёньня гучыць калектыўны адказ беларускай нацыі сотням тысяч сваіх рэпрэсаваных папярэднікаў. Быццам мы занялі іхныя кватэры і дамы, іхныя месцы. Вас тут няма. Але ў новай сэрыі перадач “Вострая Брама” мы паспрабуем узнавіць вашу прысутнасьць.

* * *

У Беларусі тэма сталінскіх рэпрэсій ніколі й не выходзіла на ўсенародны ўзровень. Як, скажам, у Расеі, дзе масава чыталі свайго Салжаніцына ці ў Польшчы, дзе кожны ведае пра сваю Катынь, ці ва Ўкраіне зь яе Галадаморам, ці ў Літве, дзе створаны нацыянальны музэй генацыду, а ў кожнай вёсцы стаяць помнікі рэпрэсаваным землякам зь пералікам ахвяраў пайменна. Вядома, і беларусы былі сярод чытацкай аўдыторыі “Архіпэлага ГУЛАГа”, і беларусы нешта чулі пра Катынь... Але ўсё больш гавораць пра Сібір, пра загады з Масквы, словам, пра тое, што адбывалася недзе, а ня тут. Таму неяк само сабою сфармаваўся вобраз сталінскага генацыду -- як эпізоду далёкай і нават чужой гісторыі.

Дзеля справядлівасьці скажу, што мы ў гэтай справе маглі быць першымі. Мы й былі першымі. Кніга Францішка Аляхновіча “У кіпцюрох ГПУ” выйшла яшчэ ў 1930-я гады і стала сапраўдным адкрыцьцём для астатняга сьвету, інакш чаму б яе зараз жа выпусьцілі на сямі мовах у Заходняй Эўропе і Амэрыцы вялікімі тыражамі. Як заўважае дасьледнік Анатоль Сабалеўскі, гэта быў “ці ня першы твор у сьвеце на гулагаўскую тэму”.

“Чытачы мае! Вы думаеце, што гэта лёгка прызнацца, што я, ужо не дзяцюк, даў так наіўна, так дурнавата, гэтак бязьмежна недарэчна ашукаць сябе! Мне цяпер сорамна, што я гэтак бескрытычна верыў тады ў савецкі міраж, што нават агентаў ГПУ прымаў за людзей, якім можна верыць, мала што не за сваіх прыяцеляў... Адны пыталіся: “За што ж канец канцоў бальшавікі пасадзілі гэтага Аляхновіча?” А іншыя казалі: “Э! Мусіць, нешта было... гэта нездарма... чалавека так нізашто ў астрог ня садзяць...”... Цяпер ведаеце, за што. Але цяпер, пасьля перажываньняў апошніх год, ужо, мусіць, ніхто й не задаваў бы гэткіх пытаньняў. Цяпер ужо ўсе – і ў Заходняй і Ўсходняй Беларусі – добра пазналі бальшавікоў і ведаюць, за што людзей садзяць у астрог... Як сыфілітычныя сьпірахеты ў арганізме, гэтак залазіць у душы паганая бальшавіцкая атрута. Няхай мае словы... аздараўляюць гэтых бедных духам людзей. Няхай вучацца на маім прыкладзе”.

Францішак Аляхновіч дае карціну раньняга савецкага ГУЛАГу, расклаўшы яе па тэмах. Быт зьняволеных, карцэры і расстрэлы, доўгія допыты і праца стукачоў, лесапавал, спроба ўцёкаў і прыезд на экскурсію Максіма Горкага, жаночая зона, могілкі, ізалятар, герархія вязьняў і астрожны гумар. Апошні разьдзел – адзін з самых уражвальных, да яго я вярнуся крыху пазьней.

Праграмная кніга слыннага драматурга, аднаго зь першых сядзельцаў на Салаўках, якому сёлета, дарэчы, споўнілася 125 гадоў, мусіла ўвайсьці ў школьныя праграмы ўжо хоць бы таму, што першае слова даражэй за ўсё наступнае шматслоўе. Але не ўвайшла. Беларусь, ведаеце, была тады падзеленая на Ўсходнюю і Заходнюю, а потым была вайна, калі Аляхновіча забілі, прычым невядома хто, можа быць нават і “нашы”, а тады – які ж ён герой?.. І гэтак далей. Расьцярушылася, загаварылася, папераблыталася, а ў выніку нічога й не засталося. Вас тут няма...

Хтосьці нешта чуў пра менскую “амэрыканку” ці пра жахі Вялейскай турмы ці пра тое, як пры перагоне з Глыбокага ў Віцебск былі проста на дарозе расстраляныя сотні бязьвінна асуджаных людзей. Але ні беларускага кніжнага бэстсэлера ні кінафільма, які маглі б прыпомніць усе, на гэтую тэму не існуе.

Адзіны агульнавядомы сымбаль сталіншчыны ў Беларусі – Курапаты, які цаной неверагодных высілкаў група беларускай інтэлігенцыі ўзьняла на ўсенародны ўзровень -- стаў сымбалем вандалізму і адмаўленьня. Жменька людзей упарта ставіць на магілах расстраляных крыжы, а “нехта невядомы” гэтыя знакі нявечыць, быццам упарта й бяздумна паўтараючы сваё: “Вас тут няма”. Міліцыя або спэцназ – другі суб’ект фантасмагорыі – то разганяе абаронцаў народнага мэмарыяла, то заводзіць крымінальную справу паводле фактаў вандалізму, гэта значыць, прымае бок то тых, каго “няма”, то “некага невядомага”. Барацьба адбываецца нават не на паверхні, а ў самай глыбіні душы, у неўсьвядомленым, якое па-дзіцячы бароніцца, працівіцца датычнасьці ўсёй беларускай нацыі да генацыду – як у ролі ахвяраў, так і ў ролі карнікаў.

Між тым, гісторыя сталіншчыны – гэта цалкам беларуская гісторыя. Бо нашы гіганты прамысловасьці, кшталту МАЗу, былі такімі ж падразьдзяленьнямі ГУЛАГу, такімі ж “папраўча-працоўнымі” канцлягерамі, такімі ж мясарубкамі, як і знакаміты Беламорканал. Бо нашы людзі – усе, пагалоўна – бралі ўдзел у гэтым фантасмагарычным спэктаклі. У розных ролях, натуральна. Хтосьці казаў маналёгі, а ў кагосьці наогул не было словаў. Бо, нарэшце, нашы душы, наша псыхіка, наша сьвядомасьць нават у самага маладога сёньняшняга пакаленьня нясе на сабе выразныя апёкі тых люцыпаравых катлоў, у якіх гарам гарэла ўся беларуская нацыя ў часы бальшавіцкага татальнага вынішчэньня.

* * *

Некалі я дазволіў сабе сьцьвердзіць, што ў гады найбольшага ўздыму савецкага энтузіязму ў Беларусі кожны дзень расстрэльвалі 600-700 польскіх шпіёнаў. На такіх лічбах я спыніўся паводле адчуваньня, што ўзьнікла падчас перачытваньня біяграмаў дзясяткаў тысяч расстраляных. Напэўна, расстраляных магло быць меней альбо болей. Праўды ўжо не даведаецца ніколі й ніхто, бо статыстыкі не існуе. І пра гэта я скажу крыху пазьней. Але нават ня гэта – не статыстычная ўмоўнасьць – найперш абурыла маіх апанэнтаў. Іх абурыла тое, што з маіх лічбаў вынікае, быццам у другой палове 1930-х да фантасмагорыі ў Беларусі былі датычныя ўсе. Кожны беларускі чалавек, а значыць, усе нашы бабулі й дзядулі нейкім чынам мелі дачыненьне да сталінскіх рэпрэсій. Маўляў, пры агульным вобразе гэтага генацыду як чужога і далёкага нехта мае нахабства сьцьвярджаць, што і наша сям’я ў гэтым удзельнічала!..

Але гэта праўда. Адных паводле даносаў другіх арыштоўвалі трэція, дастаўлялі ў турму і ахоўвалі там чацьвертыя, насілі ім перадачы пятыя, дапытвалі шостыя, судзілі сёмыя, везьлі на расстрэл восьмыя, расстрэльвалі дзявятыя – гэта быў сапраўды грандыёзны спэктакль зь вялізнымі масоўкамі. Калі верыць афіцыйнай лічбе з энцыкляпэдыі, паводле якой у Беларусі было рэпрэсавана 600 тысяч чалавек, дык дадайце да кожнага зь іх астатніх фігурантаў і вы атрымаеце як мінімум увесь беларускі народ.

Пра прычыны недаверу да гэтага я ўжо сказаў. А тое, што інфармацыя не перадавалася ў сям’і з пакаленьня ў пакаленьне тлумачыцца яшчэ і простым нежаданьнем траўмаваць псыхіку дзяцей фактамі чалавечае подласьці і грэхападзеньня, а таксама жахлівымі сцэнамі расправы. Некалі мяне моцна зьдзіўляла, што мае аднагодкі з габрэйскіх сем’яў у Беларусі часта нічога ня ведаюць пра фашыстоўскі генацыд, які габрэяў закрануў татальна. А тлумачылася гэта чыста пэдагагічнымі мэтамі.

Цяпер пра статыстыку.

Статыстыкі сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі не існуе. Ёсьць падлікі, прыблізны аналіз, і ёсьць лёсы, якія сукупнасьцю сваёй абвяргаюць усялякую статыстыку.

У чым тут справа? Дакумэнты, якія фіксавалі забойства людзей, маглі і не складацца. Бо забойцы цалкам распараджаліся чалавечымі жыцьцямі – што хачу, то варачу. У масе сваёй карнікі мелі дзьве клясы адукацыі. Таму ў тых дакумэнтах, якія складаліся, пануе поўная неразьбярыха. І ня толькі ў прозьвішчах, назвах і датах, але таксама ў прычынах і мерах пакараньня. Выглядае, што паводле адной вэрсіі чалавека расстрэльвалі за антысавецкую агітацыю, а паводле іншай – за шпіянаж на карысьць Польшчы. Розьніцы не было ня толькі расстралянаму, але й карнікам. Бо ўсе ведаюць, што расстрэльваюць ні за што.

Аднак апроч непісьменнасьці ды свавольства карнікаў існавала яшчэ адна зьява, якая ставіць пад сумнеў статыстыку. Гэта прамежкавы стан паміж жывым чалавекам і трупам. На нядаўняй прэзэнтацыі сваёй кнігі “Ахвяры і карнікі” ў Вільні пра такія гісторыі распавёў дасьледнік Леанід Маракоў. У прыватнасьці, ён прывёў прыклад зь лёсам Браніслава Тарашкевіча.

Тарашкевіч – інтэлектуал, выпускнік Піцерскага ўнівэрсытэту, аўтар першай граматыкі беларускай мовы, перакладчык “Іліяды” Гамэра, лідэр стотысячнай Беларускай грамады ў Заходняй Беларусі... Калі ён апынуўся ў СССР, то як і абсалютная большасьць заходнебеларускіх дзеячоў патрапіў пад расстрэл. Дык вось, Маракову ўдалося ўстанавіць, што Тарашкевіча не расстралялі ў той дзень, які пазначаны ў дакумэнтах. Яго, не расстралянага, выкарыстоўвалі ў якасьці дапаможнага матэрыялу на допытах новых арыштаваных. Яго прыводзілі ці там прыносілі на допыт і дабівалі. Арсэнал катаваньняў быў неабмежаваны, у літаратуры пра сталіншчыну можна знайсьці шмат натуралістычных падрабязнасьцяў пра зламаныя рукі, парваную скуру, выкалатыя вочы... І вось, уявіце сабе, арыштаваны студэнцік, які бачыць, як забіваюць чалавека, які для цябе – абсалютны аўтарытэт і нават кумір, перажывае адмысловыя пачуцьці. Зусім ня тое, калі катуюць цябе самога. І прызнаньне падпісваецца табою ледзьве не аўтаматычна. Ты трапляеш у статыстыку пакараных “ворагаў народа”, а Тарашкевіча тым часам перацягваюць у іншы кабінэт. Ён ужо па-за ўсялякай статыстыкай. І ставіць пытаньне – колькі ж было такіх Тарашкевічаў у беларускіх турмах – бессэнсоўна.

* * *

“Трагедыя паўтараецца як фарс”. “Адна сьмерць – трагедыя, сотні тысяч – статыстыка”. Гэтыя сэнтэнцыі выглядаюць зусім па-дзіцячаму ў кантэксьце бальшавіцкага генацыду. Ён быў бессэнсоўны настолькі, што абяссэнсіў і статыстыку пра сябе. Гэта як калі нешта зашкальвае, дык ужо ня важна, наколькі.

Жыцьцё ўвогуле ня мае ніякага сэнсу. Кожны прыдумляе нешта сваё. Калі ва ўсіх адзін сэнс жыцьця, тады нехта намі маніпулюе. Можа быць, адпраўляе нас на вайну з захопнікамі, а можа быць – на вайну супраць саміх сябе. Жыцьцё настолькі ж бессэнсоўнае, наколькі бясцэннае. Абсалютныя велічыні – нішто і ўсё. Рэальны сэнс і рэальная цана жыцьця ствараюцца канкрэтным чалавечым лёсам.

Гартаючы сотні і тысячы лёсаў, дзе пункцірам праходзіць слова “расстрэл”, урэшце ловіш самога сябе на... ўсьмешцы.

Гэта ўсьмешка горычы. Каб адчуць праўду гісторыі ва ўсёй яе велічы, трэба ўсьміхацца. Нічым іншым наш зьмярцьвелы душэўны стан не пераадольваецца. Калі ж толькі паўтараць пра трагедыю народа, пра ямы, запоўненыя трупамі ні ў чым не вінаватых суайчыньнікаў, пра зьнішчэньне ўсёй нацыянальнай інтэлігенцыі, непазьбежна атупееш, ачарсьцьвееш душою альбо дойдзеш да нэрвовага зрыву. Тым часам тая ўласаўская работніца, якая пераўвасобілася ў сёньняшнюю ўладу, будзе па-ранейшаму далдоніць “Вас тут няма” і распараджацца тваім лёсам.

Каб разьвітацца з абсурдам, патрэбны горкі, празь сьлёзы, немагчымы, але – сьмех. Толькі ў такой інтэрпрэтацыі гісторыя сталінскага генацыду сёньня і заўтра можа нейкім чынам крануць абсалютную большасьць нашых суайчыньнікаў і пераканаць іх, што гэта іхная ўласная асабістая, сямейная, нацыянальная гісторыя.

Хіба ня сьмешна, калі на пяць гадоў ГУЛАГУ асуджаюць немаўля? У графе “праца” пазначана: не працаваў. Альбо вось – беларускія габрэі, якія адтуль, зь ямы, ужо толькі прозьвішчамі сваімі нібы падказваюць нам спосаб разьвітаньня з абсурдам – у аднаго прозьвішча Арбуз Шмуля Аўсеевіч – яго пасадзілі ў 1940-м за эміграцыйныя намеры, а ў другога – Апэльсын Язэп Шлёмавіч – яго расстралялі ў Віцебскай турме ў 1937-м як польскага шпіёна. Побач з экзатычнымі “фруктамі” – цэлае дрэва беларусаў з прозьвішчам Груша. Ці не адсюль гэтае назыўное імя чалавека – фрукт.

А вось – Чычыкаў Васіль Сьцяпанавіч, беларус зь вёскі Новы Доўск Гомельскай вобласьці. У нашым выпадку – ня скупшчык мёртвых душ, а сам – мёртвая душа. Працаваў машыністам паравога млына ў мястэчку Лебедзева пад Маладэчнам. Ключавое слова – працаваў, другое ключавое слова – пад нямецкай акупацыяй. Гэтага было дастаткова, каб ў 1945-м загрымець у лягер у Комі АССР.

А вось – Агароднікаў Аляксей Алаевіч, беларус зь вёскі Слабада Полацкага раёну. Чарговы польскі шпіён, расстраляны 26 кастрычніка 1938-га. Маю ўвагу прыцягнула яго прафэсія – стрэлачнік станцыі Полацак. Памятаеце – вінаваты ва ўсім стрэлачнік. Вось ён і адказаў. Усяго ў нашым сьпісе на 60 тысяч пэрсон стрэлачнікаў – сто пяць.

Трансфармацыя страшнага ў сьмешнае складае зьмест таго Аляхновіцкага “Астрожнага гумару”, пра які я абяцаў распавесьці крыху больш падрабязна. Зьвярніце ўвагу – з 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя нішто асабліва й не састарэла:

“Чалавек гэтак хутка датарноўваецца да новых, ненармальных абставінаў жыцьця, прыроджаная патрэба сьмеху гэтак моцна дапамінаецца сваіх правоў, што нават тыя, якім заўтрашні дзень нясе цяжкое вандраваньне этапам на Салаўкі, якія ніколі ўжо не пабачаць сваіх блізкіх, ды нават тыя, каго заўтра са зьвязанымі рукамі і заткнутым ротам павязуць на месца экзэкуцыі, дзе іх чакае з нагана, -- сёньня, бывае, бестурботна нешта напяваюць...

Шчырым гумарам вее ад слоў афарызму, які трэба было б напісаць над уваходам у савецкі астрог:

Входящий не грусти!
Выходящий не радуйся!”

Гаворка ідзе не пра жывёльны рогат вандала і не пра зубаскальства, а пра адну з самых тонкіх рысаў чалавечае натуры – пачуцьцё гумару. Яно не ўласьцівае ані аднамернай уладзе, ані змрочным змагарам, якія чэрствасьць і трагічныя міны лічаць сваёй галоўнай доблесьцю і праз гэта не перамагаюць ніколі. Пачуцьцё гумару, якое ў сёньняшняй Беларусі аказалася ў поўным дэфіцыце – гэта сапраўдная звышзброя супраць дыктатуры, супраць бяспамяцтва, супраць вандалізму ў Курапатах і пампэзных юбілеяў слаўных чэкістаў. Бо ўсё, што ня мае гэтага пачуцьця, ня мае і адпаведнае зброі супраць яго, а таму баіцца яго ці ня больш за ўсё на сьвеце.

У новай сэрыі перадач “Вострая Брама” мы перагорнем сьпісы рэпрэсаваных беларусаў з архіваў КГБ. Адтуль мы даведаемся, чаму ў Беларусі дагэтуль прабуксоўвае татальная русыфікацыя, прачытаем пра лёсы рэпрэсаваных сваякоў сёньняшніх гучных палітыкаў – Лукашэнкі, Мілінкевіча, Казуліна. Адзін Лукашэнка, дарэчы, праходзіў у справе як латыскі шпіён. Прааналізуем сацыяльны, прафэсійны, нацыянальны склад рэпрэсаваных, а ўрэшце прыйдзем да нечаканай высновы. Калі вас цікавіць ваш радавод, ваша асабістае генэалягічнае дрэва, дык з большай пэўнасьцю вам варта шукаць продкаў не ў гістарычных архівах, а ў сьпісах рэпрэсаваных, якія захоўваюцца ў КГБ. Яны, праўда, засакрэчаныя. Таму, відаць, у адрозьненьне ад суседніх народаў, беларусаў ніяк не апануе генэалягічны бум. Гаворка не пра пустую цікавасьць, а пра правы на спадчынную зямлю, на нерухомасьць, на тое, што некалі было кімсьці набыта ці збудавана, пасьля стала нічыім, а сёньня зноў апынулася ў чыёйсьці ўласнасьці. Толькі ня тых, каму належала колісь. Бо тых, колішніх – іх, нас, вас – тут – няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG