Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне Эўразьвязу падоўжыць санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў камэнтуюць палітыкі і палітолягі.

Палітоляг Андрэй Фёдараў кажа, што для яго сёньняшняе рашэньне ня стала нечым надзвычайным:

“Гэтага трэба было чакаць пасьля падзеяў, якія адбыліся 25—27 сакавіка. Раней беларускі бок зрабіў нейкія крокі насустрач Эўропе, калі выпусьціў з-за кратаў амаль усіх палітвязьняў. І чакаў крокаў насустрач. Але чакаў, мабыць, зашмат, бо спадзяваўся, што адменяць усе візавыя санкцыі.

Далей шмат што будзе залежаць ад таго, як складуцца нашыя дачыненьні з Расеяй. Калі будзе нейкае пацяпленьне, хоць і адноснае, дык чакаць паляпшэньня дачыненьняў з Захадам нам не выпадае. А калі ўзьнікнуць пэўныя праблемы — найперш эканамічныя — тады можна чакаць новай хвалі пацяпленьня. Хоць чым гэта скончыцца — невядома, бо, на жаль, Эўразьвяз — таксама занадта бюракратызаваная структура. І яна ня можа апэратыўна і хутка рэагаваць на зрухі ў двухбаковых дачыненьнях”.

Сябра міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч у інтэрвію “Свабодзе” так камэнтуе рашэньне Эўразьвязу падоўжыць санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў:

“Ну што тут сказаць? Я ж раней казаў: “Знаходзімся ў працэсе”. Што рабіць? Нічога ня зробіш. Гэта як у прыгожай песьні “Сілаю ня быць мілаю...”

Я думаю, што нейкіх кардынальных дзеяньняў у адказ з боку беларускіх уладаў на гэта ня будзе. Чаму? Калі б гэта здарылася, як кажуць, на роўным месцы, гэта было б адно. А тут нечага экстраардынарнага не адбылося. Паўтару: усё ў працэсе. Бакі адзін аднаго ведаюць.

Рашэньне Брусэлем прынятае. І мы зноў знаходзімся ў стадыі дыялёгу. Зараз нам будзе прапанова зьвярнуць усю ўвагу на парлямэнцкія выбары. Мы на гэта зьвернем увагу. І гэты працэс — ён бясконцы”.

XS
SM
MD
LG