Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяцей чыноўнікаў ня пусьцяць у Эўразьвяз?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Эўрапарлямэнт можа пашырыць сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў — коштам іхных сваякоў. Да гэтага падштурхнулі зьвесткі пра тое, што ў дыпляматычных місіях у Эўропе працуюць сыны міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава і экс-старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі.

Дэпутатка Эўрапарлямэнту ад Галяндыі Жанін Эніс-Пласхарт ініцыявала пашырэньне сьпісу грамадзянаў Беларусі, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу.

Нагадаю, у гэтым сьпісе некалькі дзясяткаў высокапастаўленых чыноўнікаў і сілавікоў, а на пачатку сьпісу Аляксандар Лукашэнка.

Спадарыню Эніс-Пласхарт зацікавіла інфармацыя беларускіх незалежных мэдыяў, паводле якіх у прадстаўніцтвах Беларусі ў Эўропе працуюць сваякі тых, хто ўваходзіць у сьпіс неўязных.

Прыкладам, сын міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава Захар Навумаў працуе ў прадстаўніцтве Беларусі ў ААН, якое знаходзіцца ў Жэнэве. Андрэй Сухарэнка, сын былога старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі, працуе першым сакратаром у справах Рады Эўропы ў амбасадзе Беларусі ў Францыі.

11 кастрычніка дэпутатка Эніс-Пласхарт зрабіла ў Камісію Эўрапарлямэнту шэраг запытаў пра становішча ў краіне і ролю бацькоў гэтых дыпляматаў. Можа дайсьці і да ўключэньня гэтых асобаў у сьпісы неўязных, не выключаюць аглядальнікі.

“Неўязны” дыплямат?

Як ставяцца да такой пэрспэктывы дыпляматы?

Наўпрост гэта высьветліць не ўдалося. Тэлефону Андрэя Сухарэнкі ў Страсбуры, дзе ён стала працуе, беларуская амбасада не паведаміла.

У прадстаўніцтве Беларусі пры ААН у Жэнэве, дзе працуе першым сакратаром Захар Навумаў, зь ім таксама не злучылі. Спаслаліся на тое, што дыплямат сустракаецца з дэлегацыяй.

Журналістка Марына Коктыш два месяцы таму датэлефанавалася да Захара Навумава, але пытаньняў на адказы не атрымала:

“Я хацела яго запытаць, як ён патрапіў на працу ў МЗС, ці ёсьць у яго адпаведная адукацыя — можа, ён скончыў факультэт міжнародных дачыненьняў, але, пачуўшы мае пытаньні, ён адразу паклаў слухаўку”.

Санкцыі супроць рэжыму паступова пашыраюцца

У жніўні ўрад ЗША пашырыў забарону на ўезд у краіну на блізкіх сваякоў высокапастаўленых чыноўнікаў, якіх падазраюць у злачынствах супроць апазыцыі й маніпуляцыі вынікамі выбараў.

Былы міністар замежных спраў, вядомы апазыцыянэр Андрэй Саньнікаў, мяркуе, што на такія ж захады можа пайсьці і Эўразьвяз:

“Абмежаваньні, візавыя забароны, тое, што тычыцца рахункаў. Гэта распаўсюджваецца ня толькі на чыноўнікаў, якіх падазраюць у злачынствах, але і на іх сваякоў. Гэтак зрабілі ЗША. Ведаю, што гэта абмяркоўваецца і ў Брусэлі цяпер. Гэта магчыма, калі ў Беларусі нічога не палепшыцца — то такія крокі будуць”.

• Ці адменіць Эўразьвяз санкцыі да беларускіх чыноўнікаў?, 17.10.2007 • Рух “За свабоду” прапануе ЗША свой сьпіс прозьвішчаў на візавыя санкцыі, 10.08.2007 • Магчымыя наступствы рашэньня Дзярждэпартамэнту ЗША аб новых візавых абмежаваньнях, 8.08.2007
XS
SM
MD
LG