Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць беларусы і надалей быць спакойнымі за захаванасьць сваіх укладаў у ашчадных банках?


Падставай для такога пытаньня стала афіцыйная інфармацыя пра тое, што зьнешняя запазычанасьць беларускіх банкаў упершыню дасягнула трох мільярдаў даляраў. Да таго ж, некаторыя дзяржаўныя банкі выстаўляюць не продаж замежнікам значную колькасьць сваіх актываў.

Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч цьвердзіць: пачаўся працэс продажу дзяржаўных банкаў замежнаму капіталу:

“Аб’яўлена, што кантрольныя пакеты двух буйных дзяржаўных банкаў (“Прамбудбанк” і “Інвэстбанк”) прададуць замежнаму капіталу. Яшчэ два буйных дзяржаўных банкі (“Беларусбанк” і “Аграбанк”) выстаўляюць на продаж прыкладна па 15% сваіх акцыяў. Карацей, аж сем банкаў зьбіраюцца прадаць за мяжу значную частку сваіх актываў".

Прэсавы сакратар Нацбанку Міхаіл Журавовіч у інтэрвію “Свабодзе” заявіў, што хвалявацца ўкладчыкам няма прычынаў:

“Па-першае, банк (ці ён прадаецца, ці не прадаецца) павінен мець уласны капітал ня меншы за ўсю суму ўкладаў. Гэта – абавязковая ўмова. Звыш гэтага капіталу ён ня мае права прыцягваць капіталы. Калі хочаш прыцягнуць больш, дык і ўласны капітал павінен быць большым.

А па-другое, усе банкі, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі, падпарадкоўваюцца беларускаму заканадаўству. Менавіта беларускаму, а не расейскаму ці нейкаму іншаму”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук такі аптымізм не падзяляе:

“У банкаўскай сфэры і на фінансавым рынку не такія простыя, лінейныя законы, як іх абрысаваў спадар з Нацыянальнага банку. Так, сапраўды, сума ўкладаў ня можа быць большай за статутны капітал. Але ж многае залежыць ад таго, колькі грошай выдае банк сваім кліентам, у якім становішчы знаходзяцца гэтыя кліенты, як яны прадаюць свае тавары на ўнутраным рынку, які ў іх экспарт і г.д.

І тут, ведаючы, каму банкі выдаюць крэдыты, ведаючы, што крэдыторская запазычанасьць па пратэрміраваных крэдытах толькі за студзень павялічылася на 20%, я ня быў бы такім аптымістычным”.

Яшчэ адзін экспэрт – кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў сказаў “Свабодзе”, што цяперашняя дзяржаўная эканамічная палітыка пагражае і ўкладчыкам, і замежным банкам:

“Існуе напружанасьць зараз у фінансавай галіне. Вось такі красамоўны прыклад – банкаўскія крэдыты на 70% доўгатэрміновыя. А пасівы банкаў (гэта сродкі насельніцтва, замежныя пазыкі ды іншае, з чаго выдаюць крэдыты) на тыя ж 70% у асноўным кароткатэрміновыя. І атрымліваюцца такія нажніцы – вельмі небясьпечныя”.

Яраслаў Раманчук зьвяртае ўвагу на тое, што акцыі беларускіх банкаў закупляюць пераважна расейскія фінансісты, Ён лічыць, што гэта ёсьць рэалізацыяй пляну Крамля на ўстанаўленьне поўнага кантролю расейскіх банкаў над беларускай банкава-фінансавай сыстэмай. За два гады расейцы змогуць уцягнуць беларускія прадпрыемствы ў даўгавую варонку, выйсьця зь якой ужо ня будзе. Расейцы будуць прапаноўваць прывабныя крэдыты, каб завабіць наш дырэктарат, які яшчэ не мае досьведу працы ў такіх умовах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG