Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кожнай кватэры хочуць зэканоміць 60 Вт


Дэпартамэнт ў справе энэргаэфэктыўнасьці пачаў акцыю «Мінус 60Вт у кожнай кватэры». Паводле пляну, грамадзяне маюць карыстацца лямпачкамі, якія спажываюць меней энэргіі. Наколькі эфэктыўныя розныя праграмы эканоміі? Дзе і як эканомяць?


У Менску і ў абласных цэнтрах цяпер абралі некалькі дамоў, жыхары якіх пагадзіліся на ўдзел у экспэрымэнце. Супрацоўнікі “Белэнэрга” замянілі лямпачкі ў іх кватэрах, апавяла прадстаўніца дэпартамэнту па энэргаэфэктыўнасьці Жана Зянькевіч:

“Там замененыя звычайныя лямпы напальваньня на энэргазьберагальныя лямпы расейскай кампаніі “Космас”. Яны на бясплатнай аснове замянілі гэтыя лямпы. Гэта было напрыканцы лютага. Цягам сакавіка гэтыя паказаньні будуць замярацца, як памяняецца энэргаспажываньне”.

Паводле спэцыяліста “Белэнэрга” Віталя Грызо, ня ўсе жыхары абраных дамоў пагадзіліся на ўдзел у такім экспэрымэнце.

“Прыкладна палова жыхароў у кожным доме, дзесьці больш, а дзесьці менш, у сярэднім палова жыхароў”.

Неўзабаве пасьля экспэрымэнту, Дэпартамэнт ў справе энэргаэфэктыўнасьці плянуе распачаць акцыю “Мінус 60 Вт у кожнай кватэры”. Спэцыялісты лічаць, што калі замяніць усе лямпачкі ў кватэры, то можа дасягнуць памяншэньня энэргаспажываньня да 20 кіляват штомесяц. Такія лямпачкі каштуюць у крамах 6 -10 тысячаў. Жана Зянькевіч сказала:

“Мы будзем заклікаць, каб кожны схадзіў у краму і купіў такую лямпачку за грошы і замяніў яе”.

Мы будзем заклікаць, каб кожны схадзіў у краму і купіў такую лямпачку за грошы і замяніў яе
У пад’ездах некаторых дамоў таксама ўсталявалі сыстэмы асьвятленьня, якія рэагуюць на гук.

Дырэктарка ЖЭСу №108 у Менску сказала, што ня ўсіх жыхарам гэта падабаецца:

“Людзі скардзяцца, яны ня вельмі. Бывае не адразу запальваюцца, як яны заходзяць. Яны ж хочуць, каб зайшлі і ўжо гарэла. А трэба ж зайсьці, а потым рэагуюць. А пра гэтыя энэргазьберагальныя, мне здаецца, людзям гэта ня вельмі цікава”.

У дзяржаўных установах спрабуюць эканоміць энэргію адміністрацыйнымі мэтадамі. Да прыкладу, у бібліятэцы імя Пушкіна ў Менску сказалі, што карыстацца там партатыўнымі кампутарамі можна, але не афіцыйна.

“Афіцыйна гэта не дазволена, але і не забаронена. Такога афіцыйнага дазволу мы ня можам даваць, бо гэта электрычнасьць”.

У некаторых установах заляпляюць разэткі скотчам, каб імі не карысталіся. Нельга ўлучаць абагравальнікі.

Настаўніца адной зь вясковых школаў апавяла:

“У калідоры ўлучаць нельга многа, недзе ў вугле адна лямпачка ўлучаецца. У клясах эканомія. На перапынак ідзеш – выключай. 9 гадзін настала – выключай. Словам, загад не перарасходаваць. Да прыкладу, у мяне на стале даведзены сьпіс у пэўны месяц у столькі вылучаць, расьпісана па гадзінах. На перапынках – усё, катэгарычна, ня дай Бог, каб улучаны. Выходзім з клясы і вылучаем”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што ў сваёй кватэры сам памяняў лямпачкі на энэргазьберагальныя. Ён лічыць, што гэта лепшае ўкладаньне грошай, чым у ашчадны банк, бо там працэнты ніжэй за тэмпы інфляцыі.

“Дзяржава магла б больш зрабіць – каб гэтыя лямпачкі не былі такія дарагія. Каб прадавала за 50 % ад цаны. Тое, што я купляў, гэта замежнай вытворчасьці, яны былі дарагія. Няхай за кошт гэтага дэпартамэнту па энэргаэфэктыўнасьці раздаюць бедным людзям наогул дарам”.

Паводле спадара Злотнікава, насельніцтва спажывае невялікую частку энэргіі.

“І калі нават скараціць на 10-20%, гэта будзе 2-5% эканоміі. Больш за кошт лямпачак і не атрымаецца. Асноўнае спажываньне – гэта ў прамысловасьці, транспарце, іншых галінах. Гэта павінна быць рынкавая эканоміка, за ўсё павінны плаціць. Калі гэта прыватная ўласнасьць, то любая эканомія – ва ўласную кішэню”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG