Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апошнія статыстычныя дадзеныя ў сфэры эканомікі бянтэжаць нават спэцыялістаў. Чаму аб’ём вытворчасьці расьце, а заробак зьніжаецца? Колькі ўсё ж стратных прадпрыемстваў у сельскай гаспадарцы? Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі кажа пра 70 працэнтаў, афіцыйная статыстыка дае зусім іншыя, мінімальныя лічбы. Загадкі беларускай эканомікі ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” раскрываюць эканамісты Аляксандар Чубрык і Барыс Жаліба. Перадачу вядзе Віталь Цыганкоў.


Цыганкоў: “Напачатку дзьве лічбы. Як паведаміў міністар аналізу і статыстыкі Уладзімер Зіноўскі, валавы ўнутраны прадукт (ВУП) павялічыўся за 2 месяцы на 9,9 працэнтаў у параўнаньні з такім жа пэрыядам мінулага году. Другая лічба. Паводле Міністэрства статыстыкі, налiчаны сярэдні заробак рабочых i служачых у студзенi гэтага года 778 тысячаў беларускіх рублёў, і зьменшыўся на 30 тысячаў у параўнаньні са сьнежнем. Як гэта спалучаецца?”

“Можна чакаць запавольваньне росту заробкаў сёлета”

Жаліба: “Пры тым, што ВУП расьце, узровень заробку мае даволі самастойныя паводзіны. І раней часта было, што наш заробак не заўсёды падвышаўся, хаця ВУП і рос.

Тое, што падтрымліваюцца такія тэмпы росту ВУП – гэта добра. Гэтаму спрыяе і нізкі кошт на расейскі газ, які ў сьнежні прывёз Пуцін. Спрыяе і рост сусьветных цэнаў на нафту, бо мы атрымліваем ад Расеі нафту па нізкіх цэнах, а прадаём нашы нафтапрадукты па сусьветных. Спрыяе і расейскі крэдыт, які, наколькі я сачу, ужо разьмяркоўваецца па некалькіх галінах, і ў тым ліку і ў інвэстыцыі.

Цыганкоў: “Спадар Жаліба найперш зьвярнуў увагу на зьнешнія чыньнікі, што спрыяюць росту ВУП. Але калі заробак падае, куды ідзе гэты падвышаны ВУП?”

Чубрык: “Вы параўноўваеце ВУП з адпаведным пэрыядам мінулага году, а заробак – з тым, які быў у сьнежні. Калі ж заробак параўнаць з студзенем 2007 году, то вы ўбачыце, што ягоны рост трошачкі паскорыўся. Такім чынам, рост ВУП і заробку паскараюцца адначасова -- тут нейкіх асаблівых супярэчнасьцяў няма.

Мы можам чакаць запавольваньня росту заробкаў сёлета, каб прадпрыемствы знайшлі грошы для інвэстыцыяў
Каб рос ВУП, трэба недзе браць грошы на інвэстыцыі. І не гледзячы на тое, што эканоміка працуе ва ўмовах даволі нізкіх цэнаў на газ і энэргію, яны ўсё роўна ўжо даволі высокія для беларускай прамысловасьці. Атрымліваецца, што за студзень інвэстыцыі ў асноўны капітал зьнізіліся на тры працэнты. І гэта даволі трывожная тэндэнцыя. Калі зараз не знайсьці грошай на інвэстыцыі, невядома, як эканоміка будзе расьці ужо ў найбліжэйшай будучыні. Такім чынам, мы можам чакаць запавольваньня росту заробкаў сёлета, каб прадпрыемствы знайшлі грошы для інвэстыцыяў.

Прэм’ер Сідорскі – 70 працэнтаў, Мінстат – 1,4 працэнты

Цыганкоў: “У аўторак, 11 сакавіка, прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі выступіў з рэзкай крытыкай на адрас сытуацыі ў сельскай гаспадарцы. Сярод іншага, ён прывёў лічбу, што там 70 працэнтаў стратных прадпрыемстваў. Зь іншага боку, запасы гатовай прадукцыі ва ўсёй гаспадарцы склалі палову сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці...”

Жаліба: “Гэта нашы старыя хваробы, якія, я лічу, немагчыма “вылечыць” без карэннай перабудовы інфраструктуры і вытворчых адносінаў. Слабыя калгасы і саўгасы цяпер далучылі да фінансава моцных прадпрыемстваў. Нават наш Нацыянальны Банк мае некалькі калгасаў. І работнікі банкаў у прыватных размоваў кажуць – так, грошы мы ім даем, але працаваць там няма каму, а той, хто там застаўся, п’юць і гэтак далей. Тут трэба грунтоўна мяняць падыход да вытворчых і сацыяльных адносінаў у сельскай гаспадарцы. Сытуацыю можа выправіць толькі прыватнік, гаспадар.

Сытуацыю можа выправіць толькі прыватнік, гаспадар
Што за запасаў гатовай прадукцыі, -- гэта таксама старая хвароба. Кожны дырэктар ведае, што на складах не павінна быць запасаў больш чым на паўмесяцы аб’ёму вытворчасьці. У нас у шмат якіх галінах гэтая лічба перавышаецца ў разы – і з кожным годам яна павялічваецца”.

Цыганкоў: “Аляксандар, наколькі вас уразіла гэтая інфармацыя пра 70 працэнтаў стратных прадпрыемстваў у сельскай гаспадарцы? Ці могуць і надалей іншыя сфэры цягнуць сяло?”

Чубрык: “Мяне гэта вельмі ўразіла. Але, мяркую, найбольш яна ўразіла міністра статыстыкі Зіноўскага, бо паводле ягонага міністэрства (я цытую) ў “2007 годзе стратнымі былі 25 сельскагаспадарчых арганізацыяў, альбо 1,4% ад іхняга агульнага ліку”. Такім чынам, я мяркую, 70 працэнтаў – гэта якраз тое, што адпавядае рэчаіснасьці, а 1,4 – гэта тая лічба, якую “малюе” Мінстат. Як і шэраг іншых лічбаў, што датычацца фінансавага стану беларускіх прадпрыемстваў.

Я думаю, што насамрэч, сытуацыя ў сельскай гаспадарцы яшчэ горш, бо шмат у чым яна трымаецца на крэдытах банках, прадпрыемстваў, дзякуючы росту запазычанасьці. Цяжка сказаць, як яны гэта хаваюць у статыстыцы, але рэальная сытуацыя вельмі складаная. Пакуль што пры цяперашніх цэнах на газ іншыя галіны яшчэ могуць цягнуць сельскую гаспадарку. Калі кошты на газ павысяцца яшчэ працэнтаў на 50, гэта будзе нашмат больш складана...”

Цыганкоў: “Але ў тое, што гэтая галіна можа сама сябе цягнуць, -- вы ўжо ня верыце?.”.

Чубрык:
“...Не, вядома ж . Гэта могуць рабіць толькі тыя калгасы, пра якія сказаць спадар Жаліба – як, напрыклад, калгасы таго ж Нацбанку, у якія ён толькі ў сьнежні ўклаў каля 400 мільярдаў рублёў. Ёсьць даволі эфэктыўныя калгасы, я б назваў іх аграпрадпрыемствы, якія кіруюцца прыватнікамі. Але большасьць калгасаў, на жаль, спрэс неэфэктыўныя – гэта сапраўды вялікі цяжар для эканомікі.



  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG