Падкастынг на сайце svaboda.org
Што такое падкастынг?
Высокія тэмпы сучаснага жыцьця часта не пакідаюць часу на слуханьне радыё – усе мы ўсё больш і больш сьпяшаемся і не заўсёды можам быць каля прыймача ў патрэбны час. Тэхналёгія падкастынгу вызваляе нас ад залежнасьці ад раскладу перадачаў. Цяпер вы можаце слухаць толькі тое, што вам цікава і толькі тады, калі вам зручна. Для гэтага патрэбны mp3-плэер і праграма для загрузкі падкастаў.
Тэрмін падкастынг (podcasting) узьнік ад назвы mp3-плэера iPod кампаніі Apple. Сутнасьць тэхналёгіі палягае ў тым, што радыёпраграмы ў фармаце mp3 аўтаматычна загружаюцца праз інтэрнэт на кампутар, і вы слухаеце іх у зручны для вас час. Радыё Свабода і раней прапанавала магчымасьць загрузіць запісы некаторых праграмаў, але для гэтага трэба было самому зайсьці на сайт і знайсьці патрэбны файл. Тэхналёгія падкастынгу дазваляе аўтаматычна загружаць файлы на кампутар, як толькі яны зьяўляюцца на сайце.
Як працуе падкастынг?
Падкастынг заснаваны на тэхналёгіі
RSS. Неўзабаве пасьля выхаду ў эфір праграма выкладваецца на сэрвэр svaboda.org у фармаце mp3, а ў адпаведным RSS-патоку зьяўляецца паведамленьне з назвай праграмы і спасылкай на файл. Усталяваная ў вас праграма для загрузкі падкастаў пэрыядычна правярае абнаўленьні і як толькі знаходзіць новы файл, аўтаматычна загружае яго на ваш кампутар.
Каб не перагружаць канал, вы можаце асобна пазначыць цікавыя праграмы або задаць аўтаматычную загрузку ўсіх новых запісаў на выбраную тэму. Іх можна пасьля праслухоўваць на кампутары або скапіяваць на mp3-плэер (кішэнны кампутар, мабільны тэлефон) і слухаць дзе заўгодна – па дарозе, на прагулцы.
Якія ўжываць праграмы?
iTunes. Пасьля ўсталяваньня гэтай праграмы вы можаце падпісацца на цікавыя вам каналы падкастынгу. Для гэтага трэба выбраць у мэню “Advanced”– “Subscribe to Podcast”, скапіяваць у акно спасылку на RSS-канал адпаведнага падкасту і націснуць ОК. Назва падкасту зьявіцца ў сьпісе. Выбраўшы яе і націснуўшы на кнопку “Settings” у ніжнім правым куце акна праграмы, вы можаце наставіць інтэрвал праверкі зьяўленьня новых запісаў і час іх захоўваньня на кампутары. Паглядзець усе запісы каналу можна клікнуўшы на трохкутнік перад назвай каналу. Праграма iTunes можа аўтаматычна сынхранізаваць запісы з партатыўным mp3-плэерам iPod. Калі наставіць сынхранізацыю, вам ня трэба будзе займацца асобна капіяваньнем новазагружаных запісаў з кампутара на mp3-плэер.
Juice Receiver. Гэтая праграма арыентаваная на трошкі больш тэхналягічна “прасунутых” карыстальнікаў. У ёй больш гнуткі мэханізм кіраваньня загрузкай і захаваньнем падкастаў. Напрыклад, тут можна дакладна наставіць час праверкі абнаўленьняў на сэрвэры. Пасьля ўсталяваньня праграма запускаецца разам з апэрацыйнай сыстэмай і незалежна для карыстальніка выконвае сваю працу.
Абедзьве праграмы пашыраюцца бясплатна.