Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў КР зьявіцца моцная апазыцыя да Ціханоўскай, дык замежныя партнэры ня будуць ведаць, каго слухаць, — Класкоўскі


Пасяджэньне Каардынацыйнай рады. Архіўнае фота
Пасяджэньне Каардынацыйнай рады. Архіўнае фота

Палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі аналізуе асаблівасьці выбараў у Каардынацыйную раду, прагназуе, як могуць скласьціся адносіны паміж КР і офісам Ціханоўскай, і перасьцерагае, каб Рада ня стала месцам для высьвятленьня адносінаў.

Сьцісла:

  • Колькі б арганізатары ні пераконвалі, што працэдура выбараў надзейная і бясьпечная — думаю, многія будуць баяцца галасаваць.
  • Павал Латушка як амбітны і харызматычны чалавек, магчыма, хоча замацаваць за сабой КР як дадатковы палітычны пляцдарм.
  • Ці не пагоня гэта за нейкімі віртуальнымі магчымасьцямі, якія вельмі далёкія ад рэальных?
  • Калі КР стане толькі месцам высьвятленьня адносінаў паміж рознымі гульцамі, то наўрад ці гэта будзе цікавіць ня толькі беларусаў унутры краіны, але і беларусаў у эміграцыі.


— Як ідзе кампанія выбараў у Каардынацыйную раду? Ці разварушыла яна тую частку беларускага дэмакратычнага грамадзтва, якая захоўвае інтарэс да палітыкі?

— Ва ўсялякім разе, відавочна, што сярод палітычнай эміграцыі пэўны варушняк назіраецца. У гэтым працэсе бяруць удзел даволі яркія фігуры, якія ствараюць інфармацыйныя нагоды і спрыяюць росту зацікаўленасьці.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі


Аднак я мяркую, што калі б гэта зладзілі своечасова, у лютым, разам з адзіным днём галасаваньня ў Беларусі, то эфэкт быў бы відавочна большы. Папярэдні склад Каардынацыйнай рады ня мог знайсьці паразуменьне з офісам Ціханоўскай, у выніку сарвалі тэрміны выбараў.

Другі момант — каманды вельмі пярэстыя. Відавочна, што ствараюцца сытуацыйныя кааліцыі — проста таму, што трэба было скласьці сьпісы. Выклікае пытаньні і гендэрная квота — як мне падаецца, у некаторых сьпісах адбыўся штучны пошук кандыдатаў паводле полавай прыкметы.

Таксама варта адзначыць, што незалежна ад таго, наколькі прывабныя праграмы і імёны тых, хто балятуецца ў КР, многіх неабыякавых людзей у Беларусі будзе стрымліваць банальны чыньнік страху. Сілавікі стваралі розныя фальшывыя боты, і некаторыя беларусы ў гэтую пастку трапляліся. Таму перасьцярога будзе многіх у Беларусі стрымліваць. Бо прагаласаваць і сесьці ў турму — ня самая прыемная пэрспэктыва. І колькі б арганізатары ні пераконвалі, што ўсё надзейна — думаю, многія будуць баяцца галасаваць.

— Ужо зараз ідуць дыскусіі, што ў выніку выбараў можа адбывацца нейкае перацягваньне коўдры паміж КР і офісам Ціханоўскай. Што КР можа палічыць сябе больш легітымным органам, асабліва пасьля 2025 году. Ці бачыце вы такую небясьпеку?

— Наконт легітымнасьці. У свой час Андрэй Ягораў, сьпікер цяперашняга складу КР, сказаў, што плянка ў 100 тысяч удзельнікаў галасаваньня будзе добрым паказчыкам. Потым ён сам зьнізіў гэтую плянку да 50 тысяч. 50 тысяч — гэта трошкі менш за 1 працэнт беларускіх выбарнікаў, таму гэтая легітымнасьць будзе даволі ўмоўная. У любым раскладзе гэта ня будзе столькі, колькі галасоў набрала ў 2020 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах Сьвятлана Ціханоўская.

Але момант нейкай канкурэнцыі можа ўзьнікнуць. Некаторыя камэнтатары мяркуюць, што невыпадкова Павал Латушка склаў такі сур’ёзны сьпіс кандыдатаў ад свайго блёку. І над праграмай яны папрацавалі даволі грунтоўна. Увогуле, усяго некалькі блёкаў грунтоўна падышлі да сваіх праграмаў.

Магчыма, каманда Ціханоўскай падзяляе думку, якая існуе сярод некаторых аналітыкаў, што Павал Латушка як амбітны і харызматычны чалавек, які раней нярэдка крытыкаваў атачэньне Ціханоўскай, хоча замацаваць за сабой КР як дадатковы палітычны пляцдарм.

Так ці іначай, 2025 год будзе пэўным сымбалічным рубяжом, у тым ліку і для замежных партнэраў беларускіх дэмакратычных сілаў. Магчыма, у такой сытуацыі можа ўзьнікнуць размова, што легітымнасьць Ціханоўскай не бясконцая. КР можа стаць арэнай для палітычнай барацьбы паміж рознымі гульцамі ў лягеры палітычнай эміграцыі. І, магчыма, каманда Ціханоўскай спахапілася, і таму быў сфармаваны сьпіс Дабравольскага, каб не саступіць пазыцыі і мець дастатковы ўплыў у КР.

— Новы склад КР, адрозна ад папярэдніх, можа абапірацца на большую легітымнасьць, атрыманую ў выніку выбарчага працэсу.

— Так, калі аналізаваць праграмы выбарчых блёкаў, то варта зьвярнуць увагу на тыя тэзісы, што трэба клапаціцца пра тое, каб не апускалася жалезная заслона на Беларусь, каб не ізаляваць беларусаў у дыктатуры, не адсякаць сувязі з Эўропай.

Але мне не зусім зразумела, што можа тут даць КР. Офіс Ціханоўскай і Пераходны кабінэт па гэтых пытаньнях робяць даволі шмат высілкаў. І што тут можа дадаць КР зь яе пакуль ня вельмі зразумелымі паўнамоцтвамі? То бок ці не пагоня гэта за нейкімі віртуальнымі магчымасьцямі, якія вельмі далёкія ад рэальных?

Можа, наадварот, КР стане пляцоўкай для разнабою. Калі, напрыклад, там зьявіцца даволі моцная апазыцыя да Ціханоўскай, дык тыя ж замежныя партнэры ня будуць ведаць, каго найперш слухаць.

— Аднак даволі шмат людзей вырашылі балятавацца ў КР, нягледзячы на рэпрэсіі ўладаў. І чаму ўлада рэагуе так нэрвова на выбары ў гэты «віртуальны» орган?

— Лукашэнка вельмі хваравіта ставіцца да гэтага, бо ягоная псыхалягічная траўма 2020 году дасюль працягваецца. Яму сьвярбіць і баліць пытаньне легітымнасьці, і ён, з аднаго боку, прыніжае «беглых», але, зь іншага боку, вельмі сочыць за гэтай актыўнасьцю.

Усё ж галоўнае пытаньне — якія паўнамоцтвы будзе мець КР. Калі яна стане толькі месцам высьвятленьня адносінаў паміж рознымі гульцамі, то наўрад ці гэта будзе цікавіць ня толькі беларусаў унутры краіны, але і беларусаў у эміграцыі.

На сёньняшні дзень выразнага адказу пра місію КР няма. Ад дзеяньняў тых, хто туды трапіць, залежыць, ці знойдуць яны адказ, навошта патрэбная Рада і які плён яна прынясе. Калі КР акажацца зубастая, то гэта можа стварыць офісу Ціханоўскай пэўны дыскамфорт. Але важна, каб гэта не ператварылася ў сваркі і перацягваньне канату.

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG