Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка экс-дырэктара «Барысаўдрэва»: Скарга мужа выкладзеная на 300 старонках


Алена Мальцава з сынам Міраславам
Алена Мальцава з сынам Міраславам

7 красавіка ў Вярхоўным судзе будзе разгледжаная касацыйная скарга Ўладзімера Мальцава, былога гендырэктара аб’яднаньня «Барысаўдрэў», якога ў сьнежні мінулага году Менскі абласны суд прызнаў вінаватым у службовых злоўжываньнях і асудзіў на 3 гады зьняволеньня.

Напярэдадні пасяджэньня жонка падсуднага Алена Мальцава адказала на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода.

— Да чаго я рыхтуюся? З 11 сакавіка 2014 году, калі мужа арыштавалі, я рыхтуюся да яго вызваленьня, кожны дзень гэтага чакаю.

— Што можаце сказаць пра настрой вашага мужа напярэдадні разгляду касацыі?

— Ён добра падрыхтаваўся, ягоная скарга выкладзеная на 300 старонках. Паспрабаваў даказаць судзьдзям зь Вярхоўнага суду з дапамогай дакумэнтаў, што невінаваты. А цяпер сядзіць — чакае разгляду скаргі. Зь ягонай дзейнай натурай яму, безумоўна, даволі складана сядзець і проста чакаць, тым больш калі перакананы, што не вінаваты. Але што зробіш? Ён настроены дачакацца свайго апраўданьня і дагэтуль верыць у правасудзьдзе. У камэры ёсьць тэлевізар, газэты атрымлівае. Зь вязьнямі кантактуе, размаўляюць, дзеляцца думкамі. Кнігі чытае, лісты я яму пішу па 2–3 разы на тыдзень. Выходзіць на шпацыр.

— Ён у адной і той жа камэры ці яго пераводзілі туды-сюды?

— Пасьля суду ён застаўся ў той жа камэры, там ён ужо паўгода. А з дня арышту гэта ўжо чацьвёртая камэра. Але асабліва падрабязнасьцяў пра ўмовы ён не расказвае, відаць, гэта забаронена.

Уладзімер Мальцаў
Уладзімер Мальцаў

— Ці ведае ваш муж пра тое, што на прэсавай канфэрэнцыі ў студзені Аляксандар Лукашэнка даручыў разабрацца зь ягонай справай? Як ён гэта камэнтаваў?

— Канечне, ведае, што кіраўнік дзяржавы зьвярнуў на гэта ўвагу, і спадзяецца, што будзе вынік. Разумееце, калі чалавеку няма чаго хаваць, ён перакананы ў сваёй невінаватасьці і ёсьць вялікая колькасьць дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць яго невінаватасьць, і кіраўнік дзяржавы пра гэта ведае, дык гэта ідзе на карысьць. Калі б яму было што хаваць і ён бы гэта адчуваў, мяркую, ён бы рэагаваў інакш.

— Вам дазваляюць спатканьні з мужам?

— Пасьля працэсу і да таго, як скаргу перадалі ў Вярхоўны суд, было некалькі спатканьняў, але потым спатканьняў не дазвалялі.

— А што ў Барысаве і на «Барысаўдрэве» кажуць пра разгляд скаргі?

— Усе ведаюць, што 7 красавіка будзе разгляд скаргі ў Вярхоўным судзе, і чакаюць апраўдальнага прысуду. А на «Барысаўдрэве» тыя, з кім я кантактавала, спачуваюць дырэктару і чакаюць яго вызваленьня. Зразумела, я не магу казаць пра тых, з кім не размаўляла.

— Падчас працэсу вы праз інтэрнэт зьвярталіся да грамадзкасьці па фінансавую дапамогу, матывуючы тым, што не хапае сродкаў на адваката. Ці дапамаглі вам людзі?

— Канечне, я па-ранейшаму ў даўгах як у шаўках, бо ў абласным судзе было больш за 50 паседжаньняў, а кожны дзень працы адваката абыходзіўся ў 2 мільёны рублёў. Пакрыць гэтыя страты без даўгоў немагчыма. Але людзі сапраўды дапамаглі. Сумы былі ня вельмі вялікія, але калі незнаёмы чалавек дасылае па 50 ці 100 тысяч на рахунак, гэта вельмі шмат значыць. Я ім вельмі ўсім удзячная. А найбольшы памер дапамогі я атрымала ад маіх бацькоў і ад бацькоў мужа, ім таксама вялікі дзякуй.

Малы сын перакананы, што тата ў камандзіроўцы і вельмі хутка вернецца дамоў

— Як дзеці перажываюць адсутнасьць бацькі?

— Дачка вельмі перажывае за тату, бо ўсё разумее. А малы сын перакананы, што тата ў камандзіроўцы і вельмі хутка вернецца дамоў.

— Ці ёсьць навіны ў вашым прафэсійным жыцьці?

— Працую выкладчыцай у тэхнікуме. У мяне першая катэгорыя. Меркавала сёлета атрымаць вышэйшую катэгорыю, але ў сувязі з гэтай бядой вырашыла адкласьці гэтыя клопаты на наступны год, бо разумею, што пакуль ня ў стане гэтым займацца. Але збольшага асаблівых праблемаў няма. Імкнуся не злоўжываць даверам калегаў і начальства і працаваць добра, бо праблемы выкладчыкаў не павінны адбівацца на якасьці падрыхтоўкі.

Былы гендырэктар «Барысаўдрэва» Ўладзімер Мальцаў быў абвінавачаны ў зрыве мадэрнізацыі на прадпрыемстве і асуджаны Менскім абласным судом на 3 гады зьняволеньня за нанясеньне праз службовыя злоўжываньні стратаў у вялікім памеры. Мальцаў не прызнаў сябе вінаватым і аспрэчыў прысуд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG