Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дырэктар «Барысаўдрэва» пра абвінавачаньне: «Гэта казка пра Пінокіё»


Уладзімер Мальцаў

Уладзімер Мальцаў

Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачаньня папрасіла пакараць экс-дырэктара «Барысаўдрэва» Ўладзімера Мальцава 6 гадамі зьняволеньня і на 5 год пазбавіць яго права займаць кіроўныя пасады.

15 сьнежня ў працэсе над былым гендырэктарам «Барысаўдрэва» Ўладзімерам Мальцавым скончылася судовае расьсьледаваньне і пачаліся спрэчкі.

Ягоная сутнасьць зводзіцца да таго, што Мальцаў, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, учыніў дзеяньні, які нанесьлі асабліва вялікія страты

«Ня буду падрабязна спыняцца на выстаўленым абвінавачаньні. Ягоная сутнасьць зводзіцца да таго, што Мальцаў, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, учыніў дзеяньні, які нанесьлі асабліва вялікія страты», — пачала прамову, якая цягнулася амаль гадзіну, прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачаньня Алена Філіповіч. У выніку яна запрасіла для Ўладзімера Мальцава 6 год зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму з забаронай на 5 год займаць кіроўныя пасады. Нагадаю, найбольшае пакараньне паводле 3 часткі 424 артыкулу — да 10 год зьняволеньня. Зь якіх стратаў склалася гэтая агульная лічба шкоды ў амаль 17 мільярдаў рублёў, якую, паводле Алены Філіповіч, нанёс Уладзімер Мальцаў?

Паводле першага эпізоду, Мальцаў нібыта незаконна паспрыяў таму, каб кантракт на пастаўку катлоў на «Барысаўдрэў» выйграла турэцкая фірма, якая прапанавала тэрмамасьляныя, а не звычайныя паравыя катлы. Для іх, як лічыць абвінавачаньне, давялося ўсталёўваць дадатковую сыстэму абагрэву, што адпаведна каштавала дадатковыя 4 мільярды рублёў.

Другі эпізод — самы значны, ён цягне больш як на 11 мільярдаў рублёў. Эпізод тычыцца працаў па мантажы катлоў і разыходжаньня адносна таго, мусілі ці не турэцкія адмыслоўцы мантажаваць катлы бясплатна. Абвінавачаньне па-ранейшаму мяркуе, што мантажаваць іх пастаўшчык абсталяваньня мусіў ў межах ужо аплачанага кантракту, і тое, што Мальцаў абвясьціў асобны тэндэр на мантажныя працы, якія потым былі аплачаныя асобна, таксама лічыцца злоўжываньнем уладай з боку экс-дырэктара.

Яшчэ 1,5 мільярды рублёў стратаў Уладзімер Мальцаў нібыта нанёс праз злоўжываньні пры мантажы лініі па вытворчасьці запалак.

Уладзімер Мальцаў з гэтымі абвінавачваньнямі ўголас не пагаджаўся, у тым ліку параўнаў іх з казкамі пра Пінокіё. Рэплікі экс-дырэктара з лавы падсудных прывялі да таго, што судзьдзя абвясьціў яму заўвагу.

Пасьля перапынку ў абарону Ўладзімера Мальцава выступіў адвакат Дзьмітры Гарачка. Нагадаю, Уладзімер Мальцаў сваёй віны не прызнае цалкам. Ягоны абаронца спыніўся на кожным з эпізодаў абвінавачаньня і выклаў аргумэнты на карысьць пазыцыі свайго падабароннага.

Між тым, судовыя спрэчкі сёньня маглі б не пачацца, калі б суд задаволіў хадайніцтва адваката Зьмітра Гарачкі аб правядзеньні комплекснай экспэртызы. Бяз гэтага судовае расьсьледаваньне нельга лічыць скончаным, даводзіў адвакат і папярэджваў пра будучую скаргу.

Я рады б не зацягваць судовае сьледзтва, але мушу акцэнтаваць увагу на тым, што патрабаваньні артыкулу 18 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу ня выкананыя органам крымінальнага перасьледу.

«Я рады б не зацягваць судовае сьледзтва, але мушу акцэнтаваць увагу на тым, што патрабаваньні артыкулу 18 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу ня выкананыя органам крымінальнага перасьледу. Хацелася б, каб суд гэта выправіў, каб потым не было падстаў для касацыйнай скаргі. Але, мяркую, яна ўсё ж будзе, калі мы так ідзем».

Суд гэтае хадайніцтва не задаволіў. Як не пагадзіўся і дамагацца, каб былі выкліканыя і дапытаныя віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка і былы гендырэктар «Барысаўдрэва» Ўладзімер Кухто. Абаронца даводзіў, што гэта ключавыя сьведкі. Спадар Сямашка, паводле адваката, фактычна курыраваў мадэрнізацыю «Барысаўдрэва» і добра праінфармаваны пра ўдзел у працы Уладзімера Мальцава. А што да спадара Кухто, дык менавіта ён, а ня Мальцаў, запрасіў турэцкіх вытворцаў катлоў для супрацоўніцтва з «Барысаўдрэвам». Суд і гэтыя хадайніцтвы адхіліў, зноў задаволіўшыся зьвесткамі, што Ўладзімер Сямашка «вельмі заняты», а Уладзімера Кухто нібыта няма ў Беларусі.

Увогуле назіральнікі за працэсам адзначылі пэўныя зьмены ў пазыцыі суду адносна высьвятленьня ўсіх абставінаў справы Ўладзімера Мальцава.

XS
SM
MD
LG