Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля крывавай вайны на Данбасе людзям брыдка размаўляць па-руску»

абноўлена

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч камэнтуе зьяўленьне на сайце lenta.ru артыкулу «Другі беларускі „фронт“. У рэспубліцы актывізаваліся добраахвотніцкія аб’яднаньні нацыяналістаў».

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч ініцыяваў правядзеньне 24 студзеня ў Менску дабрачыннага марафону «Дапамажы беларускаму салдату».

Пра мэты гэтай акцыі ён распавёў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды:

— Гэта ня першае дабрачыннае мерапрыемства такога кшталту. Спэцыфіка гэтай акцыі палягае ў тым, што мы зьбіраем канкрэтна грашовыя сродкі для таго, каб дапамагчы беларусам, нашым сябрам, якія сёньня знаходзяцца ў добраахвотных батальёнах і бароняць Украіну ад маскоўскай арды. Баронячы Украіну, яны бароняць Беларусь.

Па першае, мы адчуваем свой вялікі доўг, абавязак перад гэтымі людзьмі. Па другое, я асабіста добра ведаю той стан, у якім знаходзіцца добраахвотны беларускі рух ва Ўкраіне. Ён заснаваны абсалютна на валянтэрскіх пачатках. Беларусы, якія абараняюць Украіну ад Расеі і акупацыі, нічога ня маюць ад украінскай дзяржавы. І часта думаюць, за што ім там зьняць кватэру падчас ратацыі ці проста што ім есьці. Таму ўзьнікла такая ініцыятыва.

Я некалькі месяцаў таму агучваў такі заклік, каб замаўлялі мэблю ў цесьляроў невялічкай фірмы (я стаўлю мэблю) і чвэрць заробку я абяцаў пералічыць хлопцам. Каля 250 умоўных адзінак я сабраў, і цяпер ёсьць сэнс, каб іншыя людзі, якія хочуць дапамагчы, далучаліся да гэтай акцыі. Хто адчувае такое пакліканьне ў сэрцы, той прыйдзе і дапаможа.

— Як будзе праходзіць гэты марафон на сядзібе Партыі БНФ?

— Фармат даволі вольны. Будуць прыходзіць людзі, мажліва, нешта казаць, ахвяроўваць. Будуць выстаўлены на аўкцыён некалькі працаў, якія ахвяраваў паэт, мастак Міхал Анемпадыстаў, выступіць бард Андрэй Мельнікаў, мажліва, яшчэ нейкія музыкі.

— На гэты дабрачынны марафон ужо зьвярнулі ўвагу расейскія СМІ. Сайт lenta.ru надрукаваў артыкул «Другі беларускі „фронт“. У рэспубліцы актывізаваліся добраахвотніцкія аб’яднаньні нацыяналістаў». Як ты ставісься да такой пільнай увагі з боку расейцаў?

Тое, што зрабіў Пуцін і рускія шавіністы разам са сваім 90-працэнтным складам насельніцтва Расеі, ня мог зрабіць ніхто, ніводзін нацыянальны ідэоляг.

— Для сучаснай шызафрэнічнай Расеі гэта вельмі адэкватны тэкст. Ну, актывізаваліся, бо любое дзеяньне спараджае контрадзеяньне. Тое, што зрабіў Пуцін і рускія шавіністы разам са сваім 90-працэнтным складам насельніцтва Расеі, ня мог зрабіць ніхто, ніводзін нацыянальны ідэоляг. Яны настолькі патрыятызавалі і каталізавалі нацыянальна-творчыя працэсы. Мы ведаем дзясяткі прыкладаў, калі людзі кажуць: „Я перайшоў на ўкраінскую, я перайшоў на беларускую, бо пасьля крывавай вайны на Данбасе мне брыдка размаўляць па-руску». І гэта зрабіў Пуцін. Гэта не зрабіў ні Пазьняк, ні Яраш, ні якія яшчэ страшылкі, якія выдумляе руская прапаганда. Гэта зрабіў Пуцін і рускія шавіністы. Да таго давялі жыхароў суседніх рэспублік, што многім ім становіцца брыдка размаўляць па-руску.

— Апошнім часам прадстаўнікі беларускіх уладаў кажуць пра перасьлед тых, хто змагаецца на баку Ўкраіны. Як ты да гэтага ставісься, яны насамрэч могуць патрапіць пад перасьлед у Беларусі?

— У нашай краіне можа адбывацца ўсе, што заўгодна. Могуць патрапіць пад перасьлед хоць сёньня ўвечары. Лукашэнка 20 гадоў вырошчваў структуры «рускага міру». Ён 20 гадоў пладзіў ідэолягаў, якія абяцалі, што мы тут «адна нацыя». У той жа час 20 гадоў нішчыліся любыя парасткі патрыятычнай ідэі, сьвядомасьці. І цяпер нават, калі рэжым пачынае разумець, што нешта ня тое...

Што калі сюды прыйдзе ў нейкай агрэсіўнай форме Пуцін, сілавыя ведамствы Лукашэнку проста будуць не падкантрольныя.

Вось у сувязі з гэтай ініцыятывай «Ваяроў». Я размаўляў з чалавекам, які служыць у сілавых структурах. Я яго спытаў, калі прыйдуць рускія, каго тыя, з кім ты служыш, будуць абараняць? Пуціна ці Лукашэнку? Ён кажа: «Ну, канечне, Пуціна». І Лукашэнка, як стары ваўчара, сочыць за гэтымі настроямі і іх разумее. Што калі сюды прыйдзе ў нейкай агрэсіўнай форме Пуцін, сілавыя ведамствы Лукашэнку проста будуць не падкантрольныя.

Нават разумеючы гэта, ня так проста павярнуць машыну, якая адбудоўвалася і ўдасканальвалася 20 гадоў. Мы ж бачым журналісцкія дасьледаваньні пра сілавікоў з акадэмій ФСБ, у якіх сьцягі ДНР і Расеі вісяць у працоўных кабінэтах. Канечне, такія людзі толькі і чакаюць каманды «фас», каб разарваць. І, думаю, ім ёсьць супрацьдзеяньне ў сілавых структурах і яшчэ дзе-небудзь, якое не дазваляе ім гэта зрабіць. Я дапускаю, што ў сілавых структурах усё ж ёсьць людзі, якія разумеюць, што насамрэч пагроза сыходзіць з усходу. Яны робяць гэтыя крымінальныя справы, запужваюць, магчыма, па ўказцы Масквы, магчыма, канкрэтныя супрацоўнікі ФСБ ініцыююць гэтыя працэсы. Бо ёсьць такія сымптаматычныя рэчы, якія сьведчаць, што рэжым Лукашэнкі разумее, што галоўная небясьпека з усходу.

— Расейскія СМІ пішуць, што ўлады падтрымліваюць патрыятычныя акцыі ў Беларусі.

— Наўрад ці можна казаць, што падтрымліваюць. Проста ня душаць. Не робяць тое, што яны рабілі 20 гадоў. Ня садзяць у турмы, не зьбіваюць, не вывозяць у лес. І калі для рускіх шавіністаў гэта азначае падтрымліваюць, мы можам толькі паўсьміхацца.

— Клюб «Ваяр» працягвае сваю працу?

— Канечне. Мы робім справаздачы ў сацыяльных сетках, наша дзейнасьць адкрытая, яе ніхто не хавае і не перасьледуе ніякіх злачынных інтарэсаў. Мы на падмурку беларускай Канстытуцыі, якая сьведчыць, што мы незалежная, самастойная дзяржава. Мы дзейнічаем зыходзячы з гэтых каштоўнасьцяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG