Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дземідзенка: «Малады фронт не зьбіраецца ваяваць»


Спартова-патрыятычны клюб «Ваяр» Маладога Фронту 5 сьнежня правёў другую трэніроўку. Да чаго рыхтуюцца хлопцы і дзяўчаты, распавёў Свабодзе Мікола Дземідзенка.

На фотаздымках, распаўсюджаных у інтэрнэце, каля дваццаці маладых чалавек, апранутых у камуфляжную форму, трымаюць у руках зброю на фоне сьцяга Маладога фронту. Паведамляецца, што трэніроўку правёў былы спэцназавец, а ўдзельнікі пазнаёміліся са спэцыфікай працы разьведвальна-дывэрсійных групаў і навучыліся прыёмам абароны з халоднай зброяй.

Паколькі ў «Ваяры» няма вызначанай структуры і кіраўніцтва, Свабода зьвярнулася па камэнтар да аднаго з лідэраў Маладога Фронту Міколы Дземідзенкі. Перш за ўсё мы запыталіся, якую зброю трымаюць удзельнікі клюбу.

«Звычайныя страйкбольныя прылады. Прыходзіць моладзь, студэнты, людзі больш старэйшага ўзросту», — адказаў Мікола.

Як адзначыў Дземідзенка, у трэніроўцы ўдзельнічала больш за дваццаць чалавек, але ня ўсе пагадзіліся трапіць на групавы фотаздымак. Ці зьвязана гэта зь ціскам з боку ўладаў?

Мікола Дземідзенка

Мікола Дземідзенка

«Праблемаў няма і не павінна быць. Мы не займаемся контрпаліцэйскай дзейнасьцю. Гэта спорт, мы гуляем у страйкбол. Іншых мерапрыемстваў пакуль ня было. Фактычна, гэта нацыянальны гурток для людзей, якія хочуць актыўна бавіць час.

Мы сапраўды зьбіраемся распрацаваць іншыя падыходы, каб гэта ня быў толькі страйкбол, а, напрыклад, арыентаваньне на мясцовасьці. Але з адной прычыны — страйкбол гэта дорага. Жадаючых даволі шмат, але ня кожны можа дазволіць сабе выдаткоўваць 200 тысяч кожную суботу, асабліва калі казаць пра студэнтаў».

Дык чым адрозьніваецца «Ваяр» ад страйкбольнага клюбу? Па словах Дземідзенкі, яны не іграюць прафэсійна і ня маюць намеру ствараць уласную каманду. Розьніца ж палягае ў тым, што ў «Ваяра» плянуюцца іншыя мерапрыемствы, у тым ліку турыстычныя.

«Мы размаўляем пра беларускі патрыятызм, гэта самае галоўнае», — дадае Мікалай Дземідзенка.

Дземідзенка таксама адмаўляе, што «Ваяр» — гэта падрыхтоўка да вайсковых дзеяньняў.

«Па-першае, мы спадзяемся, што вайны ня будзе. Мы з’явіліся як адказ грамадзтва на ўзрослую колькасьць прарасейскіх арганізацыяў, якія, на наш погляд, сапраўды рыхтуюцца да вайны. Гэта наш пратэст.

Па-другое, да клюбу можа далучыцца абсалютна кожны. Мы набіраем усіх, нам піша шмат людзей. Гэта людзі з рознымі палітычнымі поглядамі, адрознымі ад нашых. Нават тыя, хто чакае пагрозы з Захаду, бо яны ў „Ваяры“ сярод тых, хто будзе змагацца за Беларусь, і мы іх прымаем якраз таму, што ня хочам даводзіць сытуацыю да той, якая склалася ва Украіне. Мы разумеем, што трэба размаўляць з усімі, што трэба пазьбегнуць канфрантацыі. Мы не адпрацоўваем узяцьце лесьвічных пляцовак, як гэта робяць казакі. Я ня думаю, што нехта з нас атрымае рэальны вайсковы досьвед пасьля гульні ў страйкбол».

У паведамленьні на сайце Маладога Фронту, арганізатары заклікаюць патрыётаў далучацца да «Ваяра», каб " разам мы маглі абараніць нашу Бацькаўшчыну ад расейскай агрэсіі і пракрэмлёўскай пятай калёны"

XS
SM
MD
LG