Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вуліцы Лукашэнкі сёньня сьвята


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Па выніках Антыкрызіснага форуму 11 студзеня грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» накіравала ліст у Міністэрства эканомікі, копіі былі высланыя ў Адміністрацыю прэзыдэнта і ў Міністэрства гандлю. Але чакаць афіцыйных адказаў ад гэтых ведамстваў ужо ня варта. Бо адказ даў Аляксандар Лукашэнка.

«З 1 студзеня скончыліся іх мядовыя гады, і трэба працаваць у роўных умовах, па адпаведных дакумэнтах. Ім трэба разумець, што сэртыфікацыя прадукцыі, на якую мы пайшлі, — гэта першы крок. Ёсьць тавар — усе суправаджальныя дакумэнты павінны быць. Мы павінны празрыста гандляваць, і хопіць вакол гэтага нейкія падкопы ладзіць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы 14 студзеня.

Варта зьвярнуць увагу, што тэма нарады, на якой Лукашэнка рабіў гэтыя выказваньні, зусім ня тычылася тэмы індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП). Яна была прысьвечана зацьвярджэньню рашэньня пра ахову дзяржаўнай мяжы органамі памежнай службы.

Доўгае назіраньне за палітычным стылем Лукашэнкі дазваляе зрабіць выснову, што калі зьяўляецца нейкая непрыемная сытуацыя, канфлікт, і няма чаго сказаць аўдыторыі, то ён умее трымаць паўзу, чакаць. А можа неяк і само рассмокчацца? Узгадайце, як доўга кіраўнік Беларусі маўчаў наконт расейскай авіябазы, калі ўжо ў мэдыях на ўсю моц бурлілі жарсьці.

Здавалася б, і цяпер, калі зьявіўся гэты канфлікт паміж уладамі і ІП, Лукашэнку лягічна было б пачакаць, нічога не камэнтаваць, няхай бы папрацавалі ніжэйшыя чыноўнікі зь міністэрстваў эканомікі, гандлю і інш. То бок разыграць добра вядомы сюжэт пра добрага цара і дрэнных баяр, які паўтараўся ўжо ня раз.

Але Лукашэнка нібы чакаў моманту, каб менавіта самому публічна пракамэнтаваць гэты канфлікт. Ён нават ня стаў чакаць добрай нагоды, а выкарыстаў для гэтага першую ж нараду, зусім на іншую тэму. Так ужо яму не цярпелася.

Заўважце, Лукашэнка не выказвае на адрас ІП ніякага спачуваньня, ён не заклікае іх да разуменьня сытуацыі. Можна было б сказаць — маўляў, крызіс, краіна перажывае цяжкія часы, каму цяпер лёгка, трэба ўсім патроху ахвяраваць.

Але не, згаданыя словы на адрас ІП былі сказаныя з дрэнна прыхаванай злараднасьцю, нават псыхалягічнай асалодаю. Ага, скончыліся вашы мядовыя гады, далей лафы ня будзе. Больш за тое, Лукашэнка папярэдзіў, што гэта толькі першы крок. Значыць будуць і іншыя захады па ліквідацыі ІП як клясы. Не пакідае ўражаньне, што кіраўнік дзяржавы нібы сьвяткуе перамогу над ворагам.

Ня менш, калі ня больш важны для яго той факт, што рух прадпрымальнікаў цалкам страціў свой пратэстны патэнцыял і ператварыўся ў бяскрыўдную групу просьбітаў, здольных толькі пісаць чалабітныя.

Лукашэнка вельмі ня любіць саступаць, выглядаць слабым, а само існаваньне ІП прымушала яго да гэтага

Каб зразумець прычыну гэтай эўфарыі, трэба ўзгадаць паўтара дзясятка гадоў барацьбы ўладаў з ІП. Былі страйкі, шматтысячныя мітынгі, шэсьці да мясцовых выканкамаў, галадоўкі. Нават на некалькі гадзін ІП перакрылі рух на галоўным праспэкце Менску, была спроба прарвацца да Адміністрацыі прэзыдэнта. Шмат разоў улады пад ціскам гэтых пратэстаў, якія, дарэчы, абапіраліся на спачуваньне большасьці насельніцтва, былі вымушаны саступаць, задавальняць частку патрабаваньняў прадпрымальнікаў. Мэдыі шмат пісалі пра ўтварэньне незалежнай ад дзяржавы сярэдняй клясы Беларусі. То бок Лукашэнка перажыў шмат непрыемных хвілін і гадзін ад гэтых пратэстаў. Бо вельмі ня любіць саступаць, выглядаць слабым, а само існаваньне ІП прымушала яго да гэтага. Мусіць, і цяпер ён чакаў ад прадпрымальнікаў нейкіх рашучых дзеяньняў. А ва ўмовах сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве гэта магло выклікаць нейкую ланцуговую рэакцыю. Бо ніхто ня ведае, зь якой іскры загараецца полымя.

І вось пасьля Антыкрызіснага форуму 11 студзеня кіраўнік дзяржавы зразумеў, што ўсе ягоныя страхі скончыліся. Падкопаў ня будзе. Лукашэнка прыняў акт аб поўнай і безагаворачнай капітуляцыі праціўніка. У яго сёньня сьвята. Таму і не ўтрымаўся, каб не падзяліцца радасьцю з сваім добрым народам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG