Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка расчысьціў месца ў галовах людзей для іншых думак, — Шумчанка


Анатоль Шумчанка, архіўнае фота

Анатоль Шумчанка, архіўнае фота

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды выказваньні кіраўніка краіны наконт прадпрымальнікаў.

«Ня ведаю, пра які мёд кажа Лукашэнка. Мы ж усе жывём у адной краіне. Мы ня можам жыць асобна „добра“ ад іншых грамадзянаў. Альбо ўсе жывуць добра, альбо з пэртурбацыямі. Магчыма, нашы чыноўнікі жывуць у іншай краіне? Складаецца такое адчуваньне, што так.

Насамрэч прадпрымальнікі даўно ўжо не жывуць у мядовых гадах. Я не разумею, як такое можа казаць чалавек, які стаіць на чале дзяржавы? Я, наадварот, хацеў бы, каб мае людзі заўсёды жылі ў мядовых часах. Гэта была б мая мэта як прэзыдэнта. Але сказаць, што вашы мядовыя гады скончыліся...

І да якіх часоў нам цяпер трэба рыхтавацца? Да горкіх гадоў трэба падрыхтавацца? Дык мы гэта ўжо зразумелі. Усе людзі ў шоку ад таго, што сказаў кіраўнік краіны. Што ім цяпер рабіць? Бо яны бяз працы. Як яны маглі аказацца чужымі ва ўласнай краіне?»

Шумчанка адзначае, што кіраўнік Беларусі маўчаў два тыдні. 11 студзеня прайшоў антыкрызісны форум прадпрымальнікаў, і на 25 студзеня ў Менску прызначаны чарговы. На ім будзе дадзеная ацэнка выказваньням кіраўніка краіны.

«Тое, што Лукашэнка сёньня сказаў — гэта самы галоўны вынік працы нашай арганізацыі і маёй асабіста. Бо як людзі думалі дагэтуль? Добры цар, а дрэнныя баяры. А цяпер у многіх людзей проста расплюшчыліся вочы. У іх у галаве ня ўкладваецца, як можна было так сказаць. Лукашэнка глыбока памыляецца, калі лічыць, што мы супраць нейкіх дакумэнтаў, сэртыфікатаў ці роўных умоваў. Мы выступалі, каб пры прыняцьці рашэньняў было раўнапраўе. Ці справядліва гэта, што буйны бізнэс можа прымаць рашэньні для малога бізнэсу? Ніякіх дамоўленасьцяў не было. Людзі ўвесь гэты год у званы білі, што яны супраць гэтага ўказу № 222. Таму зрабіць горш, чым ён цяпер сабе зрабіў, не прыдумаеш. Ён сёньня сваімі словамі расчысьціў месца ў галовах людзей для іншых думак. Яны ўжо ня будуць так яму ў рот глядзець. Яны разумеюць, што ён жыве ў нейкім іншым сьвеце. Засталося толькі абгарнуць усіх калючым дротам, каб ніхто нікуды ня рыпаўся».

14 студзеня падчас нарады Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў сытуацыю вакол індывідуальных прадпрымальнікаў і заявіў, што «з 1 студзеня скончыліся іх мядовыя гады і трэба працаваць у роўных умовах, па адпаведных дакумэнтах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG