Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ты ім у лоб, яны табе па лбе» — прадпрымальнікі атрымалі адказ ад Міністэрства па падатках і зборах


Антыкрызісны форум прадпрымальнікаў у Менску. Менск, 11 студзеня 2016 году

Антыкрызісны форум прадпрымальнікаў у Менску. Менск, 11 студзеня 2016 году

У адказе міністэрства — ніводнай прапановы, адно пераказ законаў і ўказаў, з-за якіх у Беларусі спусьцелі рынкі і гандлёвыя цэнтры.

Міністэрства па падатках і зборах адказала на ліст грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва», якое адстойвае інтарэсы прадпрымальнікаў.

Патрабаваньні і прапановы ў тым лісьце былі зьвязаныя з указам № 222 і іншымі ўказамі і законамі, якія, як сьцьвярджаюць прадпрымальнікі, робяць іх працу немагчымай. Міністэрства ж адказала простым пераказам тых самых указаў і законаў. Поўны тэкст адказу міністэрства разьмешчаны на сайце «Пэрспэктывы».

Напрыклад, пра ўласна ўказ № 222 міністэрства тлумачыць, што ён скіраваны на абарону ўнутранага рынку краіны, навядзеньне парадку на спажывецкім рынку, стварэньне роўных умоваў для ўсіх суб’ектаў гаспадараньня і прадухіленьне ўвозу нелегальнай прадукцыі ў Беларусь. Права ўвозу тавараў без належнай дакумэнтацыі, сьцьвярджае міністэрства, прывядзе да нэгатыўных зьяваў у эканоміцы, таму прапанова скасаваць указ «не падтрымліваецца».

Прадпрымальнікі ж сьцьвярджаюць, што такіх дакумэнтаў ня могуць атрымаць — расейскія пастаўшчыкі або не выдаюць дакумэнты, або выдаюць фальшывыя. Празь немагчымасьць выкананьня ўказу № 222 і іншых правілаў прадпрымальнікі ад пачатку году не выходзяць на працу. Эканамісты мяркуюць, што дзяржава чыніць перашкоды прадпрымальнікам у інтарэсах буйных гандлёвых сетак і «сваіх» у буйным бізнэсе, ня дбаючы пра дзясяткі тысяч прадпрымальнікаў.

Анатоль Шумчанка: «Як працуе сёньня ўлада? Ты ім у лоб, яны табе па лбе»

Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

«Нічога новага не напісалі. Вось бачыце, як працуе сёньня ўлада? Ты ім у лоб, яны табе па лбе! Ты ім кажаш, што праблема ёсьць, а яны кажуць — „мы ўсё адно будзем так“.

Міністэрства па падатках і зборах — гэта ініцыятар указу, яго распрацоўшчык. І яны будуць да апошняга стаяць на сваёй пазыцыі. Бо ў іншым выпадку іх жа ўсіх трэба ў шыю гнаць за такія рэчы. Ад Міністэрства эканомікі пакуль цішыня, не магу дазваніцца ні да [намесьніцы міністра эканомікі. — РС] Касьцевіч, ні да дэпартамэнту, ні да кога. А Міністэрства гандлю езьдзіць па рынках, сустракаецца зь людзьмі, зьбірае інфармацыю, дасьледуе...

Калі нічога ня зьменіцца, мы 25-га студзеня хочам правесьці яшчэ адзін форум».

На Антыкрызісным форуме, які прайшоў у Менску 11 студзеня, Мінэканомікі паабяцала да канца тыдня разгледзець сытуацыю з прадпрымальнікамі. Па выніках форуму прадпрымальнікі накіравалі зварот у Мінэканомікі з прапановай аднавіць у Дэпартамэнце па прадпрымальніцтве гэтага міністэрства дзейнасьць працоўнай групы па рашэньні праблемных пытаньняў ІП. Самі ж прадпрымальнікі ў асноўнай масе не зьбіраюцца выходзіць на Плошчу і ладзіць масавыя пратэсты, але і ня хочуць аднаўляць гандаль да скасаваньня ўказу № 222.

XS
SM
MD
LG