Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не забіла б... Калі б было куды ўцячы

абноўлена

Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky
Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky

Паводле дадзеных МУС Беларусі, прыкладна кожнае трэцяе забойства ў Беларусі і кожнае чацьвёртае цяжкае цялеснае пашкоджаньне — побытавае злачынства, учыненае ў выніку хатняга гвалту. Хатні (або сямейны) гвалт — праблема не выключна беларуская. Як вынікае зь леташняй справаздачы Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, кожную хвіліну недзе ў сьвеце ад рукі мужа ці партнэра гіне жанчына. І толькі ў 6% выпадкаў жанчына забівае партнэра ці мужа. Сёньня — пра хатні гвалт і яго ахвяраў, а таксама пра тое, як спрабуюць вырашыць гэтую праблему ў Беларусі і за мяжой.

У Нямеччыне беларускі абароненыя больш, чым на радзіме

...30-гадовая Іна паходзіць зь невялікага беларускага мястэчка. Вось ужо некалькі гадоў жыве ў Бэрліне ў шлюбе з мужам-немцам. Пазнаёміліся праз інтэрнэт. Пасьля пераезду ў Нямеччыну маладая жанчына паступова стала заўважаць, што муж да яе ставіцца зьдзекліва.

«Ён бачыць ува мне бясплатную працоўную сілу ды сэксуальную рабыню. Нярэдка жорстка зьбівае, пагражаючы: паведаміш у паліцыю, дык цябе ўмомант выкінуць зь Нямеччыны», — расказвае Іна сваю сумную гісторыю праваабаронцам бэрлінскай філіі Amnesty International падчас іхняй вулічнай акцыі супраць гвалту над жанчынамі.

Як сьведчаць праваабаронцы, апошнім часам хатні гвалт усё часьцей назіраецца ў сем’ях, дзе жонка — замежніца, а муж — немец. Шмат хто з гэтых жанчын проста ня ведае сваіх правоў. Напрыклад, закон «Аб судовых мерах па абароне ахвяраў ад гвалту і перасьледу» прадугледжвае абарону асобы, калі ў дачыненьні да яе чыніцца гвалт. Нават калі хатняга агрэсара ўпякуць за краты, то ягоную жонку ніхто з краіны ня вышле. Больш за тое, закон будзе абараняць яе і пасьля мужавай адседкі. Парушальніку будзе забаронена набліжацца да ахвяры на пэўную адлегласьць, тэлефанаваць ёй, слаць СМС, у тым ліку праз трэціх асобаў. Цягам пэўнага тэрміну яму нельга будзе зьяўляцца ў кватэры, нават калі ён яе ўласьнік. Парушальнік будзе надалей несьці выдаткі на аплату жытла ды матэрыяльнае ўтрыманьне ахвяры, калі тая знаходзіцца на ягоным забесьпячэньні.

Папулярная тэлепраграма на тэлеканале Sat1 пра патрульную службу паліцыі, якая адразу выяжджае на кожны сыгнал пра хатні гвалт

Ня менш небясьпечны — псыхалягічны гвалт, які нярэдка прымае формы псыхічнага тэрору

Прадстаўнікі Amnesty International заўжды падкрэсьліваюць адзін момант: жанчына павінна гаварыць пра свае праблемы. Прычым ня толькі пра тое, што яе б’юць ці эксплюатуюць сэксуальна. Ня менш небясьпечны — псыхалягічны гвалт, які нярэдка прымае формы псыхічнага тэрору. Паводле дадзеных Міністэрства сям’і ФРГ, пэрманэнтныя або пэрыядычныя праявы розных відаў гвалту ў сям’і з боку мужа ці партнэра адчувае кожная чацьвёртая жанчына ў гэтай краіне. Гэта шмат, лічаць праваабаронцы. Але справа рухаецца, бо вядзецца вялікая інфармацыйная работа. Напрыклад, на нямецкіх тэлеканалах створаныя самыя розныя праграмы ды рэаліці-шоў, якія вучаць жанчын ды дзяцей, як паводзіць сябе ва ўмовах хатняга гвалту.

Адвакат: беларускі цярпелі, цярпяць і будуць цярпець

У Беларусі пакуль няма асобнага закону аб прадухіленьні хатняга гвалту. Два міжнародныя дакумэнты, якія падпісаныя нашай краінай, — Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека і Канвэнцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчыны, — хутчэй носяць дэкляратыўны характар. Дзяржава ня мае права ўмешвацца ў прыватнае жыцьцё, пакуль гвалт не адбыўся. Агучанае гэтымі днямі на канфэрэнцыі ў Менску сацыялягічнае дасьледаваньне Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі сьведчыць, што тую ці іншую форму гвалту — фізычную, сэксуальную, эканамічную, але найчасьцей псыхалягічную) хоць аднойчы, але адчулі на сабе 77,3% жанчын і 76,7% мужчын. Пры гэтым, як вынікае з апытаньняў, праявы гвалту, у тым ліку фізычнага, жанчыны церпяць значна часьцей за мужчын, але па дапамогу ў праваахоўныя органы зьвяртаюцца толькі ў 30% выпадкаў.

Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky
Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky

Адзін з найбольш запатрабаваных беларускіх адвакатаў Станіслаў Абразей (гэта ён абараняў фігуранта па справе тэракту ў менскім мэтро Ўладзіслава Кавалёва), зыходзячы з уласнай адвакацкай практыкі, лічыць гэты працэнт зваротаў завышаным.

Для жанчын вельмі важны статус нармальнай добрапрыстойнай сям’і

«Я думаю, што насамрэч гэта максымум 15–20%. Ня болей. Жанчыны, у якіх дзеці, яны наагул зьвяртаюцца вельмі рэдка. Яны баяцца страціць сям’ю, баяцца, што да іх пачнуць хадзіць сацыяльныя пэдагогі ды — яшчэ горш за тое — паставяць сям’ю на ўлік. Для жанчын вельмі важны статус нармальнай добрапрыстойнай сям’і. А таму большасьць беларусак, як мне падаецца, цярпелі, цярпяць і надалей будуць цярпець».

Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky
Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky

Сёлета адвакат Абразей, які цяпер жыве і працуе ў Браславе, у рамках агульнарэспубліканскай акцыі «Дом бяз гвалту» аказваў бясплатныя кансультацыі ахвярам сямейных скандалаў. Ён адзначае, што жанчыны ў правінцыі традыцыйна нашмат больш цярплівыя, чым жыхаркі мэгаполісаў. Нягледзячы на ўсю магчымую небясьпеку хатніх разборак п’яных мужоў. Ці караюць так званых хатніх агрэсараў?

Станіслаў Абразей
Станіслаў Абразей

Абразей: «Як правіла, у маёй практыцы ўсё абмяжоўвалася адміністрацыйнымі момантамі. За адміністрацыйнае правапарушэньне максымальнае пакараньне — 15 сутак альбо штраф. Калі гэта была крымінальная справа, то ўсё залежала ад артыкула, ад таго, што гэта: пагроза забойства, нанясеньне цялесных пашкоджаньняў... Часьцей за ўсё ў судах абмяжоўваліся невялікімі турэмнымі тэрмінамі або альтэрнатыўнымі пакараньнямі — умоўным, «хіміяй»... У маёй практыцы сямейных канфліктаў было ўсяго два выпадкі з пагрозай забойства. Калі п’яны муж нажом пагражаў жонцы і дзіцяці. Аднак пасадак не было. Недзе на судовай стадыі справа спынялася, бо мела месца прымірэньне бакоў... Вядома, ёсьць і іншы сацыяльны ўзровень. Але да мяне ж таксама ня ўсе зьвяртаюцца».

Сьвятар: забіла мужа і чакае прысуду

Тым часам у турэмнай практыцы, сьведчаць адмыслоўцы. нярэдка сустракаюцца выпадкі, калі даведзеная да адчаю жанчына сама бярэцца за нож. Грэка-каталіцкі сьвятар Андрэй Крот, які наведвае Гарадзенскую турму № 1, каб палегчыць душэўныя пакуты тых, хто ўчыніў цяжкае злачынства, сустракаўся ў сьледчым ізалятары з такімі жанчынамі.

Андрэй Крот
Андрэй Крот

Сьвятар: «Я сустракаў у турме жанчын, якія сядзяць за забойства мужа. Яны ў выніку гэтага хатняга гвалту, так бы мовіць, першымі да нажа дабеглі. Муж неаднойчы з жонкі зьдзекаваўся, але потым, калі чарговы раз прыйшоў п’яны, і пачаў дома нешта чыніць, яна і ўдарыла яго. У выніку — забойства або „цяжкія цялесныя“. Такія жанчыны сядзяць за кратамі, чакаюць прысуду».

Сёньня можа здавацца дзіўным, але, напрыклад, у праваслаўнай царкве, як прызнаюць самі сьвятары, хатнія звадкі, гвалт не лічылі вартымі ўвагі. Спасылаліся звычайна на цытаты са Старога Запавету, дзе біцьцё апраўдвалася. Цяпер стаўленьне пачало мяняцца, сьвятары стараюцца дапамагчы словам, парадай. Але гэта рэдка прыносіць плён.

Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky
Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky

Айцец Андрэй Крот мяркуе, што важна шукаць выйсьця, не даводзіць напружаныя адносіны ў сям’і да найгоршага, калі паправіць нічога будзе нельга:

У такім выпадку каталіцкая царква, якая ў прынцыпе не дазваляе разводаў, дазваляе тое, што называецца „сэпарацыяй“ — асобнае пражываньне

«Я думаю, выйсьце заўсёды ёсьць. Яно цяжкае і складанае з гэтай сытуацыі хатняга гвалту: сысьці, разарваць адносіны. У такім выпадку каталіцкая царква, якая ў прынцыпе не дазваляе разводаў, дазваляе тое, што называецца „сэпарацыяй“ — асобнае пражываньне. Шлюб існуе, але сужэнцы не падтрымліваюць адносінаў. Да гэтага каталіцкая царква добра ставіцца: калі існуе небясьпека для жыцьця, здароўя жанчын, дзяцей, то тады гэта выйсьце. Бо часта ў нас людзі думаюць: „сцерпіцца-зьлюбіцца“, ён папрасіў прабачэньня, далей будзе лепей, — і таму церпяць. А гэта прыводзіць да трагедыяў у сям’і, да забойстваў.

Яна перажывае, вядома, і ня толькі з-за таго, што тэрмін атрымлівае турэмны. Але для яе стрэс, трагедыя — тое, што яна зрабіла. Бо, з аднаго боку, яна як бы разумее, што былі прычыны для гэтага, а з другога — адчуваць сябе забойцай, ну, дык гэта страшны стан».

Каля паловы насельніцтва Ўкраіны пакутавала ад гвалту ў сям'і на працягу свайго жыцьця, прычым 30% адчулі гвалт у дзіцячым узросьце

Жанчына-забойца: такога, як мой муж, няма чаго шкадаваць

Асуджаныя Тацяна ды Марыя, зь якімі наш карэспандэнт пагутарыў пару гадоў таму падчас Дня адкрытых дзьвярэй у Гомельскай жаночай калёніі, усё яшчэ адбываюць пакараньне: адна — за нанясеньне сужонцу цяжкіх цялесных, другая — за забойства мужа.

Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky
Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky

Тацяна адседзела чатыры гады з прысуджаных ёй сямі, і цяпер лічыць, што турма — гэта яе паратунак. З мужам, якому нанесла нажом цяжкія цялесныя пашкоджаньні, яна 15 гадоў ваявала, змагаючыся зь ягонымі п’янкамі. Урэшце запіла сама. Пры канцы сямейных застольляў, як правіла, канфліктавалі, біліся. Потым мірыліся, і на кароткі час наступаў як бы «мядовы месяц». Апошнім разам паскандалілі настолькі, што муж узяўся за сякеру, а жонка — за нож. І пырнула сужонца ў жывот. Таго адвезьлі ў рэанімацыю, ён выжыў.

«Дзякуй Богу, што пацярпелы мой жывы, што Госпад прывёў мяне сюды. Я б на волі са сваімі п’янкамі не спынілася б. Невядома, што б са мной далей было», — кажа Тацяна.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:17 0:00
Наўпроставы лінк

Паводле 75-гадовай Марыі, яна атрымала 8 гадоў за забойства мужа, апошнім часам яе стары пачаў шмат піць і ператварыўся ў вельмі паскуднага ды хцівага чалавека. Дайшло да таго, што стаў красьці ў яе грошы, напівацца на іх ды чыніць скандалы. Марыя некалькі разоў папярэджвала. Потым, калі дзед скраў «грабавыя» — ня вытрымала:

Марыя: «Біла яго добра. Як кажуць, ад душы. Усе сілы ўклала. Вядома, цяпер шкада. Дый самой сорамна, што ў мае гады сюды трапіла. Аднак такіх, як ён, шкадаваць няма чаго».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:09 0:00
Наўпроставы лінк

Ірыне — 25. Свой тэрмін за замах на жыцьцё бацькі ўжо адседзела. Трапіла за краты, калі ёй не было і 17. Сваё дзяцінства ўзгадвае як суцэльны кашмар. Бацька напіваўся і пачынаў біць спачатку маці, а потым яе ды малодшых дзяцей.

«Я вельмі баялася свайго бацьку. Я ня тое што не ўспрымала сябе як дзяўчынку. Я не ўспрымала сябе як чалавека, як асобу. Я лічыла, што я нешта кшталту жывёліны, сабакі, бо дазваляю да сябе так ставіцца. Калі мне споўнілася 15 гадоў, мая мама апавяла мне, што пасьля майго нараджэньня бацька сказаў: калі яна вырасьце, я паспытаю тое, што выхаваў».

Неўзабаве жыцьцё дзяўчынкі стала яшчэ страшнейшым. Бацька пачаў яе сэксуальна дамагацца.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:32 0:00
Наўпроставы лінк

«Мне было 16, ён быў выпіўшы, і ён стаў мяне дамагацца. Я плакала: тата, ня трэба. Уцякла з дому. Я потым заўсёды баялася быць дома, калі ён быў п’яны. Я нікому пра гэта не казала, бо ня ведала, каму мне сказаць, што мой бацька мяне дамагаецца. Падумаюць, што я сама такая заганная... А мая мама пра гэта ведала. Але цярпела. Так яго любіла. А я ўсё думала: трэба штосьці рабіць — горш быць ня можа».

Ва ўдар нажом у сэрца бацькі ўклала ўсе свае сілы. Бацька выжыў. Маці стала на ягоны бок. На судзе паказала супраць яе, і да таго ж пракляла дачку... Нягледзячы на ўсё гэта, пасьля вызваленьня ў Ірыны жыцьцё складаецца някепска.

Як перакананыя многія жанчыны, якія ўчынілі падобныя злачынствы, да нажа б не дайшло, калі б яны мелі куды пайсьці з дому.

П​ра дапамогу пацярпелым жанчынам на Львоўшчыне)

То кветкі, то мардабой...

Сапраўдных крызісных цэнтраў дапамогі ахвярам хатняга гвалту ў Беларусі два — у Магілёве ды ў Лідзе. Пацярпелыя жывуць тут на ўмовах ананімнасьці. Знайсьці нейкую апору ахвярам дапамагаюць дасьведчаныя юрысты ды псыхолягі.

За сем гадоў свайго існаваньня магілёўскі праект прыняў у сваім так званым міні-гатэльчыку сотні пацярпелых ад сямейнага гвалту. Тэлефон гарачай лініі SOS — Сацыяльнага крызіснага цэнтру для жанчын у Магілёве: 8 044 7-607-603

Лідзкі крызісны цэнтар працуе пяць гадоў. Ён таксама прытуліў сотні жанчын зь дзецьмі. Для іх нанятая кватэра, дзе можна часова пажыць. Паводле кіраўніцы праекту Вольгі Гаршанавай, праблема хатняга гвалту выглядае практычна невырашальнай:

Вольга Гаршанава
Вольга Гаршанава

«Па-першае, таму, што самі жанчыны не гатовыя вырашаць яе. На рашучыя крокі — узяць развод — жанчына можа пайсьці, калі адчувае сябе матэрыяльна незалежнай. Але ў жыцьці часьцей наадварот».

Вольга Гаршанава прыводзіць такі прыклад: на кватэру ўзяты крэдыт, яго выплата — штомесячны цяжар:

«І атрымліваецца — яны жывуць у гэтых кватэрах з гэтымі гвалтаўнікамі, яны нічога ня могуць зрабіць. Адзінае: новы закон выйшаў у красавіку, які прадугледжвае якраз працу з гвалтаўніком. Калі жанчына выклікае на хатні скандал міліцыю, яму павінны вынесьці папярэджаньне, што наступны раз яму выдадуць прадпісаньне, дапусьцім, не набліжацца да жонкі на сто мэтраў. Гэта так павінна быць. І яго павінны адсяліць. Прытулкаў для гвалтаўнікоў у нас пакуль няма, а пасадзіць у турму іх ня могуць. Куды гвалтаўнікоў гэтых падзець — дзяржава яшчэ не падумала. Выходзіць, што для жанчын пачалі рабіць прытулкі, а мужчынам-парушальнікам застаюцца кватэры. У краінах ЭЗ, дзе такі закон працуе, дзе распрацаваная сыстэма, гвалтаўнікоў ёсьць куды адпраўляць».

Прытулкаў для гвалтаўнікоў у нас пакуль няма, а пасадзіць у турму іх ня могуць

Паводле Вольгі Гаршанавай, жанчыны яшчэ мала ведаюць пра новы закон. У прытулку імкнуцца праінфармаваць іх пра тое, як можна вырашыць сытуацыю. Аднак калі заходзіць гаворка пра выклік міліцыі, жанчыны разумеюць, што пацерпіць перш за ўсё сямейны бюджэт. Бо за выклік мусіць заплаціць жанчына, а ў яе звычайна кожная капейка на ўліку.

«Вось, дапусьцім, апошні выпадак: жанчына з трыма дзецьмі прыйшла да нас, меншаму пяць месяцаў, усе дзеці дашкольнага ўзросту. Ён яе зьбіў: цяжкія цялесныя, таму што там быў пералом сківіцы. Мы яе самі вазілі ў бальніцу, таму што ўся сківіца апухла, уся была ў сіняках, і — пакусаная мужам. Калі яна зьвярнулася з такімі траўмамі, то ў любым выпадку пішуць — дзе, як і што. Перад тым яна хадзіла да судмэдэкспэрта, яна была нацэленая, каб яго пакараць. Але потым яна пачала, напэўна, узважваць і ўрэшце забрала заяву».

«Калі мы прыехалі ў бальніцу, — працягвае кіраўніца лідзкага крызіснага цэнтру, — якраз муж. Так, ён пахіліўшы галованьку стаіць, шкадуе ён яе цяпер. Ну, гэта як правіла: жанчына трапляе ў гэты трохкутнік гвалту. Гэта калі гвалт адбываецца, затым ён просіць прабачэньня, мядовы месяц у іх, ён — кветкі, падарункі і гэтак далей. Потым пачынае нарастаць напружаньне, і зноў — гвалт. Проста ў кагосьці гэтае кола адбываецца хутчэй, у кагосьці павольней. Але гэтыя жанчыны трапляюць у яго, і гэта будзе пастаянна. Пакуль яна штосьці ня зробіць рашучае. Каб паказаць: гвалту ня будзе ў нашай сям’і».

Праект сацыяльнай дапамогі ахвярам хатняга гвалту быў разьлічаны на шэсьць месяцаў, зазначае Вольга Гаршанава: «Але калі ўбачылі, што жанчыны пайшлі да іх, то не маглі ўжо адмовіцца. Часам за грошы праваслаўнага сястрыцтва даводзіцца аплачваць кватэру і купляць прадукты. Сёстры выходзяць са скарбонкамі да царквы і зьбіраюць сродкі. А цяпер нас фінансуе праект ААН».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG