Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 лістапада — Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненьні да жанчын.

Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў, у Беларусі сёлета ад бытавых злачынстваў пацярпела 2132 чалавекі. 75% ахвяраў — жанчыны.

Каардынатар праграм Фонду ААН у галіне народанасельніцтва Тацяна Гаплічнік прывяла такія дадзеныя дасьледаваньняў па Беларусі:

«Кожная чацьвёртая жанчына з рознай частатой зазнае фізычны гвалт, 22,4% зазнае эканамічны гвалт і 13,1% — сэксуальны гвалт з боку мужа альбо сталага партнэра».

Але гэтыя лічбы недакладныя, багата жанчын не прызнаюцца нікому ў сваіх праблемах. Сямейны псыхоляг Натальля Ўдавенка тлумачыць гэта такім чынам:

«Па-першае, таму што сорамна. Па-другое, занадта моцныя стэрэатыпы, што „сьмецьце з хаты не выносяць“, па-трэцяе, чацьвёртае і пятае — таму, што вельмі страшна нешта мяняць у сваім жыцьці. То бок „як дрэнна — я ведаю, як добра будзе, калі я сыду альбо спыню хатні гвалт — я гэтага ня ведаю“. І звыкла жыць у стабільным „дрэнна“. То бок ключавое слова тут — стабільнасьць: мне стабільна дрэнна, але стабільна, і гэта галоўнае».

Ёсьць яшчэ і эканамічныя прычыны, чаму жанчыны не выносяць гэта самае «сьмецьце з хаты», перакананая экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га і 3-га скліканьня Ганна Бурава:
Жанчыны, нават падаўшы заяву ў міліцыю, потым самі і забіраюць яе. Таму што эканамічна гэта адаб’ецца на сям’і

«Жанчыны, нават падаўшы заяву ў міліцыю, потым самі і забіраюць яе. Таму што эканамічна гэта адаб’ецца на сям’і. Першая мера — папярэджаньне, а потым — штраф. А гэта ўжо бюджэт сям’і. А потым — канфлікт не вычэрпваецца, не ідзе праца з псыхолягам, а потым выліваецца ўжо ў больш сур’ёзнае, даходзіць нават і да забойства».

Штомесяц у органах унутраных спраў фіксуецца больш за 20 тысяч зваротаў наконт сямейна-бытавых канфліктаў. І хоць колькасьць забойстваў і фактаў нанясеньня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў у сям’і штогод скарачаецца, лічбы трывожныя. Сёлета забіта 100 чалавек, у тым ліку 48 жанчын. Для параўнаньня: летась мужамі альбо блізкімі людзьмі было забіта 74 жанчыны, у 2009 годзе — 91, у 2008-м — 96, у 2007-м — 115.

У Беларусі дагэтуль няма закону аб барацьбе зь сямейным гвалтам, хоць праект такога закону разглядаўся яшчэ ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Ганна Бурава, будучы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2-га і 3-га скліканьняў, цягам васьмі гадоў таксама «прабівала» гэты закон:

«Нам не ўдалося яго правесьці, таму што прыняцьце гэтага закону патрабавала дадатковых сродкаў, бюджэтных выдаткаў на стварэньне „шэлтанаў“, то бок прытулкаў для асобаў, якія зазналі гвалт. Таму ў нас ня выйшла, але, на шчасьце, шмат якія нормы ўвайшлі ў Адміністрацыйны кодэкс».

Ганна Бурава засталася ў камісіі па стварэньні плянаў мерапрыемстваў гендэрнай роўнасьці ад Беларускага саюзу жанчын і будзе дамагацца прыняцьця закону. На яе думку, жанчына павінна адчуваць сябе абароненай. Тут ня так важна жорстка пакараць гвалтаўніка, як менавіта дапамагчы жанчыне ў складанай жыцьцёвай сытуацыі:

«Я б пайшла ў кірунку працы з псыхолягамі і стварэньня прытулкаў для ахвяраў гвалту. Каб было куды пасяліць, каб гвалтаўнік і ягоная ахвяра не жылі пад адным дахам. Няхай гэта будзе ў выглядзе закону альбо ў выглядзе іншых заканадаўчых актаў».

Сямейны псыхоляг Натальля Ўдавенка наракае на стэрэатыпы, якія дагэтуль існуюць у беларускім грамадзтве:

«Вельмі мала падтрымкі грамадзтва. Шмат хто вінаваціць саму жанчыну, якая цярпіць, таму яна нікому не распавядае пра гвалт, таму што баіцца, што яе абвінавацяць. А камусьці проста сорамна».

З 25 лістапада па 10 сьнежня ў Менску пройдзе інфармацыйная акцыя «Скажы „так“ сям’і бяз гвалту!» У кінатэатры «Беларусь» будзе працаваць выстава-інсталяцыя «Пакой гвалту» — імітацыя жылога пакою, дзе здарыўся сямейны канфлікт, а рэчы сталіся яго нямымі сьведкамі… На думку ініцыятараў выставы-інсталяцыі — грамадзкага аб’яднаньня «Саюз маладых хрысьціянскіх жанчын», кожны з наведнікаў павінен ацаніць, наколькі гэта тыповая зьява, наколькі такі пакой звычайны для беларуса.
XS
SM
MD
LG