Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая асуджаная: «Беларуская турма на жанчын не разьлічаная»


Асуджаныя беларускі ўтрымліваюцца ў дзьвюх папраўчых установах — Гомельскай калёніі № 4 і Рэчыцкай № 24.

Паводле апублікаваных зьвестак (2010), у кожнай ПК прыкладна да дзьвюх тысяч арыштантак. Агулам гэта дзясятая частка ад усіх асуджаных у краіне.

Лічыцца, што Беларусь мае найвышэйшы адсотак вязьняў-жанчын сярод усіх краін Эўропы і былога СССР. У суседняй Расеі гэтая лічба складае 6,5%, ва Ўкраіне — 6,1%, у Польшчы, як і ў сярэднім па Эўропе, — прыкладна 4%.

Сярэдні тэрмін турэмнага пакараньня жанчыны ў Беларусі таксама высокі — 5,6 года. У той час як у суседняй Расеі — 3,5 года. Больш за 2/3 асуджаных жанчын — у фэртыльным веку.


«Цяжарнасьць у карысных мэтах»


...Дашы крыху за 20. Да калёніі вучылася ў каледжы кіраваньня і права. Агулам адседзела крыху болей за два гады па вельмі «папулярным» цяпер сярод асуджаных жанчын артыкуле 328(захаваньне і распаўсюд наркотыкаў). Сярод распаўсюджаных «жаночых» злачынстваў таксама — крадзяжы без ужываньня гвалту, забойствы, рабункі пад уплывам алькаголю ці наркотыкаў, а яшчэ — махлярства ды хуліганка, — кажа дзяўчына.



Гэты тэлерэпартаж, зьняты год таму, хутка пасьля вызваленьня Дашы з гомельскай калёніі, дзяўчына глядзіць дома разам са сваім сябрам М. Абодва імкнуцца будаваць новае жыцьцё, сям’ю і зрабіць усё, каб наркотыкі, якія прывялі дзяўчыну за краты, забыліся як цяжкі сон...

Даша пазнае ўсіх «гераінь» перадачы. Яна вельмі спачувае зьняволенай маці Люсі, якой за цяжкае злачынства сядзець яшчэ шмат і якую хутка павінны разлучыць зь дзіцём. Паводле закону дзеткі «зэчак» могуць знаходзіцца ў турэмным Доме малюткі да трох гадоў, а потым іх пераводзяць найчасьцей у дзіцячы дом. Сваю дачку тая ж Люся зможа ўбачыць гадоў праз восем, не раней.

«Люся — добрая мама», — лічыць Даша. Але такое можна сказаць не пра кожную асуджаную. Найчасьцей жанчыны імкнуцца трапіць на зону ўжо цяжарнымі. Нарадзіўшы дзіця яны маюць шмат ільготаў — палепшанае харчаваньне, на пару тройку гадзінаў іх вызваляюць з працы, каб пабыць зь дзіцём у Доме малюткі, некаторыя як маці малых могуць нават разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае. Пры вызваленьні мамкі атрымліваюць матэрыяльную дапамогу — рэчы, грошы, цацкі. Самі ж, калі выходзяць, нярэдка проста кідаюць сваіх дзетак.

Дзяўчына ўзгадвае гісторыю, як адна з такіх мамак, апынуўшыся на волі, кінула дачку на чыгуначным вакзале ў камэры захоўваньня. Для супрацоўнікаў вакзалу гэта быў ня першы падобны выпадак. Пасьля званку ў калёнію так званая маці была знойдзеная вельмі хутка. Што стала з тым дзіцём — невядома. Хутчэй за ўсё, калі яно выжыла, яго накіравалі ў дзіцячы дом...

«У відэарэпартажы, зразумела, шмат глянцу, — адзначае Даша. — Сапраўднае ж жыцьцё застаецца за кадрам».

На яе думку, галоўная праблема жаночай турмы ў тым, што яна ў цяперашнім яе выглядзе абсалютна не разьлічаная на жанчын. Жанчына падпарадкаваная тым жа патрабаваньням, што і мужчына: адзіная форма адзеньня, неабходнасьць хадзіць шыхтом, вельмі падобны характар працы, тыя ж пакараньні, уключна з ШЫЗА, нават аднолькавая колькасьць харчовых пасылак ды спатканьняў. Адрозна ад мужчынскіх калёніяў, якія ёсьць, бадай, у кожнай вобласьці Беларусі, жаночыя месьцяцца ў адным рэгіёне — на поўдні. Пераважная большасьць жанчын, такім чынам, сядзіць удалечыні ад дома. Далёка ня кожная сям’я можа дазволіць сабе выдаткі на праезд у іншы канец краіны.


«Мыемся раз на тыдзень»


Турэмная сыстэма Беларусі літаральна зьдзекуецца з жаночай прыроды. Мыцца можна толькі раз на тыдзень. Калі дазволіш сабе памыцца звыш таго, то гэта ўжо парушэньне
«Важна дадаць і тое, як турэмная сыстэма Беларусі літаральна зьдзекуецца з жаночай прыроды, — дадае былая асуджаная. — Мыцца можна толькі раз на тыдзень. Калі дазволіш сабе памыцца звыш таго, то гэта ўжо парушэньне. Адзін раз дадаткова адводзіцца пару гадзін на мыцьцё галавы, і то там бойка такая стаіць ля гэтых пары ўмывальнікаў. Мыць бялізну можна раз на тыдзень. Здаеш у пральню, у каго няма парашку — мыць нельга, усё гэта цішком.

Для падмываньня зьбіраеш бутэлечкі і ідзеш у прыбіральню, дзе няма ніякіх перагародак, нічога. Каб падмыцца, трэба ўлучыць момант раніцай ці вечарам. Але гэта ж прыбіральня. Усе на цябе гарлапаняць, таму што сьпяшаюцца. Ёсьць нямала жанчын, якія не сачылі за сабой і на волі. Яны ня хочуць ні з кім сварыцца, а таму мыюцца раз на тыдзень. Калі вялікая цесната, то можна ўявіць сабе, чым ты дыхаеш штодня.

Ніякіх пракладак там не выдаюць. Жанчыны многія цягнуць са швейнай фабрыкі той жа вацін. Можаце сабе ўявіць, што там падкладаецца».


Чым хварэюць «зэчкі»?


Даша сьцьвярджае, што, бадай, усе асуджаныя жанчыны маюць на зоне запаленчыя гінэкалягічныя працэсы. Нават у самыя моцныя халады жанчына мусіць насіць спадніцу, бо цяплейшыя штаны забароненыя. Абутак, калі няма каму з дома выслаць боты, — гэта «чувякі», такія чаравiкі, якія прамярзаюць, рвуцца. Жанчыны днямі могуць хадзіць з мокрымі халоднымі нагамі, бо сушыць абутак у памяшканьні нельга. Да гінэколяга трапіць цяжка з-за чэргаў, з мэдыкамэнтамі наагул праблемы.

Даша: «Наагул, як і ўва ўсім астатнім, падзел ідзе на тых, у каго ёсьць хтосьці на волі, і на тых, у каго нікога няма. Калі з волі пачнуць узьдзейнічаць на адміністрацыю, то вынік будзе. Калі не — то не. Пры мне быў выпадак, жанчыну клікалі Валяй Крачкоўскай, у яе нікога не было на волі. Яна была асуджаная даволі на вялікі тэрмін. Пры мне ў яе пачаліся болі ў жываце. Яна спрабавала зьвяртацца да лекараў, прасіць кантралёраў, каб звадзілі ў санчастку. Але ўсе на яе махалі рукой і казалі: ты косіш, каб не ісьці на працу. Калі ж яе прыводзілі ў санчастку, то лекары казалі: сымулянтка, пайшла прэч, зачыні дзьверы. Забаранялі яе прыводзіць. Думалі, што яна ўсё прыдумляе.

А Валя з кожным днём усё больш чарнела. У выніку праз пару тыдняў яе ўсё ж забіраюць у санчастку. У адну з начэй яна ад дзікіх боляў разьбівае сабе галаву аб сьцяну. Гэта ўжо невыносныя болі. Яе ўсё-ткі вязуць ужо ў гарадзкую больніцу. Там экстрана яе апэруюць. Анкалягічны працэс, калі ўсё ўсярэдзіне ўжо прагніла. Там, у бальніцы, яна і памерла.

Былі і такія выпадкі, што нават і не пасьпявалі давезьці да больніцы. Паміралі ў атрадах, у санчастцы. Але мне больш за ўсё запомніўся выпадак з Валяй. Пры мне, у маім атрадзе, на маіх вачах. Поўная абыякавасьць усіх. Лічыцца, што асуджаныя — сымулянты. У іх „па-сапраўднаму“ балець ня можа...»


Выпраўленьне працай


Адна адну падганяюць, крычаць. Быў нават выпадак, калі брыгадзірцы адной вылілі ў твар кіпень за тое, што яна ўвесь час крычала і падганяла
Як адзначаюць былыя асуджаныя, у жаночай зоне працуюць усе. Для большасьці, гэта адзіная магчымасьць мець хоць нейкі мінімум грошай. Самая лепшая аплата працы — у тых, хто заняты на швейнай вытворчасьці, дзе шыюць вайсковую вопратку. Калі добра працуеш, выходзіш у дадатковыя зьмены, можна нават зарабіць амаль столькі, колькі і на волі...

Былая асуджаная Жанна яшчэ ў вольным жыцьці атрымала спэцыяльнасьць швачкі. На гэтай вытворчасьці працавала і падчас адседкі на чацьвёрцы.

Падобна ўсім, хто працаваў там, называе ўмовы працы жудаснымі:

«Вельмі ўедлівы і цяжкі пыл. Акрамя таго, усё вельмі нэрвова. Штосьці кшталту канвэеру, адна адну падганяюць, крычаць. Быў нават выпадак, калі брыгадзірцы адной вылілі ў твар кіпень за тое, што яна ўвесь час крычала і падганяла...»

У калёніі Жанна апынулася за хуліганства, учыненае ў стане алькагольнага ап’яненьня. Неўзабаве пасьля вызваленьня, ізноў жа за сыстэматычнае п’янства, яе асудзілі адміністрацыйна з накіраваньнем у жаночы ЛПП у Старасельлі.

У тое, што Жанна, высокакваліфікаваная швачка і маці дваіх дзетак, зможа вярнуцца да нармальнага жыцьця, сёньня ня вераць ані дзеці, мацярынскіх правоў на якіх яна пазбаўленая, ані іх бабуля, яе маці, ані сама Жанна. Наша размова адбылася ў рэдкі і кароткі час паміж запоямі, калі жанчына працавала і была нават запатрабаваная як спэцыяліст. Параўноўваючы ўмовы ў калёніі і ЛПП, Жанна схіляецца да таго, што ўсё ж у калёніі было лепш.

Жанна: «У Гомелі відаць было, дзе начальства. Ёсьць да каго зьвярнуцца. Ведаеш свае правы, абавязкі, законы. У ЛПП — такое ўражаньне, што набралі людзей, бо няма каму працаваць. Калі ты брыгадзірка, то налічваеш сваёй брыгадзе заробак. Ніхто нічога ня ведае, каму што налічваюць. Ува ўсіх алімэнты, запазычанасьці растуць, а брігадзірка можа налічыць сяброўцы адно, а таму, каго ня любіць, другое. Хоць здохні з гэтымі даўгамі. У мяне самой аклад быў 800 тысяч, а мне трэба было плаціць 2 мільёны».

Паведамленьні пра надзвычайныя здарэньні ў ПК ды ЛПП рэдка зьяўляюцца ў стужках навінаў. Пра траўматызм на вытворчасьці наагул ня згадваецца, кажа жанчына. Аднак у той жа швейнай вытворчасьці яго хапае.

«Пачнём з таго, што там на вытворчасьці вельмі мала кваліфікаваных швачак. Усе там — хто адкуль. Хто будаўнік, хто даярка якая. Да таго ж усе — хранічныя алькаголікі. Там гэта нікога не цікавіць. А шыць даводзіцца гарнітуры, даволі складаныя для пачаткоўцаў. Таму шмат было браку. Ужо са скандаламі брыгадзіры дамагаюцца, каб чалавека забралі са швальні куды на аб’ект.

У тым жа закройчым цэху працуюць, зразумела, не закройшчыкі, а тыя, каму паказалі, што рабіць — яны й рабілі. А там жа нажы вытворчыя. Значыць, ёсьць такія пальчаткі, каб не парэзаць рукі. Такі нож зь лёгкасьцю адрэжа палец. Пальчаткі гэтыя каштуюць паўтара мільёна — так сказала майстар — а для ЛПП гэта дужа дорага. Іх мусяць купіць, бо такое патрабаваньне тэхнікі бясьпекі».

Калі нешта здаралася ў цэху, то, заяўляе спадарыня Жанна, кіраўніцтва старалася гэта ўтоіць. Акурат перад вызваленьнем, кажа яна, адна з асуджаных парэзала руку:

«Забінтавалі, апрацавалі. Добра так парэзала. А калі б адрэзала? Калі б адрэзала, то, напэўна, гэта ўсё б выйшла на паверхню. А так яе крайняй зрабілі, што яна нешта ня так зрабіла. Нормы вялікія. Брыгаду трэба забясьпечыць працай. Можаш ці ня можаш, хутка робіш ці не — рабі ўсё хутчэй. Тады гэта не было надзвычайным здарэньнем, бо ніхто нічога ня ведаў. Усе маўчалі. А калі б яна пачала скардзіцца, вы разумее, што б ёй было».

Бальшыня асуджаных скардзіцца на ўмовы працы і ўтрыманьня ў ЛПП баяцца, кажа Жанна. Калі і знаходзяцца сьмельчакі, то плёну ад іхніх скаргаў няшмат, бо камісіі звычайна не выяўляюць парушэньняў.

Як лічыць кандыдат псыхалягічных навук Людміла Мірзаянава, ані турма, ані ЛПП сёньня ня ў стане пазбавіць жанчыну ад наркатычнай або алькагольнай залежнасьці.



Людміла Мірзаянава спасылаецца на міжнародны досьвед. Згодна зь ім, толькі комплекс захадаў — мэдычных, псыхалягічных, выхаваўчых ды сацыяльных —можа садзейнічаць пры незапушчанай залежнасьці нейкім зьменам у паводзінах наркаманкі ці алькагалічкі. З-за кратаў на волю такая жанчына выходзіць зацятай, сацыяльна дэзадаптаванай, зь цягай да сваёй звычкі ня меншай, чым раней.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG