Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У чыноўнікаў цяпер адзін занятак — залезьці ў нашыя кішэні, каб выцягнуць апошнія грошы...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 11 лістапада 2013 году

Жыцьцёвыя назіраньні, роздум над убачаным і перажытым, спробы асэнсаваць рэчаіснасьць і зазірнуць у будучыню, грунтуючыся на ўласным досьведзе, — вось асноўны зьмест нашай пошты апошняга часу.

Цікавымі назіраньнямі, зробленымі падчас лекаваньня ў мясцовым шпіталі, працягвае дзяліцца ў сваім новым лісьце на Свабоду наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Ён піша:

«У ноч на 23 верасьня ў суседняй сёмай палаце памёр яшчэ зусім не стары мужчына. Мы, насельнікі шостай палаты, даведаліся пра гэта на досьвітку.

Яму было ўсяго 57 гадоў, нават да пэнсіі не дацягнуў. Як кажуць, жыць бы ды жыць. Хвароба была невылечная — рак на апошняй стадыі. Выратаваць гэтага чалавека было ўжо немагчыма...

...Я ляжаў той раніцай на сваім ложку і думаў. Думаў пра сваё, але зьвязанае з гэтай заўчаснай сьмерцю.

Шмат год таму мой сын, тады студэнт чацьвёртага курсу, будучы інжынэр-праграміст, пісаў для рэспубліканскай навуковай канфэрэнцыі працу па тэме раньняй дыягностыкі раку з выкарыстаньнем кампутара. Праз год ён скончыў унівэрсытэт з чырвоным дыплёмам, а яшчэ празь нейкі час адна амэрыканская карпарацыя зацікавілася ім і запрасіла на працу ў ЗША. І вось ужо адзінаццаць год сын жыве і працуе ў далёкай заакіянскай краіне. Працуе, так бы мовіць, на пярэднім фронце навукі і кампутарных тэхналёгіяў, стварае кампутарныя праграмы для пабудовы найскладанейшых звышвялікіх інтэгральных схемаў. І хто ведае, можа, каб мой сын і многія такія таленавітыя маладыя людзі, як ён, былі б запатрабаваныя на сваёй Радзіме больш, чым у далёкай заакіянскай дзяржаве, то сёньня мы б мелі нешта такое, што магло б папярэдзіць многа вось такіх недарэчных, заўчасных сьмерцяў, як тая, што прыйшла сёлета ў апошнюю ноч сузор’я Панны ў сёмую палату хірургічнага аддзяленьня Ўшацкага шпіталя. Магчыма, мы былі б на пярэднім краі навукі, сталі б стваральнікамі і ўладальнікамі самых сучасных тэхналёгіяў у самых розных галінах. І ня нашыя чыноўнікі пасылалі б вучыцца сваіх дзяцей у Кембрыджы, Оксфарды ды Гарварды, а іхнія пасылалі б сваіх дзяцей да нас...

Але пакуль мы маем тое, што маем. Мільён нашых суайчыньнікаў вымушаны зьехаць працаваць за мяжу. А нашых бацькоў і мацярок, братоў і сясьцёр, нашых дзяцей возяць у шпіталі на дапатопных УАЗіках замест годных аўтамабіляў па разьдзяўбаных гравійках замест годных дарог. У той час як нахабнае, бессаромнае чынавенства складае пляны, якім яшчэ чынам залезьці ў нашыя кішэні, каб выцягнуць адтуль апошнія грошы — быццам бы на мэдыцыну. На якую мэдыцыну, шаноўнае спадарства, дазвольце спытаць? На тую, што абслугоўвае іх, чыноўнікаў? Ці, можа, на чарговую лядовую цацанку, чарговую дажыначна-славянска-базарную забаву або чарговы «Боінг» з залатым унітазам? ХТО гэта можа пацьвердзіць ці абвергнуць, калі ў нашай краіне па нашых законах мы ня маем права ніякім чынам кантраляваць заробленыя намі ж грошы? Хто?

Ох, мае рацыю доктар Ігар Пасноў ды іншыя нашыя змагары зь цяперашнім рэжымам! Застаялася, загніло за дзевятнаццаць год гэтае балота — нашая «доблесная» ўлада! Трэба, ой, трэба час ад часу гэтае балота ўскаламучваць, каб чэрці ў ім не заводзіліся!«
.

Тыдзень таму беларусы былі сьведкамі таго, як Аляксандар Лукашэнка прымаў гасьцей у толькі што пабудаваным на ягоны загад Палацы Незалежнасьці, які адначасова стаў ягонай новай рэзыдэнцыяй. Мармур і граніт, сусальнае золата і бронза, габэлены і жывапіс, крышталёвыя люстры... Багатая цацка абышлася зусім не заможным беларусам больш як у 100 мільёнаў даляраў. Лукашэнка, відавочна, адчувае, наколькі вялікае абурэньне выклікае такое марнатраўства ў грамадзтве, значная частка якога вымушана змагацца зь беднасьцю і галечай. За некалькі дзён да адкрыцьця палаца ён публічна заявіў, што ня ўзяў на будоўлю зь дзяржаўнага бюджэту ні капейкі. Незалежныя мэдыі тут жа знайшлі дакумэнты, якія абвяргаюць гэтыя сьцьвярджэньні. А нават калі праігнараваць гэтыя дакумэнты і цалкам паверыць Лукашэнку — то і тады адразу ўзьнікаюць пытаньні: калі грошы ўзятыя не зь бюджэту, то — адкуль? Хто зрабіў Лукашэнку такі шчодры падарунак? А галоўнае — за якія паслугі? І чаму гэтыя дзіўныя фінансавыя апэрацыі памерам у сотні мільёнаў даляраў, якія праварочвае першая асоба дзяржавы, застаюцца закрытымі для грамадзтва?

Гэта ж пытаньне — за якія (калі не бюджэтныя) грошы пабудаваны новы Палац незалежнасьці, турбуе нашага слухача Алеся Радкевіча з Маладэчна. У сваім лісьце ён піша:

«Як жа разумець такую заяву Лукашэнкі? Калі грошы на гэта ўзятыя не з казны — дык адкуль? За кошт «адкатаў»? Ці з пабораў камэрсантаў? Ці з карупцыйных грошай? На Захадзе ў такіх выпадках адразу ж распачынаюць незалежнае расьсьледаваньне, і вінаватага саджаюць за краты.

...Увогуле, падчас нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі перад расейскімі журналістамі Лукашэнка чарговы раз пускаў пыл у вочы, расказваючы пра свае «заслугі». Сьмешна было слухаць пра тое, як ён нібыта ствараў незалежную дзяржаву, як ратаваў народ ад голаду, які ён сумленны і бязьлітасны змагар з карупцыяй... Як жа, памятаем мы байкі пра «чамаданы з кампраматам», пра якія ён расказваў напярэдадні першых выбараў. А як толькі сеў у прэзыдэнцкае крэсла — дык і чамаданы тыя кудысьці зьніклі.

Дзіўная рэч: такое ўражаньне, што ён сам верыць у тое, пра што гаворыць. Але ж гаворыць няпраўду. Якую незалежную дзяржаву ён ствараў? Дзяржаву з усімі атрыбутамі стварылі да яго. І нашмат больш дасканалую, чым пры ім. Ён жа, прыйшоўшы да ўлады, толькі падгроб пад сябе ўсе галіны ўлады ды зьнішчыў іх. Пры гэтым, што адметна, уласнай віны ў шматлікіх эканамічных правалах ніколі не прызнаваў. У яго заўсёды нехта вінаваты — ці вонкавыя сілы, ці ненавісная апазыцыя, ці пакупнікі аўтамабіляў, ці пэнсіянэры, якія скупляюць у абменьніках па 5–10 даляраў.

Можа, гэта пэнсіянэры напярэдадні злачыннай дэвальвацыі 2011 году друкавалі нічым не забясьпечаныя грошы? — пытаецца ў сваім лісьце на Свабоду Алесь Радкевіч з Маладэчна. — Можа, гэта ім патрэбны былі бязглуздыя лядовыя палацы, спартовыя арэны, Дажынкі ды іншыя глупствы, на якія змарнаваныя мільярды і мільярды?

Пасьля тых узрушэньняў да яго нібыта дайшло, чым сканчаецца такая палітыка. Памятаеце, ён загаварыў, што «зряплат» больш ня будзе, што трэба няўхільна трымацца эканамічнага закону, паводле якога прадукцыйнасьць працы павінна апярэджваць рост заробкаў, што трэба ашчаджаць бюджэтныя сродкі... Але мінуў нейкі год — і новае «жэстачайшае» распараджэньне: давесьці сярэдні заробак да тых жа 500 даляраў. І давялі, паводле афіцыйнай статыстыкі, нават да 700. Але за кошт чаго і каго? Вось чытаю вытрымку з публікацыі ў прэзыдэнцкай газэце «Советская Белоруссия» за 15 кастрычніка, на 3-й старонцы: «Цяпер у разьліковым лістку настаўніка значыцца недзе 4 мільёны. Праўда, гэта — у асабліва прэстыжных гімназіях Менску. За кальцавой дарогай, на жаль, два мільёны — звычайная справа. Аклад матэматыка рэгіянальнай школы — 1 600 000, менскага фізрука — 2 500 000.


Нават з гэтай публікацыі ў афіцыйнай газэце бачна, што асноўнай масе народу тыя 720 даляраў, пра якія кажа Лукашэнка, нават ня сьніліся. А прыгожую сярэднюю лічбу яны «намалявалі» вельмі проста: улічыўшы звышвысокія заробкі намэнклятуры — прамысловай, банкаўскай, адміністратыўнай — ды набліжаных да Лукашэнкі лёкаяў і ахоўнікаў. За кошт усіх тых, хто дудзіць з Лукашэнкам у адну дудку. Але і іхныя высокія заробкі — зусім не заробленыя. Пры плянаваным уладамі росьце больш як у 8 працэнтаў рэальна валавы ўнутраны прадукт вырас ледзьве на 1 працэнт. Дый то — дасягнута гэта галоўным чынам за кошт росту складзкіх запасаў нерэалізаванай прадукцыі. Заробкі падвышалі, зноў уключыўшы друкарскі станок. І чаго нам у такім разе чакаць у блізкай будучыні? Правільна, людзі добра памятаюць 2011 год».

Сапраўды, спадар Алесь, пра высокую верагоднасьць чарговай маштабнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты гавораць сёньня многія і многія аўтарытэтныя адмыслоўцы. Увогуле, пры Лукашэнку на працягу ўсіх дваццаці гадоў ягонага кіраваньня беларускі рубель практычна ніколі ня быў цьвёрды і ўстойлівы. Усе суседнія краіны даўно, яшчэ на пачатку ці ў сярэдзіне 90-х гадоў, правялі неабходныя эканамічныя рэформы, збалянсавалі фінансавую сыстэму, перайшлі да стабільнага абменнага курсу сваіх валют — злотага, літа, лата, грыўні, расейскага рубля. А ў Беларусі ледзь ня кожны год — то гіпэрінфляцыя, то дэвальвацыя. І ўсё з глыбокім ідэалягічным абгрунтаваньнем: маўляў, мы шокавай тэрапіі не дапусьцім... А ў рэчаіснасьці — той жа шок, толькі не імгненны, а расьцягнуты на два дзесяцігодзьдзі.

І на заканчэньне — кароткі ліст-рэпліка ад Міхаіла Іванова з Магілёва. Слухач пільна сачыў за нядаўнім наведваньнем Лукашэнкам Магілёўскага ўнівэрсытэту — колішняга пэдінстытуту, у якім будучы кіраўнік дзяржавы вучыўся на пачатку 70-х гадоў. Вось што непрыемна ўразіла спадара Іванова (цытую ліст):

«Не пасьпела нейкая ўсхваляваная студэнтачка і пару слоў сказаць — а Лукашэнка ўжо яе перабівае. Ды яшчэ і адсталым чалавекам абазваў. Пасьля гэтага ніхто з тых дзяцей, якія сядзелі ў залі, і рота не раскрыў.

І што гэта за стыль зносін? Такую непавагу да суразмоўцаў Лукашэнка дэманструе досыць часта. Відаць, лічыць, што толькі ён можа ўсіх вучыць, усім рабіць заўвагі, з усіх насьміхацца... Калі ж нарэшце знойдзецца той, хто і яго асячэ?»
.

Так, спадар Міхаіл, Аляксандар Лукашэнка, зважаючы на свой багаты прэзыдэнцкі досьвед, у аўдыторыі падначаленых суграмадзянаў пачуваецца надзвычай разьняволена і паводзіць сябе вальяжна. Нядаўна вось нават уласны народ ня надта абачліва назваў «народцам»...

Асобаў, якія б наважыліся публічна пацьвельвацца з Лукашэнкі, гледзячы яму ў вочы, у сёньняшняй Беларусі, бадай, няма. Але гэта ня значыць, што іх няма ўвогуле. Памятаеце эпізод падчас нядаўняга саміту СНД у Менску, калі, адказваючы на заўвагу Назарбаева пра перабоі ў працы мікрафона, Лукашэнка сказаў:

«Працуе ўсё! Тут кіруецца, за сьценкай».

І тут жа пачуў зьнішчальны жарт Пуціна:

«У засьценках усё кіруецца ў Аляксандра Рыгоравіча».

Лукашэнка зрабіў выгляд, што жарту не заўважыў, хоць тое, што гэты эпізод потым ня трапіў у ніводзін афіцыйны сродак масавай інфармацыі — сьведчыць пра многае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG