Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Гаспадарыць гэтая ўлада так, што грошай ні на што не стае…»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

«Колькі яшчэ часу Аляксандар Лукашэнка будзе прэзыдэнтам?» — на гэтае пытаньне спрабуюць адказаць многія аўтары допісаў. Вось і наш слухач Міхаіл Леках з Латвіі, з Рыгі, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, пачуўшы нядаўна па Свабодзе апытаньне на гэтую тэму, даслаў у рэдакцыю ўласны варыянт адказу.

Спадар Міхаіл піша:

«Адказ тут на паверхні, ён відавочны. Асабліва для такіх людзей, як я, хто добра ведае рэальнае жыцьцё ў сучаснай Латвійскай Рэспубліцы і мае магчымасьць параўноўваць яго з сацыяльна-эканамічным становішчам Беларусі.

Дык вось, цяперашняе жыцьцё ў большасьці жыхароў Латвіі ня проста цяжкае, яно — катастрафічнае. І людзі ў адказ на гэта галасуюць нагамі: уцякаюць з так званай „свабоднай і дэмакратычнай“ Латвіі. Толькі за апошнія гады на працу з Латвіі ў краіны Заходняй Эўропы (пераважна ў Вялікабрытанію) зьехалі прыблізна 250 тысяч чалавек. А гэта ж найбольш працавітыя і прадпрымальныя людзі, больш за 10 працэнтаў насельніцтва краіны.

У Беларусі, наколькі я ведаю, ніхто нікога гвалтам ня ўтрымлівае: едзь куды хочаш. Але ж там такіх уцёкаў людзей на заробкі ў іншыя краіны няма. Мяркую, што ў бліжэйшыя гады і ня будзе.

Адна з прычынаў, чаму так адбылося, — у тым, што новымі так званымі „дэмакратычнымі“ ўладамі (ці пры іхным патураньні) Латвія была разрабавана. У выніку ў нашай маленькай краіне зьявілася каля тысячы валютных мільянэраў. Але адначасова з гэтым была зьнішчана рэальная вытворчасьць. Вось толькі адзін канкрэтны прыклад. Раней у нас дзейнічалі чатыры цукровыя заводы. Сёньня не засталося ніводнага. Да чаго гэта прывяло? Да таго, што цукар каштуе даражэй, чым у багатых заходнеэўрапейскіх краінах. І гэта зразумела: яго ж трэба недзе купіць, прывезьці, упакаваць…

А вось прэзыдэнт Лукашэнка не дазволіў разрабаваць краіну і разбурыць прамысловасьць ды сельскую гаспадарку. Узяць хоць бы той жа цукар. Наколькі я ведаю, беларускія заводы забясьпечваюць цудоўным бураковым цукрам ня толькі сваю краіну, але прадаюць вялікую колькасьць за мяжу.

І так ва ўсім. Таму асабіста я ня маю сумневу, што Аляксандар Рыгоравіч пераможа на любых выбарах пад любым міжнародным кантролем».

Давядзецца вас расчараваць, спадар Міхаіл. Калі вы верыце афіцыйнай беларускай статыстыцы, якая сьцьвярджае, што ў Беларусі толькі 0,6 працэнта беспрацоўных, то вы проста ўведзены ў зман. Афіцыйна рэгістравацца на біржы ў Беларусі асаблівага сэнсу няма: дапамога па беспрацоўі складае нешта каля 10 даляраў на месяц. Прычым за гэтыя грошы беспрацоўнага яшчэ і на грамадзкія працы паслаць могуць. Рэальная лічба беспрацоўных зусім іншая. Я тут больш схільны верыць прэм’ер-міністру Мясьніковічу, які нядаўна паведаміў, што ў Беларусі 445 тысяч працаздольнага насельніцтва афіцыйна нідзе не працуюць, а значыць, ня плоцяць падаткі і ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны. 445 тысяч — гэта таксама прыблізна 10 працэнтаў працаздольнага насельніцтва краіны — як і ў вас у Латвіі, спадар Міхаіл. Так што, як бачыце, асаблівымі дасягненьнямі рэжым Лукашэнкі тут пахваліцца ня можа. Ні для кога не сакрэт і тое, чым займаюцца гэтыя сотні тысяч працаздольных людзей. Працуюць мулярамі, тынкоўшчыкамі, вадзіцелямі, міліцыянтамі, мэдыкамі — але, натуральна, не ў Вялікабрытаніі, як латышы, бо атрымаць працоўную брытанскую візу беларусам маларэальна — а ў Падмаскоўі, у Цюмені, у Санкт-Пецярбургу і ў дзясятках іншых расейскіх гарадоў. Зьява, дарэчы, набыла такія маштабы, што беларускія ўлады хочуць увесьці падатак на гэтых фармальна — беспрацоўных, а фактычна — гастарбайтэраў.

Што да вашай, спадар Міхаіл, упэўненасьці ў перамозе Лукашэнкі на любых выбарах пад любым міжнародным кантролем. Відавочна, у беларускай улады на гэты конт зусім іншы пункт погляду. Бо ня тое што «любога міжнароднага кантролю» — нават унутранае незалежнае назіраньне і сацыялягічныя апытаньні на выхадзе з выбарчых участкаў у Беларусі ці моцна абмежаваныя, ці ўвогуле забароненыя.

✉ ✉ ✉

Пра тое, чаму аўтарытарны рэжым у Беларусі такі даўгавечны, разважае ў сваім лісьце Аляксей Сініцкі зь Менску:

«Раней у мяне былі нейкія спадзяваньні на хуткія зьмены. Думалася: вось зараз пачнецца выбарчая кампанія, народ прачнецца, ачомаецца, азірнецца наўкол… Ці вось яшчэ на эканамічную сытуацыю я спадзяваўся. Як жа так: у тры разы беларускі рубель абясцэніўся. Мільёны людзей праз гэта пацярпелі. Нас прымусілі запісвацца ў чэргі, каб набыць нейкія дзесяць даляраў. Абясцэнілі нашы рублёвыя зьберажэньні… Ну які народ будзе цярпець такую бяздарную эканамічную палітыку, такі зьдзек?

Але ж і цярпелі, і цярпім. І нішто ня сьведчыць пра тое, што перастанем цярпець.
Цярпелі, і цярпім. І нішто ня сьведчыць пра тое, што перастанем цярпець
Вось цяпер набліжаецца чарговая дэвальвацыя. Гаспадарыць гэтая ўлада так, што грошай ні на што не стае. Выйсьці ў яе цяпер два: альбо зноў пачаць бескантрольна друкаваць свае рублі — тады ўсё паўторыцца дакладна так, як два гады таму; альбо — выціснуць зь людзей апошнія сокі, падняць на ўсё кошты, павыкідаць працоўных на вуліцу. Ня ведаю, які сцэнар будзе абраны, але ў любым выпадку ніякай палёгкі і паляпшэньня не прадбачыцца. Самае жахлівае асабіста для мяне — ня гэтыя цяжкасьці і выпрабаваньні (іх можна перажыць, перацярпець). Самае жахлівае — што гэтай уладзе ўсё зноў, як заўсёды, сыдзе з рук. Ніякай адказнасьці за сваю бяздарную палітыку яна не панясе. А ўся ейная так званая „дзейнасьць“ зноў будзе накіраваная толькі на адну мэту: нікому не аддаць уладу, заставацца ля гэтага карыта бясконца доўга…

У сувязі з гэтым апошнім часам усё часьцей думаю пра тое, што адзінае выйсьце для чалавека, які хоча свабоды — гэта эміграцыя».

Так, спадар Аляксей, шмат у чым вашыя развагі бясспрэчныя. У прыватнасьці, ужо відавочна, што ўлада любымі шляхамі спрабуе пазьбегнуць паўтору дэвальвацыйнага сцэнару 2011-га году, і таму абрала іншы варыянт ратаваньня бюджэту — за кошт кішэняў і лёсаў уласных грамадзянаў. Кампанія, якую чыноўнікі цынічна называюць «аптымізацыяй», пакідае бяз працы дзесяткі тысяч людзей. Беларусь стала сумнеўным лідэрам па росту коштаў і тарыфаў ня толькі сярод эўрапейскіх краін, але і ў СНД. Нарэшце, вынайдзены яшчэ адзін спосаб пабораў, якога ў Беларусі да Лукашэнкі не было: у сотні разоў падвышаны памеры адміністратыўных штрафаў. Цяпер гэтыя спагнаньні фактычна ніяк не суадносяцца з памерамі рэальных даходаў беларусаў. Ня там лавіў рыбу? Не туды пайшоў на паляваньне? Перавысіў хуткасьць, кіруючы аўтамабілем? Штрафы за гэта ды іншае вымяраюцца цяпер часта мільёнамі і мільёнамі рублёў…

Так, спадар Аляксей, многія маладыя, энэргічныя людзі, якія хочуць жыць у свабодным сьвеце, выбіраюць у такіх умовах эміграцыю. Гэта — справа асабістага выбару. Хоць зусім відавочна, што ўцёкі з радзімы могуць быць выйсьцем далёка не для ўсіх.

✉ ✉ ✉

На праблемы інвалідаў зьвяртае ўвагу ў сваім лісьце на Свабоду Андрэй Савіцкі са Смаргоні:

«У перадачы „Контуры“ на дзяржаўным тэлебачаньні адзін з высокапастаўленых урадавых чыноўнікаў заявіў, што тыя інваліды, якія маюць працоўныя рэкамэндацыі мэдыкаў, павінны ўладкавацца на працу. Хто ж супраць? Але ўся справа ў тым, што такая працоўная рэкамэндацыя зусім не абавязвае працадаўцу прымаць інваліда.

А пражыць на 2 мільёны рублёў сёньня вельмі і вельмі складана…

Няхай быў бы закон, які б даваў наймальніку ільготы ў выпадку, калі ён бярэ на працу інваліда. Упэўнены, што ў такім выпадку праблемаў стала б значна меней — і для інвалідаў, і для дзяржавы».

Такія льготы заканадаўствам прадугледжаныя, спадар Андрэй. Праблема, аднак, у тым, што, каб скарыстацца імі, працадаўца павінен выканаць надта ж складаныя ўмовы. У прыватнасьці, патрабуецца, каб больш як палова працаўнікоў прадпрыемства ці ўстановы мелі адну са ступеняў інваліднасьці. Вельмі часта гэта проста нерэальна.

✉ ✉ ✉

І на заканчэньне — фрагмэнт зь ліста Аляксея Літвінчыка зь вёскі Дзешкавічы Зэльвенскага раёну:

«Патрыёты Беларусі — гэта зусім ня тыя асобы, якія ў вас на радыё так сябе называюць. Сапраўдны беларускі патрыёт сёньня — гэта беларускі салдат, які каторы дзень мокне ў акопе з гранатамётам у руках на Госкім, Абуз-Лясноўскім палігонах, пад Калінінградам ды ў іншых месцах, куды Радзіма пашле».

Спрэчкі пра тое, хто можа называць сябе беларускім патрыётам, ня маюць асаблівага сэнсу, спадар Літвінчык. Надта ж размытае само паняцьце патрыятызму. Дый гісторыя шмат разоў давала прыклады таго, што гучней за ўсё публічна клянуцца ў любові да радзімы тыя, хто гатовы здрадзіць ёй пры першых жа сур’ёзных выпрабаваньнях.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG