Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ільнозавод закрылі, мэблевую фабрыку зьнішчылі, інструмэнтальны працуе напаўсілы…»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Як зьмянілася вонкавае аблічча Беларусі за два дзесяцігодзьдзі незалежнасьці? Тыя людзі, якія даўно не былі ў краіне, адказваючы на гэтае пытаньне, звычайна зьвяртаюць увагу на большы парадак і дагледжанасьць гарадзкіх вуліц, на новыя сучасныя будынкі. А вось карэнныя беларусы (асабліва тыя, хто жыве ў невялікіх гарадах) схільныя акцэнтаваць увагу на іншых зьменах.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Наш даўні слухач і аўтар Сяргей Кобрынскі з Кобрына, разважаючы пра тое, як зьмяніўся родны горад з часу прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, піша:

«З сумам назіраю, як паступова адбываецца зьнішчэньне прамысловасьці ў нашым горадзе. Няма ўжо ў Кобрыне льнозаводу. Закрыўся пладова-кансэрвавы завод, які праіснаваў 60 гадоў. Напаўсілы працуе інструмэнтальны… Няма ўжо і мэблевай фабрыкі.

Увогуле, у заняпадзе і многія іншыя аб’екты, якія ня так даўно ажыўлялі горад. Калісьці было ў Кобрыне ажно сем вайсковых часьцей — не засталося ніводнай. Практычна зьнішчана сыстэма бытавога абслугоўваньня: усё стала такім дарагім, што папросту зьніклі кліенты.

Засталіся толькі тры прафэсійна-тэхнічныя вучэльні (будаўнікоў, сацыяльнага абслугоўваньня ды мастацкіх промыслаў, дзе вучаць разьбе па дрэве ды розным кустарным вырабам). Ні тэхнікумаў, ні ВНУ ў Кобрыне няма. Адпаведна, і моладзі мала. У калгасах ніхто ня хоча працаваць: заробкі ніякія, адсутнасьць пэрспэктыў, неўладкаванасьць. Гадамі такое дзеецца — і ніякіх зьменаў. Дзе тую праўду шукаць?

…Русыфікацыя ў нас фактычна пасьпяхова завяршаецца. Усе шыльды на крамах, назвы вуліц — па-расейску. На расейскай мове прывыклі размаўляць і людзі. Загаворыш па-беларуску — дык на цябе глядзяць як на іншаплянэтніка. Некаторыя падсьмейваюцца, іранізуюць. Ужо фактычна няма каму і вучыць беларускай мове.

Усе чыноўнікі ў райвыканкаме таксама гавораць толькі па-расейску. Але галоўнае нават ня гэта. Працы іхнай увогуле ня бачна. Ім бы толькі сядзець у сваіх кабінэтах, смачна есьці ды мякка спаць… А што мы зь імі можам зрабіць? Не пайсьці на выбары? Дык яны ўсё роўна абвесьцяць пераможцам таго, хто ім патрэбен — незалежна ад таго, як мы прагаласуем і ці будзем галасаваць увогуле. Вельмі мала просты чалавек можа зрабіць у такой сытуацыі. А шкада…».

Просты чалавек можа многае зрабіць у тым выпадку, калі ўсьвядоміць, што чыноўнікі гэтыя пачнуць служыць яму толькі тады, калі будуць залежаць ад яго — ягонага выбару, ягонай ацэнкі. Калі Лукашэнка на самым пачатку свайго прэзыдэнцтва зьнішчаў асновы мясцовага самакіраваньня, якое тады ў Беларусі толькі нараджалася, усё абгрунтоўвалася інтарэсамі справы. Маўляў, патрэбна жорсткая «вэртыкаль» улады, каб каманды зьверху неадкладна выконваліся — без аглядкі на нейкія там дэмакратычныя працэдуры, без пустых абмеркаваньняў у Саветах. І да чаго ў выніку прыйшлі? «Вэртыкаль» гэтая закасьцянела, слухае толькі каманды зьверху, ад мясцовых людзей ніяк не залежыць і, адпаведна, так і ставіцца да іхных патрэбаў. У выніку ўлада ў асобе выканкамаўскіх начальнікаў — сама па сабе, насельніцтва — само па сабе. Фармальна, праўда, існуе выбарны орган улады — раённы Савет, але фактычна ніякай рэальнай улады ён ня мае. Дый так званых дэпутатаў туды даўно ўжо не выбіраюць, а прызначаюць паводле разнарадкі таго ж райвыканкаму.

✉ ✉ ✉

У гэтыя кастрычніцкія дні многія згадваюць падзеі 25-гадовай даўніны — Дзяды 1988-га году. У тую памятную восень у Беларусі шпаркімі тэмпамі адбывалася фармаваньне новай палітычнай сілы — Беларускага Народнага Фронту. Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў з гэтай нагоды піша:

«Вось ужо чвэрць стагодзьдзя працягваецца блуканьне беларускіх нацыянал-дэмакратаў па лябірынтах часу. Дзяды 1988 году, як і адкрытыя перад тым Курапаты — адна дажджынка, але зусім ня дождж (летувіска-самасьційнага кшталту).

Па вялікім рахунку, зусім не Лукашэнка загнаў Беларусь у Расею, як гэта спрабуюць падаць апанэнты ўлады, а само насельніцтва міжволі ператварыла краіну ў прыбудову Расейскай Фэдэрацыі — у многім якраз з-за дубагаловых дзеяньняў беларускіх нацдэмаў у пэрыяд з ’88-га па ’94-ты гады.
Зусім не Лукашэнка загнаў Беларусь у Расею, як гэта спрабуюць падаць апанэнты ўлады
Дапусьцім, што ад Расеі і трэба было ўцякаць у Эўразьвяз, але якім хітрым спосабам уцякаць? Яўна ж не зь беларускай мовай і апантанай русафобіяй. Важна было знайсьці правільныя ключы да душы беларуса — таго, якім ён склаўся на канец 80-х гадоў.

Быў жа шлях гэткай „расейскамоўнай Фінляндыі“ — з дыстанцыяй ад Расеі на ўзроўні Ўкраіны, Малдовы, Грузіі… Усяго і патрабавалася — уступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, Раду Эўропы, займець бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам. І пры ўсім гэтым культываваць у дзяржаве правільны беларускі патрыятызм на грунце расейскай мовы і сучаснай глябалізаванай культуры.

Таму па факце падзеі 1988-га году (Дзяды і Курапаты) — гэта пэўны сымбаль, мэнтальна-гістарычны помнік авантурызму і тугадумству Пазьняка ды ягоных набліжаных. А ўсё магло быць зусім іначай…».

У сваіх развагах, спадар Марціновіч, вы забылі адзначыць, што Зянон Пазьняк і БНФ, які ён узначальваў, не былі пры ўладзе ні пры канцы 80-х гадоў, ні ў 90-я (адрозна ад народных франтоў у краінах Балтыі)… Таму, прынамсі, дзіўна дакараць іх за тое, што яны не дамагліся ўступленьня Беларусі ў Раду Эўропы ці Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Можна таксама нагадаць, што на пачатку 90-х у Беларусі зьявілася нямала палітычных партыяў ды іншых грамадзкіх арганізацыяў, якія спрабавалі завабіць беларусаў пад свае сьцягі, карыстаючыся якраз тымі ідэямі, якія вы, спадар Марціновіч, агучылі ў сваім лісьце. І на праблемах беларускай мовы яны ўвагі не акцэнтавалі, і з Расеяй прапаноўвалі сябраваць, і з Эўразьвязам цесныя стасункі наладжваць, і лібэральныя каштоўнасьці падтрымлівалі… Але нешта ніводная з тых партыяў і суполак так і ня стала ўплывовай палітычнай сілай…

✉ ✉ ✉

Аляксей Былінскі з Рэчыцы ў сваім новым лісьце на Свабоду разважае, сярод іншага, пра масавае зьнішчэньне ў сельскай мясцовасьці парожніх хат, якое ўлады абгрунтоўваюць так званым «навядзеньнем парадку на зямлі»:

«На канец мінулага году толькі ў нашым Рэчыцкім раёне зьнесена 1660 такіх абязьлюдзелых дамоў, хоць у большасьці выпадкаў у іх ёсьць гаспадары: гарадзкія дзеці і ўнукі памерлых вяскоўцаў. Кошт зносу аднаго дома — ад двух да шасьці мільёнаў рублёў. Памножце гэтыя лічбы на колькасьць раёнаў у Беларусі: атрымаюцца вялізныя сумы.

Размова ідзе пра знос хатаў, пабудаваных нашымі бацькамі і дзядамі ў цяжкія пасьляваенныя гады, калі людзі працавалі, як кажуць дэмакраты, „за палачкі“. Цяпер атрымліваем нібыта мільёны, але грошай на рамонт і аднаўленьне бацькоўскага жытла няма. Чаму? Ну вось сярэдняя пэнсія — нешта каля двух мільёнаў. Пасьля аплаты за камунальныя паслугі, электраэнэргію, газ, тэлефон, лекі, праезд у аўтобусе, дробны шырспажыў — застаюцца нейкія капейкі на сьціплае харчаваньне. Дзе тут выкраіш на рамонт хаты ці хоць бы плота, калі кубічны мэтар абразной дошкі каштуе паўтара мільёна рублёў, а бутэлька шкіпінару (разбаўляльніка) — сорак тысяч?
Я б прапанаваў нашым уладам запрасіць сюды з Балканскай паўвыспы славянскіх перасяленцаў
Цяперашняя ўлада не забясьпечыла вэтэранам нармальнае людзкае існаваньне, і таму мы зь нецярпеньнем чакаем, калі яна нарэшце сыдзе.

…І ўсё ж вельмі ня хочацца, каб разбураліся гэтыя працятыя чалавечым духам сьцены і зарасталі травой палітыя потам невялікія кавалкі зямлі, на якіх жылі нашы бацькі і дзяды, на якіх гадаваліся мы. Я б прапанаваў нашым уладам запрасіць сюды з Балканскай паўвыспы славянскіх перасяленцаў, якія з розных прычынаў жадаюць пакінуць сваю радзіму. Вырашылася б і дэмаграфічная праблема, і старыя хаты разбураць не спатрэбілася б».

Думаю, спадар Аляксей, ідэя гэтая на сёньняшні дзень нежыцьцяздольная. Эміграцыя з балканскіх краін, сапраўды, значная, але напрамак яе аднабаковы — у Заходнюю Эўропу і ЗША. Сёньняшні ўзровень жыцьця ў Беларусі ня можа быць заманлівым ні для сэрбаў, ні для македонцаў, ні для баўгараў, ні тым больш для харватаў ці славенцаў. Гнілымі вясковымі хаткамі ды занядбанымі калгаснымі землямі перасяленцаў адтуль не завабіш. Аляксандар Лукашэнка, праўда, ужо ня раз заводзіў размову пра тое, што Беларусь магла б прыняць на жыхарства ледзь ня 10 мільёнаў мігрантаў. Але хто можа адклікнуцца на гэты заклік? Хіба што безьзямельныя кітайцы ці жыхары перанаселенай Банглядэш…

✉ ✉ ✉

На заканчэньне — ліст ад Уладзімера Лапаціна зь вёскі Пціч Менскага раёну — з развагамі пра лёс беларускай мовы і нацыі, з заўвагамі наконт працы Беларускай Свабоды:

«Амаль сорак гадоў мяне розным чынам русыфікавалі — спачатку падчас вучобы, потым — калі служыў у савецкай арміі. Але вось я выйшаў на пэнсію. Стаў слухаць беларускую праграму Радыё Свабода. Пачаў чытаць творы Караткевіча, Быкава, іншых беларускіх пісьменьнікаў. І моцна задумаўся пра тое, што адбылося з нашай мовай і хто ў гэтым вінаваты.

Гады тры таму ў перадачы „Сымбаль веры“ пачуў, як сьвятары розных канфэсіяў абмяркоўвалі пытаньне пераходу народу на іншую мову. Выснова была наступная: кожнаму народу Бог даў мову, і выракацца яе — ня проста грэх, а — сьмяротны грэх.
Часта думаю, што, можа, і чарнобыльская бяда — пакараньне за абыякавасьць беларусаў да лёсу дадзенай ім Богам мовы
Часта думаю, што, можа, і чарнобыльская бяда — пакараньне за абыякавасьць беларусаў да лёсу дадзенай ім Богам мовы. Можа, не выпадковы і той палітычны Чарнобыль, які мы перажываем цяпер.

Апошнім часам зацікавіўся сваім радаводам. У плянах — усталяваць на магілах продкаў (дзядуль, бабуль, а таксама прадзедаў ды іншых сваякоў) жалезныя крыжы з шыльдачкамі на беларускай мове.

Вялікі дзякуй вам за тое, што вы працуеце на Беларусь, на беларушчыну. З генэтычна мадыфікаванага манкурта-беларуса я адчуў сябе прадстаўніком народу з тысячагадовай гісторыяй — сапраўдным эўрапейцам».

Прыемна чытаць такія словы, спадар Уладзімер. Посьпехаў вам у вашых пачынаньнях. У тым ліку і датычна парадкаваньня магіл продкаў. Выгляд і стан могілак у большасьці беларускіх паселішчаў — гэта ўвогуле вялікая праблема і для грамадзтва, і для дзяржавы. Справа, вядома ж, ня толькі ў тым, на якой мове надпісы на надмагільлях… Калі б па-іншаму людзі ставіліся да памяці сваіх папярэднікаў — магчыма, іншай была б і сёньняшняя Беларусь, і моўная сытуацыя ў ёй.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG