Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці. Уладзімер Дацкевіч


Уладзімер Дацкевіч
Уладзімер Дацкевіч
Сёньня ў Камянюках, што ў Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці, пахавалі Ўладзімера Дацкевіча. Эколяг, дасьледчык Белавескай пушчы памёр на 83-м годзе 22 лістапада.

Уладзімер Дацкевіч вядомы як адзін зь першых беларускіх эколягаў, што выступіў за правядзеньне Міжнароднай экспэртызы парушэньняў у Белавескай пушчы.

Кандыдат біялягічных навук Георгі Казулька кажа, што менавіта Ўладзімер Дацкевіч заявіў уголас, што Белавеская пушча раскрадаецца чыноўнікамі і не адпавядае статусу тэрыторыі, якая асабліва ахоўваецца:

«Для Белавескай пушчы гэта быў унікальны чалавек. Такіх вельмі мала ў пушчы. Ён сапраўды пушчанец. У пушчы вельмі шмат людзей жыве, кожны зь іх па-свойму любіць пушчу. А Ўладзімер Апанасавіч любіў, кахаў Белавескую пушчу. Гэта былі асабістыя адносіны чалавека, які ня толькі яе ведаў, але ў яго быў такі маштабны падыход. Сваёй душой ён пакрываў усю пушчу, ён яе адчуваў».

Уладзімер Дацкевіч настойваў на спыненьні ўсялякіх гаспадарчых працаў у запаведніку. Віскулёўскі палац, паводле Ўладзімера Дацкевіча, неабходна перадаць студэнтам прыродазнаўчых факультэтаў краіны і сьвету, якія б вялі тут экалягічныя дасьледаваньні.

Уладзімер Дацкевіч — аўтар многіх дасьледаваньняў і манаграфій. Ён былы загадчык і адзін са стваральнікаў мясцовага Музэю прыроды. Да жалю, Уладзімер Апанасавіч не прычакаў сваёй новай кнігі, кажа вядомы беларускі эколяг Валеры Дранчук:

«Найлепшым помнікам і вянком памяці Ўладзімера Дацкевіча будзе ягоная кніжка, якая падрыхтавана да друку. Пра гэтую кнігу можна сказаць адно — гэта цуд праўды. Перш-наперш тое, што Белавеская пушча страчвае, яна на сёньняшні дзень апустыньваецца, выбіваньне гэтага багацьця дзеля прыбытку. Вельмі адэкватная праўда. Гэта сапраўдная праўда і дзеля яе, мне здаецца, пражыў сваё жыцьцё Уладзімер Дацкевіч».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG