Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Белавеская пушча: з польскага боку стаіць нечапаны лес і цішыня, зь беларускага боку – гудуць лесавозы


Міхась Скобла, Менск (эфір 6 лютага) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. У гасьцях - Валеры Дранчук.

Нядаўна мне давялося пабываць у Белавескай пушчы па абодва бакі беларуска-польскай мяжы. У Польшчы, у ваколіцах Гайнаўкі, стаіць нечапаны лес, цішыня — як у космасе. Зь беларускага боку гудуць лесавозы, ахоўнік у Камянюках ледзь пасьпявае падымаць шлягбаўм і запісваць вывезеныя кубамэтры. Глядзець на падобнае было нязвыкла і балюча. Зь якога часу ў Белавежы ідзе гэты лесапавал? З гэтага пытаньня пачалася нашая гутарка з рэдактарам газэты “Белавеская пушча”, кіраўніком грамадзкай экалягічнай ініцыятывы “TERRA-Канвэнцыя” Валерыем Дранчуком.

(Валеры Дранчук: ) “Для мяне гэта ня новыя ўражаньні. Цягам апошніх гадоў я вяртаюся зь Белавескай пушчы зь цяжкімі думкамі й высновамі. Пачаўся гэты “беспредел” у пушчы даўно — і невядома калі скончыцца. А вось прасьвету наперадзе ў нас няма. На вялікі жаль”.

(Міхась Скобла: ) “Давайце ня будзем пачынаць гутарку з чорнага пэсымізму. Мяне вось што трывожыць: ці не існуе для Эўропы, для ЮНЭСКА як бы дзьве пушчы? Першая — польская, біясфэрны запаведнік, найстарэйшы на мацерыку лес, і беларуская, дзе творыцца невядома што?”

(Дранчук: ) “Такой пагрозы я ня бачу. Таму што Эўропа была і будзе зацікаўленая ў паляпшэньні сытуацыі ў Белавескай пушчы на беларускім баку. Іншая справа, наколькі грамадзтва гэтаму спрыяе. Калі я прыяжджаю ў пушчу, першае, што адчуваю, — гэта суцэльныя кардоны. Мяне не пускаюць, ладзяцца за мной пагоні, мяне затрымліваюць і дастаўляюць на пагранзаставу. Такім чынам, я, як журналіст, сёньня не магу працаваць у Белавескай пушчы, не магу адсочваць там сытуацыю, каб рабіць публічна тыя параўнаньні, якія толькі што зрабілі вы.

У 1997 годзе Рада Эўропы надала Белавескай пушчы Дыплём Эўропы. І сёньня я мушу сказаць, што Беларусь не выконвае ўмоваў і рэкамэндацыяў гэтага Дыплёму. Ён, дарэчы, мудры сам па сабе. Рада Эўропы як бы заахвочвае і стымулюе прыродаахоўную дзейнасьць. Але такой дзейнасьці ў пушчы Беларусь не дэманструе. Якая сытуацыя там сёньня? У пушчы вядзецца жорсткая эксплюатацыя лесу, там не захоўваецца цывілізаванае стаўленьне да запаведнай тэрыторыі. Любая праўда, якая не дае намэнклятуры замятаць сьляды сваіх злачынстваў у Белавескай пушчы, хаваецца пад сукно”.

(Скобла: ) “Неяк дзіка гучыць: эксплюатацыя лесу. Стоячы на кантрольна-прапускным пункце і праводзячы вачыма ўчадзелыя ад уласных выхлапаў “МАЗы”, я спрабаваў разгаварыць начальніка КПП. Але яго адказы былі ляканічныя і зводзіліся да двух пунктаў: 1) Мы ўсе тут “гасударавы людзі”, выконваем распараджэньні; 2) З пушчы вывозіцца натуральны адпад — гэта каля 200 тысяч кубамэтраў драўніны. Такім чынам, паводле яго словаў, у пушчы гаспадараць не лесарубы, а санітары лесу. А што вы скажаце наконт такой санітарыі?”

(Дранчук: ) “Гэты колькасны падыход вельмі часта навязваюць мясцовыя пушчанскія начальнікі на прэсавых канфэрэнцыях, называюць гэтыя кубамэтры і г.д. А нас павінны цікавіць якасныя падыходы. Прычым тут тыя кубамэтры, столькі высеклі, столькі засталося…Белавеская пушча — гэта біясфэрны запаведнік усясьветнага значэньня, гэта усясьветная спадчына! Вось ад якіх крытэраў трэба ісьці. Трэба выконваць міжнародныя канвэнцыі, якія падпісала наша краіна, — Канвэнцыю аб біялягічнай разнастайнасьці, Парыскую канвэнцыю аб усясьветнай прыроднай спадчыне… Можна яшчэ шэраг дакумэнтаў назваць, паводле якіх павінна існаваць гэтая тэрыторыя. А нам навязваюць колькасны падыход: столькі сьпілавалі, столькі пасадзілі… Гэта ўсё для таго, каб завесьці грамадзкую думку ў зман.

Я нядаўна разгаварыўся зь цікавым чалавекам, які выконвае палявыя працы, з гэтак званым таксатарам — лесаўладкавальнікам. І я спытаўся ў яго: ці назіралі вы ў пушчы той разбой, пра які мы ўсе начутыя? І ён пацьвердзіў: так, сосны ў два абхваты, якія зьяўляюцца несумненным генафондам лесу, высякаюцца! Высякаюцца, расьпілоўваюцца, пакуюцца і вывозяцца ў невядомым кірунку. І таму мы павінны ствараць прэцэндэнт праўды, якую хаваюць ад нас намэнклятуршчыкі ад навукі, ад ураду і г.д. Калі яны нешта і гавораць, то робяць гэта вельмі прытоена”.

(Скобла: ) “Белавеская пушча — унікальны помнік прыроды, які павінен ня толькі ахоўвацца, але і вывучацца. І я вырашыў пацікавіцца, колькі навукоўцаў працуе сёньня ў пушчы? Гаворыць былы намесьнік дырэктара парку па навуковай частцы Георгі Казулька, які жыве ў Камянюках”.

(Георгі Казулька: ) “Пасьля павелічэньня мінулым летам тэрыторыі пушчы ў парку працуе каля 1700 чалавек. Зь іх навукоўцаў — каля дваццаці. З гэтых дваццаці ўсяго два кандыдаты навук, адзін пэнсіянэр, другі — перадпэнсійнага ўзросту. І чалавек 7–8 — зусім маладыя людзі. Ёсьць такая прыказка: калі ў навуцы ўсе старыя, то гэта трагедыя, калі ўсе маладыя — то гэта камэдыя. Тое, што сёньня адбываецца ў навуковым аддзеле “Белавескай пушчы” — гэта трагедыя і камэдыя адначасова”.

(Скобла: ) “А ці ведаеце вы, якая сытуацыя з навуковымі кадрамі на польскім баку?”

(Казулька: ) “У нашых суседзяў-палякаў — палова Белавежы, яны яе таксама вывучаюць. Дык вось, сёньня на тэрыторыі польскай Белавескай пушчы, акрамя невялікага навуковага аддзелу парку, знаходзіцца тры вельмі моцныя навукова-дасьледчыя ўстановы: Геабатанічная станцыя, Інстытут вывучэньня сысуноў і Інстытут лесу. У іх працуе каля ста чалавек. І калі ў нас два кандыдаты навук, то на польскім баку — два акадэмікі, прафэсараў — сем ці восем, дактароў навук — чалавек дваццаць”.

(Скобла: ) “Спадар Георгі, нядаўна Эўрапарлямэнт выдзеліў Белавескай пушчы грант 100 тысяч даляраў. На вашу думку, як найбольш эфэктыўна маглі б быць патрачаныя гэтыя грошы?”

(Казулька: ) “Тут адказ вельмі просты. Найбольш эфэктыўна гэтыя грошы павінны быць укладзеныя на захаваньне пушчы, на разьвіцьцё навуковай базы, турыстыкі, на экалягічную адукацыю. Але мы ўжо маем горкі досьвед аднаго праекту. ГЭФ (Глябальны экалягічны фонд) на пачатку 1990-х гадоў выдзеліў для “Белавескай пушчы” мільён даляраў. Ну й што мы бачым у выніку? Укладзеныя грошы далі вельмі малы эфэкт. Вось у чым справа. Калі разьмеркаваньнем гранту зноў будуць займацца непрафэсіяналы, вынік будзе той самы. Як паказала практыка апошніх сямі-васьмі гадоў, нічога ня зьменіцца, пакуль ня зьменіцца сыстэма кіраваньня ў пушчы. Тыя, хто кіруе пушчай, яны сёньня не зацікаўленыя ў зьменах, таму што яны атрымліваюць ад такога гаспадараньня ўласную выгаду. Сёньня што атрымліваецца? Чалавека, які мае ўласную думку, нягледзячы на яго вопыт і кваліфікацыю, выкідваюць з пушчы за некалькі гадзінаў!”

(Скобла: ) “Вось такая сытуацыя… Калі я слухаў Георгія Казульку, мне прыгадаўся эпізод са “Споведзі” Ларысы Геніюш. Два падлеткі пайшлі ў лес. Адзін глядзіць на высокія сосны і кажа: “Мачты, мачты”, а другі: “Вуглі, вуглі”. Першы стаў матросам, другі — кавалём. Так і ў пушчы: прыйшло туды Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта і бачыць лес у штабэлях, які можна выгодна прадаць. Ці варта чакаць іншага стаўленьня да пушчы ад гаспадарчай структуры?”

(Дранчук: ) “Ня варта. І гэтая заганная сыстэма кіраваньня ўмацоўваецца, прычым умацоўваецца сілавымі мэтадамі. Разумееце, сёньня там сотні звольненых! Гэта вялікая сацыяльная праблема ў пушчы. І гэтай праблемы ня бачаць ні структура АБСЭ, ні прадстаўніцтва ААН, хоць былі звароты соцень людзей зь Белавескай пушчы ў гэтыя арганізацыі”.

(Скобла: ) “Давайце пагаворым пра насельнікаў пушчы. Не прасторныя вальеры мяне ўразілі, не панылы выгляд зуброў, а тое, што яны, магутныя, вялізныя, купаліся ў пяску як… куры. Гэта ўвогуле характэрна для зуброў — купаньне ў пяску?”

(Дранчук: ) “Тут цяжка сказаць, трэба параіцца з зубразнаўцамі. Але я думаю, што паводзіны такія для зуброў нехарактэрныя. Вельмі паважаны мною чалавек, пушчанец Уладзімер Апанасавіч Дацкевіч неяк мне сказаў, што чалавек, які ведае й любіць прыроду, ён будзе заўсёды супраць вальераў. Вальернае знаёмства зь Белавескай пушчай, асабліва для дзетак, якія прыяжджаюць на экскурсію, — гэта трагедыя. Вальер — гэта супраць прыроды. Зубр у натуральных умовах і зубр у вальеры — гэта дзьве вялікія розьніцы.

Нядаўна я па Беларускім радыё чуў інтэрвію дырэктара Інстытуту заалёгіі НАН Беларусі Валерыя Нікіфарава. Ён падкрэсьліў, што “Белавеская пушча была доўга закрытай для грамадзтва, а вось цяпер мы яе адкрываем”. Але адкрыць пушчу людзям — гэта вялікая творчасьць, людзі неабыякавыя, дасьведчаныя і творчыя павінны гэта рабіць. Але такіх у кіраўніцтве паркам няма. Там заселі тыя, якія прыйшлі ўзяць выгаду з пушчы, я іх называю “спраўнікі по бревну”. У іх усе справы “по бревну”, “взять бревно”, прадаць яго й зарабіць вялікія “бабкі” — вось галоўная задача для Кіраўніцтва справаў і для лобі, якое вакол яго створана. Аховы прыроды ў Белавескай пушчы не застаецца. Вось у чым трывога наша”.

(Скобла: ) “Давайце працягнем зубрыную тэму. Нядаўна 10-мэтровы зубр паўстаў пры дарозе Берасьце—Масква. Як вы лічыце, што павінен гаварыць гэты помнік усім, хто праяжджае міма?”

(Дранчук: ) “Увогуле нашая цывілізацыя праяжджае міма прыроды, як людзі міма зубра пад Баранавічамі. Паглядзеў і праехаў міма. А што ты пры гэтым падумаў? Эстэтычнае выкананьне гэтага помніка жадае быць лепшым. Месца добрае знайшлі, ён на высокім пагорку ўстаноўлены, відзён за 7–8 кілямэтраў, маленькай кропачкай, але відзён. А помнік ня вельмі ўдалы. А калі мы зубра абіраем сваім ідэнтытэтам, то і стаўленьне да яго мусіць быць адпаведнае. На марках, на паштоўках мы яго рэдка бачым. Калі я бачу зубра, я думаю пра тое, што зубрыная папуляцыя сёньня хварэе. Я бачу тое, што зубры знаходзяцца ў вельмі неспрыяльных умовах. Белавеская пушча агаляецца, у ёй зьнікаюць ельнікі. Што чакае пушчу ў будучыні? На гэтае балючае пытаньне нашая навука не дае адказу”.

(Скобла: ) “Пакуль я нясьпешна рухаўся ўздоўж вальераў, наўзбоч на вялікай хуткасьці праляцеў картэж іншамарак. Пасьля яго я на асфальце знайшоў раздушанага коламі маленькага вужа”.

(Дранчук: ) “Вам, дарэчы, пашанцавала, гэта быў для вас урок адсутнасьці этыкі. У пушчы пясчаныя дарогі замяняюцца на асфальтныя — гэта першы ўрок антыэтыкі. А тое, што вы ўбачылі — другі, жахлівы ўрок. Пасярод пушчы зрабілі гэтак званую рэзыдэнцыю Дзеда Мароза. І вось чатырнаццаць кілямэтраў па запаведным лесе гоняць “Ікарусы” зь дзецьмі. Кіроўца бачыць зуброў і сыгналіць — глядзіце, вунь зубры. І зубры разьбягаюцца ўроссып пад рогат экскурсантаў. Вось вам прыклад этыкі ў Белавескай пушчы, вось вам той узровень аховы прыроды, які там пануе! Таму Эўрапарлямэнт павінен ведаць, каму яны даюць грошы. І правільна гаворыць спадар Казулька пра неэфэктыўнае ўкладаньне сродкаў. Эўропа павінна адсочваць, хто выконвае заплянаваныя работы”.

(Скобла: ) “Так, павінна. Але глядзіце, якая спакуса атрымліваецца, калі зьвярнуцца да гісторыі. І князь Ягайла паляваў у пушчы, і цар расейскі, і Брэжнеў з Машэравым. І нашы сёньняшнія ўладары думаюць: а чым мы горшыя?”

(Дранчук: ) “Ёсьць такая спакуса, я тут з вамі згодны. У пушчу сапраўды на ровары ня едуць. Дарэчы, мой ровар, калі я прыяжджаю, прымушаюць ставіць на стаянку, а намэнклятуршчыка на іншамарцы прапускаюць, і ён гоніць па пушчы на рыбалку ці на паляваньне. Але тое, што тыя, хто ўладу мае, павінны там паляваць, гэта — стэрэатыпы, зь якімі павінна змагацца грамадзкасьць. Грамадзкасьці таму і не даюць змагацца, таму і не даюць нам прысутнічаць у Белавескай пушчы, таму што яны хочуць, каб гэтыя стэрэатыпы захаваліся. Каб гэтыя вяльможы ад улады ўладарылі ў пушчы, як на сваёй фазэндзе. І яны гэта робяць! І ня толькі робяць, але і разьвіваюць пад сябе адпаведныя інфраструктуры. І калі ў пушчы ня будзе грамадзкага вока, парадку там ніколі ня будзе.

Таму нашая экалягічная ініцыятыва “TERRA-Канвэнцыя” прапануе стварыць пры Белавескай пушчы грамадзкую Назіральную раду. З гэтай прапановай мы зьвярнуліся і ў Раду Эўропы, і ў Эўрапарлямэнт. Нехта ж павінен рабіць экспэртызы таго, што робіцца і будуецца ў пушчы. Бо сёньня ніякіх экспэртызаў ня робіцца. Абвадненьне пачалі рабіць, вадаёмы зьяўляюцца, але ці не пашкодзіць гэта пушчы? Мы проста ня ведаем, дзеля чаго гэта робіцца. Сёньня ўлада гаворыць адно, робіць другое, а мае на мэце трэцяе. Мы сёньня назіраем фэномэн вельмі небясьпечнай улады і небясьпечнага кіраўніцтва на запаведнай тэрыторыі. Пра гэта я і напісаў у сваёй кнізе “Белавеская пушча: рэзалюцыя SOS”, якая нядаўна выйшла ў сьвет”.

(Скобла: ) “Калі я прачытаў гэтую вашу хроніку змаганьня, то зразумеў, чаму многія вашыя паплечнікі, як, прыкладам, акадэмік Віктар Парфёнаў, зьняверыліся ў сваіх сілах у справе абароны пушчы. Там жа сытуацыя проста катастрафічная. Можа, пакуль тая Назіральная рада будзе створаная, зьвярнуць увагу на іншы спосаб? На ўезьдзе ў пушчу стаіць на пастамэнце кулямёт. Нешта накшталт помніка. Я прыглядаўся: не муляж, сапраўдны. Дык можа…”

(Дранчук: ) “Я ўдзячны вам за гэты жарт. (Сьмяецца.) Часам, вядома, хацелася б павярнуць гэты кулямёт у бок адміністрацыі пушчы. Але я, як журналіст, усё ж хацеў бы даваць другія залпы. Мая кніга — гэта таксама залп. Залп галоснасьці, праўды. Ведаеце, калі я хацеў падараваць кнігу ў пушчанскую бібліятэку, то намесьніца дырэктара па навуцы Ганна Дэнгубенка сказала: толькі па пісьмовым дазволе дырэктара! Ну ці не абсурд? Тамтэйшыя спраўнікі “по бревну” больш за ўсё баяцца менавіта залпаў галоснасьці. А наконт кулямёта… Не зусім ён там на сваім месцы, але я б яго пакуль не чапаў. Найбольш эфэктыўная, найбольш дарэчная зброя — слова праўды”.
XS
SM
MD
LG